Галоўнае — асоба настаўніка

Образование

Маладыя педагогі Пастаўшчыны.
Маладыя педагогі Пастаўшчыны.

Жнівень — напружаны час для прадстаўнікоў сістэмы адукацыі. За некалькі дзён да пачатку новага навучальнага года адбыўся Рэспубліканскі педагагічны савет з удзелам кіраўніка дзяржавы А. Р. Лукашэнкі. Пасля старшыня Віцебскага аблвыканкама М. М. Шарснёў правёў абласную педканферэнцыю. На Пастаўшчыне прайшлі нарады метадычных аб’яднанняў з усімі катэгорыямі педагагічных работнікаў. А 30 жніўня кіраўнікі ўстаноў адукацыі раёна, іх намеснікі, настаўнікі і старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый сабраліся ў раённым Доме культуры на традыцыйную жнівеньскую педагагічную канферэнцыю.

На перспектыву

А. Я. Кашырын.
А. Я. Кашырын.

— Новы 2017/2018 навучальны год — асаблівы. Старт яму даў Рэспубліканскі педагагічны савет з удзелам кіраўніка краіны А. Р. Лукашэнкі. Гэты форум адказаў на тыя шматлікія пытанні, якія хвалююць усю педагагічную грамадскасць, — звяртаўся да калег падчас канферэнцыі Аляксандр Яўгеньевіч Кашырын. — На ім быў выпрацаваны канцэптуальны падыход да развіцця сістэмы адукацыі да 2020 года і на перспектыву да 2030-га. Пераход на абавязковую агульную сярэднюю адукацыю, змены правілаў прыёму і патрабаванняў да якасці адукацыі ў гімназіях, а таксама парадку правя­дзення выніковай атэстацыі за курс сярэдняй школы, удасканаленне правілаў прыёму ў ВНУ з магчымасцю правядзення гутаркі і дадатковых унутраных экзаменаў — вось толькі частка пытанняў, якія з’яўляліся прадметам актыўнага абмеркавання на Рэспуб­ліканскім педсавеце.

Мне асабіста запомніліся словы нашага Прэзідэнта пра тое, што настаўнік заўсёды быў, ёсць і будзе самай галоўнай фігурай адукацыйнага і выхаваўчага працэсу. Цалкам падзяляю гэтую думку і жадаю ўсім педагогам Пастаўшчыны ў новым навучальным годзе прадэманстраваць не толькі найвышэйшыя прафесійныя якасці, але і асабістыя. Няхай навучанне па новых праграмах бу­дзе паспяховым, а засваенне педагагічных тэхналогій — творчым.       

Адукацыя ў лічбах

Аляксандр Яўгеньевіч Кашырын падрабязна спыніўся на выніках мінулага навучальнага года ў раёне, а таксама на падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага сезона.

Сёлета ў параўнанні з мінулым годам сетка ўстаноў адукацыі на Пастаўшчыне скарацілася. У выніку аптымізацыі было закрыта 5 школ. Гэта тлумачыцца перш за ўсё эканамічнай немэта­згоднасцю ўтрымання малакамплектных устаноў адукацыі. Такія патрабаванні часу, і, на жаль, працэс будзе яшчэ працягвацца і ў бліжэйшыя гады.

Сёлета за парты селі 3503 чалавекі, з іх 354 — першакласнікі.

Для даведкі: 

2012/2013 — 3646

2013/2014 — 3583

2014/2015 — 3536

2015/2016 — 3526

2016/2017 — 3502

Апошнія пяць гадоў назіраецца павелічэнне колькасці дзяцей ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Напрыклад, плануецца, што сёлета дзіцячыя сады па Пастаўшчыне прымуць 1263 выхаванцаў (на 33 больш, чым у мінулым годзе).

Для даведкі: 

2012/2013 — 1167

2013/2014 — 1200

2014/2015 — 1203

2015/2016 — 1208

2016/2017 — 1230

Сярод 529 настаўнікаў, якія ажыццяўляюць педагагічны працэс у школах і гімназіі раёна, 479 (90,5%) маюць вышэйшую адукацыю, 410 (77,5%) — вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. 171 педагог працуе ва ўстановах дашкольнай адукацыі.

У мінулым навучальным годзе на абласным этапе алімпіяды пастаўскія навучэнцы атрымалі 11 дыпломаў па 5 прадметах. Гэта адзін з лепшых вынікаў сярод сельскіх раёнаў вобласці (саступілі толькі Глыбоцкаму раёну). 1 дыплом (ІІІ ступені па беларускай мове і літаратуры) атрымала навучэнка 11 класа пастаўскай СШ № 5 Ірына Паўлава ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. А. Я. Кашырын падкрэсліў, што за гэтымі вынікамі стаяць высокая матывацыя навучэнцаў і прафесіяналізм іх педагогаў. У прыватнасці, Р. Г. Кашко, Т. М. Захарэвіч, А. П. Макоўскай, Л. А. Брэскай, А. А. Гарнага, І. М. Козіч, Н. П. Латушкінай, Л. В. Кароль, Т. П. Галаўко. 

