З новым — у новы навучальны год

Образование

za_partoj_16

У пятніцу ва ўсіх установах адукацыі краіны пачнецца новы навучальны год. Залівісты званок празвініць у тым ліку і для школьнікаў нашага раёна. Напярэдадні гэтай важнай для педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў падзеі карэспандэнт “ПК” сустрэлася з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. Я. КАШЫРЫНЫМ, каб задаць яму некалькі пытанняў.

— Аляксандр Яўгеньевіч, колькі хлопчыкаў і дзяўчынак 1 верасня сядуць на Пастаўшчыне за школьныя парты?

— Па нашых падліках — 3503 школьнікі, сярод іх 366 перша­класнікаў. У параўнанні з мінулым годам колькасць навучэнцаў зменшылася на 20 чалавек. А вось дашкольнікаў у апошні час, наадварот, становіцца больш. І гэта не можа не радаваць. Чакаецца, што ў дзіцячыя сады пойдуць 1250 малышоў. Дзяцей сустрэнуць каля 800 педагогаў: настаўнікаў, выхаваль­нікаў, педагогаў сацыяльных, педагогаў-псіхолагаў — і прыкладна 400 работнікаў тэхнічнага персаналу. У раёне будуць працаваць 37 устаноў адукацыі: 19 агульнаадукацыйных школ, 15 дзіцячых садоў, цэнтр — карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны і раённы цэнтр дзяцей і моладзі.

На вялікі жаль, сёлета закрыліся 5 сельскіх школ. Гэта Палеская базавая школа-сад, Мулярская, Мягунская, Ясеўская базавыя і Ляхаўшчынская пачатковая школа-сад. Іх навучэнцы будуць бясплатна падвозіцца ў бліжэйшыя сярэднія школы. Так, дзеці з Палесся паедуць у Лынтупскую ЯССШ, з Мягун, Муляраў і Ясева — у Камайскую СШ, з Ляхаўшчыны — у Варапаеўскую. Для гэтага за летні перыяд мы дадаткова за кошт сродкаў раённага бюджэту набылі два новыя камфартабельныя школьныя аўтобусы. Адзін з іх прадастаўлены Лынтупскай школе, другі — Варапаеўскай. Такім чынам, у раёне на падвозе будуць задзейнічаны 8 школьных аўтобусаў: па два — у Дунілавіцкай і Лынтупскай школах, тры — у Камайскай і адзін — у Варапаеўскай. Акрамя таго, дзеці будуць падвозіцца яшчэ і прыгараднымі рэйсавымі аўтобусамі АТП №17.

— А які лёс пастаўскіх СШ №4 і №5?

— Пятая школа ў гэтым навучальным годзе заканчвае працаваць у статусе сярэдняй і з наступнага пяройдзе ў разрад базавых. Сёлета мы не набіраем у ёй 10-ы клас. Прычына аб’ектыўная: у мікрараёне будаўнікоў, дзе яна размяшчаецца, з года ў год скарачаецца колькасць маладых сем’яў, а значыць, і дзяцей. Папярэдне там планавалася набраць у 10 клас 10-12 навучэнцаў. Усе яны вызначыліся: частка пойдзе ў трэцюю школу, асноўная маса — у другую. СШ №4 вырашана пакуль пакінуць сярэдняй. Заўважу, што працэс аптымізацыі ідзе не толькі за кошт закрыцця ўстаноў адукацыі, але і за кошт павелічэння напаўняльнасці класаў. Перш за ўсё ў гарадскіх школах, дзе мы набіраем у першыя, пятыя і дзясятыя класы ад 20 і больш навучэнцаў. Канешне, нагрузка на педагогаў узрастае, але гэта патрабаванне часу.

— У сувязі са змяншэннем колькасці школ змяншаецца і армія настаўнікаў?

— Так. Але, нягледзячы на гэта, мы працягваем прымаць маладых спецыялістаў. Сёлета чакаем 10 выпускнікоў вышэйшых і сярэднеспецыяльных педагагічных навучальных устаноў. Усе яны размеркаваны па школах і дзіцячых садах. Адначасова ўшчыльную займаемся перапрацаўладкаваннем педагогаў з закрытых школ. Многія з іх згадзі­ліся прадоўжыць работу ў іншых установах адукацыі раёна, нехта знайшоў яе за межамі Пастаўшчыны. Такім чынам, на сённяшні дзень перапрацаўладкавана каля 40 чалавек. Праўда, ёсць і тыя, каму мы не змаглі прапанаваць прымальныя для іх варыянты. Гэта людзі перадпенсійнага ўзросту, якія маюць уласнае жыллё ў сельскай мясцовасці. Яны пакуль у пошуках работы.

