Захаванасць цялятак стопрацэнтная


IMG_1011

Робатызаваны комплекс “Волахі” адкрытага акцыянернага таварыства “Хацілы-агра” — не толькі самая сучасная фабрыка малака, але і першакрыніца ўзнаўлення статка.

У Святланы Малец і Алены Матылёнак (на здымку), якія працуюць тут, вельмі адказныя абавязкі. Яны даглядаюць самых маленькіх цялятак, якія пераводзяцца з радзільнай залы (ёсць і такая на комплексе) у прафілакторый усяго праз пяць гадзін пасля з’яўлення на свет. Як захаваць такую малечу і вырасціць з яе цялушачку, а потым і высокапрадукцыйную карову або бычка высокай вагавой кандыцыі? Для гэтага ў гаспадарцы створаны ўсе ўмовы. Праведзена рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў, распрацавана і пастаянна захоўваецца тэхналогія вырошчвання жывёлы, высокая якасць кармоў.

— Ужо некалькі гадоў у ААТ “Хацілы-агра” праводзіцца толькі штучнае асемяненне ка­роў. Спер­ма­пра­дук­цыю гаспадарка закупляе на Віцебскім дзяржплемпрадпрыемстве. Якасць прыплоду вельмі высокая, — каменціраваў намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксей Аляксеевіч Філімонаў. — Па гэтым пытанні тут нават абласны семінар праводзілі.

Малочнае таксі.
Малочнае таксі.

А ветэрынарны ўрач волахаўскага комплексу Святлана Адамковіч расказвала:

— Пра будучае пагалоўе мы пачынаем клапаціцца яшчэ тады, калі карова знаходзіцца ў сухастойным перыядзе — колем вітаміны, вакцынуем ад інфекцыйных і вірусных захворванняў, і ў цяляці яшчэ ў лоне маці выпрацоўваецца імунітэт. А пасля нараджэння ў першы ж дзень праводзім тры апрацоўкі: уводзім селен, вітамін і прэпарат, які ўмацоўвае лёгачную сістэму.

Але вернемся ў прафілакторый для самых маленькіх жывёлінак. Захаваць іх і падгадаваць да 60 дзён — гэта і ёсць клопат Святланы Малец і Алены Матылёнак. І хоць яны працуюць на гэтым участку нядаўна, паспелі зарэкамендаваць сябе з найлепшага боку. Пад апекай кожнай па 80 гадаванцаў. На працягу 21 сутак іх выпойваюць малаком праз соску. Яго спачатку стэрылізуюць у малочным таксі ўмяшчальнасцю 240 літраў (даводзяць да 60 градусаў, тым самым знішчаючы шкодныя мікробы). Затым прывучаюць цялятак піць з вядзерцаў, прымацаваных да клетак, уводзяць у рацыён спецыяльны камбікорм. Да слова, на таблічцы на кожнай клетцы змешчана інфармацыя пра гадаванца: калі нарадзіўся, якога полу.

IMG_1012

— Няньчымся з імі, як з дзецьмі, — расказвалі. — За два месяцы прывыкаем, нават мянушкі асобным даём. Вельмі хвалюемся, калі каторы захварэе. Але на комплексе вопытны ветурач і лякарствы добрыя.

Калі гадаванцу спаўняецца два месяцы, яго перадаюць на дарошчванне на іншыя фермы, дзе ўмовы ўтрымання і кармлення таксама добрыя, а клетку зойме нованароджанае цялятка. З пачатку года на комплексе ў Волахах з’явіліся 572 цяляці, што на 92 больш, чым за такі перыяд летась. Захаванасць  стопрацэнтная. А ўсяго ў гаспадарцы сёлета атрымана 1190 галоў прыплоду (на 64 больш, чым у мінулым го­дзе). Важкі рэзерв для абнаўлення малочнага статка і вырошчвання мяса.

Фаіна КАСАТКІНА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.