Барацьба за кожны мяч

Спорт

9369

Як і чакалася, усе стартавыя матчы фінальнага раўнда абласнога першынства прайшлі ў напружанай і бескампраміснай барацьбе. Пастаўчане прапусцілі першы тур, бо не вызначыўся наш сапернік — уладальнік апошняй чацвёртай пуцёўкі ў групу мацнейшых з усходняй зоны “Б”. За яе вялі барацьбу ў Шуміліне футбалісты талачынскай “Нівы”, але саступілі гаспадарам з лікам 1:2 і завяршылі сезон. Тым часам у лідары чэмпіянату вобласці выйшаў віцебскі “Газавік”, які ў Глыбокім дабіўся буйной перамогі з лікам 3:0 і з 14 набранымі ачкамі ўзначаліў турнірную табліцу. Услед за віцябчанамі з адставаннем у 3 балы ідзе сенненскі “Камунальнік”, які згуляў з лікам 0:0 на выездзе ў Лепелі.

А вось лідар нашай зоны “А” — “Полацкгаз” — перажывае спад. Спачатку палачане ў важным матчы з лепяльчанамі на сваім полі прапусцілі мяч у дадатковы час, прайгралі саперніку з лікам 0:1 і ўпусцілі магчымасць значна адарвацца ад канкурэнтаў у барацьбе за медалі. Горш за тое, палачане ў 1-м туры гульняў фінальнай васьмёркі саступілі на выездзе гарадоцкаму “Праменю” з лікам 0:1 і ідуць трэцімі. Магчыма, на гульні футбалістаў Полацка адбілася стомленасць, бо за суткі да асечкі ў Гарадку яны дома правялі першы паядынак 1/4 розыгрышу Кубка рэгіёнаў Беларусі і перамаглі ў гэтай сустрэчы ФК “Івацэвічы” (Брэсцкая вобласць) з лікам 2:1.

Наша каманда мае 6 ачкоў і гульню ў запасе, яна пакуль на шостым месцы. Пастаўчан чакаюць яшчэ восем рашаючых матчаў. У чарговым туры ФК “Паставы-ПМЦ” згуляе дома сёння ў 13.00 з ФК «Шуміліна» і чакае падтрымкі ад сваіх прыхільнікаў.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.