Ахінулі клопатам

Общество

Падарункі ўручаюць прадстаўнікі ваеннага шпіталя А. В. Навуменка і А. К. Гайлюш.
Падарункі ўручаюць прадстаўнікі ваеннага шпіталя А. В. Навуменка і А. К. Гайлюш.

Напярэдадні Дня ведаў дзверы Сацыяльна-педагагічнага цэнтра амаль не зачыняліся — столькі было візітаў даўніх сяброў і спонсараў, якія не толькі рэгулярна аказваюць матэрыяльную падтрымку ўстанове, але і шчодра дзеляцца з яе выхаванцамі дабрынёй сваіх сэрцаў.

У рамках акцыі “Збяром дзяцей у школу” гасцямі цэнтра сталі прадстаўнікі 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, раённага аб’яднання прафсаюзаў і аддзялення ААТ “Беларусбанк” у г. Паставы. Для іх выхаванцы прытулку падрыхтавалі невялічкую канцэртную праграму, падчас якой дэкламавалі вершы на школьную тэматыку.

Пасля лірычнага адступлення адбылося знаёмства. Гасцей прадставіла дырэктар Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Наталля Віктараўна Селіванава. Яны па чарзе віншавалі дзяцей, уручалі падарункі, успаміналі свае школьныя гады, жадалі поспехаў у вучобе, выдатных адзнак, новых адкрыццяў і вясёлых прыгод. А галоўнае — каб знаходжанне ў прытулку было камфортным, але часовым і каб у хуткім часе ўсе вярнуліся ў сем’і, дзе іх чакалі б клапатлівыя бацькі.

IMG_6440

Зараз у прытулку знаходзяцца дванаццаць дзяцей, пяць з іх — школьнікі. Сёлета ўпершыню сядзе за парту шасцігадовы Вова. Каб гэта падзея стала для хлопчыка незабыўнай, прадстаўнікі шпіталя падрыхтавалі для яго асобны падарунак і пажадалі ў будучым стаць ваенным урачом. Таксама падчас сустрэчы дамовіліся, што ўсе выхаванцы ўстановы, па паказаннях педыятра, будуць праходзіць у шпіталі медыцынскую рэабілітацыю (фізіяпрацэдуры).

— Для дзяцей шчасце адзець новую школьную форму, персанальна падабраную кожнаму, прадэманстраваць стрыжкі, скласці ў партфелі пісьмовыя прылады, — гаварыла Наталля Віктараўна. — Вя­лікае дзякуй за гэта прадпрымальнікам А. Шульскай, Л. Курыловіч, С. Грыбаву, А. Ясінскай, пастаўчанкам А. і Н. Базелевым, прыхаджанам храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца, прадстаўнікам райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, райспажыўтаварыства, Белаграпрамбанка, раённага Дома культуры і нашым сённяшнім гасцям.

Дзякуючы спонсарам, у прытулку з’явілі­ся новае адзенне, канцылярскія прылады, посуд, сродкі гігіены, ручнікі, прысмакі і нават душавая кабінка на агульную суму каля дзвюх тысяч рублёў. А лялечны тэатр “Вытварашкі” раённага Дома культуры парадаваў дзяцей сваім выступленнем.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.