Што да тэхперсаналу, тут сітуацыя намнога складаней, паколькі варыянтаў працаўладкавання на сяле для такіх работнікаў вельмі мала. Але ніхто з іх не застанецца без увагі. Гэты працэс будзе ісці і на наступны год. І ўсе, хто трапіў пад скарачэнне па прычыне ліквідацыі навучальных устаноў, па-ранейшаму будуць мець права атрымаць рабочае месца ў першую чаргу.

— Як установы адукацыі падрыхтаваліся да прыёму дзяцей?

— На працягу лета ва ўсіх вялі­ся рамонтныя работы, якія фінансаваліся з розных крыніц, пераважна з раённага бюджэту. У першую чаргу выдзелены бю­джэтныя грошы на дарагі рамонт дахаў у дзіцячым садзе №1 і СШ №1. На гэтыя мэты зрасходавана больш за 70 тысяч рублёў. Таксама ў чатырох школах — СШ №№1, 2, 3 і 5 — устаноўлены сістэмы відэаназірання. Акрамя таго, працавалі 13 школьных брыгад, якія займаліся ў асноўным касметычным рамонтам. У брыгадах было задзейнічана каля 116 старшакласнікаў. Асвоена 30 439 беларускіх рублёў, заработная плата 1 вучня склала каля 80 рублёў за 2 тыдні. А сродкі для іх выдзеліла ўпраўленне па працы і сацыяльнай абароне райвыканкама. Пасільную дапамогу ў рамонце аказвалі і бацькі. Яшчэ ў першай палове жніўня спецыяльная камісія на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёвым, у складзе якой былі работнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і аддзела адукацыі, спорту і турызму, аб’ехала ўсе школы, дзіцячыя сады і іншыя ўстановы адукацыі раёна і пад­пісала акты прыёмкі.

— У апошні час у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі краіны адбываецца нямала змяненняў: карэкціруюцца школьныя праграмы, выпускныя экзамены і інш. Што новага чакае школьнікаў у гэтым навучальным годзе?

— Найперш зменіцца пачатак работы школ па ўсёй рэспубліцы. Цяпер урокі будуць пачынацца ў 9.00. Але вялікіх праблем у бацькоў навучэнцаў, якім на работу к васьмі раніцы, узнікнуць не па­вінна. Школы таксама будуць адкрыты з 8 гадзін, а дзеці да пачатку заняткаў знаходзіцца пад наглядам педагогаў. Плануем заняць іх рознымі формамі дзейнасці.

Пэўныя змяненні датычаць і асобных прадметаў. У прыватнасці, у інтарэсах навучэнцаў нейкія складаныя тэмы крыху скарачаюцца, спрашчаюцца, пераносяцца на факультатыўныя заняткі. На мінулым тыдні праходзілі прадметныя метадычныя аб’яднанні, на якіх педагогі знаёміліся з тым новым, што ўнесена ў праграмы, змест школьных падручнікаў, метадычныя рэкамендацыі. Таксама на аб’яднаннях мы звярталі іх увагу на тое, што трэба дазіравана даваць школьнікам дамашнія заданні. Нагадалі, што ў першым класе яны наогул не павінны задавацца, а пачынаючы з другога класа — вызначацца настаўнікам перш за ўсё з улікам узроставых і фізіялагічных асаблівасцей дзяцей. Самыя складаныя задачы і тэмы неабходна разбіраць і вывучаць на ўроках. Дома дзеці павінны толькі замацоўваць атрыманыя веды.

Што да прадметных профіляў у школах, колькасці і асаблівасцей правядзення выпускных экзаменаў, яны засталіся ранейшымі. 

— Аляксандр Яўгеньевіч, вашы пажаданні педагогам і навучэнцам на парозе 1 верасня?

— У першую чаргу жадаю здароўя, поспехаў у рабоце і вучобе. Няхай гэты навучальны год прынясе новыя перамогі і здзяйсненні. Педагогам — пабольш разумных вучняў, а дзецям — таленавітых і спагадных настаўнікаў.

Гутарыла Алена ШАПАВАЛАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.