Па выніках 2016/2017 навучальнага года 14 выпускнікоў школ атрымалі атэстаты асобага ўзору з узнагароджаннем залатымі медалямі.

Для даведкі: 

СШ №2 — 6    

СШ №4 — 3

СШ №3 — 2

СШ №1 — 1

СШ №5 — 1

Дунілавіцкая яслі-сад-СШ — 1

Сёлета працэнт паступлення ў ВНУ ніжэйшы за папярэднія гады — 48%.

Найбольшая колькасць навучэнцаў,

якія паступілі ў ВНУ ў 2017 годзе:

Пастаўская гімназія — 17 (85%)

СШ №2 — 19 (79%)

СШ №4 — 15 (60%)

СШ №1 — 24 (53%)

Гуцкая СШ — 4 (50%)

З астатніх навучальных устаноў раёна ў ВНУ паступіла менш за 50% выпускнікоў.  

Прыемная місія 

Старшынстваваў на ёй начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. Я. Кашырын. Ён пачаў з прыемнай місіі — прадставіў маладых спецыялістаў. Сёлета пасля заканчэння розных навучальных устаноў краіны першы працоўны вопыт на Пастаўшчыне будуць атрымліваць 11 чалавек. Новых педагогаў сустрэнуць яслі-сад №1 і СШ №1 у райцэнтры, Варапаеўская, Камайская, Лынтупская і Гуцкая сярэднія школы, а таксама цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ў Паставах. Аляксандр Яўгеньевіч адзначыў, што ва ўстановах адукацыі раёна пасля абавязковай двухгадовай адпрацоўкі замацоўваецца 71% маладых педагогаў (абласны паказчык — 71,9%).

Прывітала маладых калег старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, дырэктар пастаўскай СШ №5 Валянціна Міхайлаўна Ромель:

— Прыемна, што пастаўская педагагічная супольнасць папоўнілася маладымі, адукаванымі, крэатыўнымі і таленавітымі спецыялістамі. Прафесія педагога — высакародная і адказная. Яна трымаецца на трох кітах: навука, майстэрства і мастацтва. Асноўным настаўнікам для вас стане асабісты педагагічны вопыт. Таму ўкараняйце ў жыццё самыя смелыя праекты і задумы, і няхай поспех заўсёды будзе вынікам усіх вашых пачынанняў!

Аддзячылі за працу   

В. П. Арэхаў уручае Ганаровую грамату райвыканкама В. Я. Вавінскай.
В. П. Арэхаў уручае Ганаровую грамату райвыканкама В. Я. Вавінскай.

        

Падрабязны аналіз рэгіянальнай сістэмы адукацыі, дадзены А. Я. Кашырыным, дапоўнілі выступленні прадстаўнікоў асобных гарадскіх адукацыйных устаноў: дырэктара СШ №2 Ігара Анатольевіча Мадвейкі, намес­ніка дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Вольгі Дзмітрыеўны Ражко, педагога-псіхолага СШ №1 Алы Уладзіміраўны Дзямчук, дырэктара РЦДМ Леакадзіі Міхайлаўны Пушкар. Таксама выступіла галоўны санітарны ўрач раёна Святлана Рассеева. Яна расказала пра стварэнне здароўезберагальнага асяроддзя ў школах.

Канчатковую кропку ў педканферэнцыі паставіў старшыня раённага Савета дэпутатаў В. П. Арэхаў. Віктар Пятровіч цёплыя словы ў адрас педагогаў з нагоды новага навучальнага года падмацаваў уручэннем узнагарод. Так, маці-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу Вольга Яўгеньеўна Вавінская адзначана Ганаровай граматай райвыканкама, настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ №5 Раіса Генадзьеўна Кашко — Падзякай старшыні райвыканкама. Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў узнагаро­джана выхавальніца ясляў-сада №3 г. Паставы Таццяна Уладзіміраўна Яркоўская.

Дырэктар Варапаеўскай СШ Віктар Мікалаевіч Жук, загадчыца Курапольскага яслі-сада Марыя Віктараўна Хаткевіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры СШ №5 Элеанора Казіміраўна Харкова і спецыяліст групы цэнтралізаванага абслугоўвання аддзела адукацыі спорту і турызму Міхаіл Мікалаевіч Жук з рук А. Я. Кашырына атрымалі Ганаровыя граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.