“Каб людзі жылі ў дабрабыце і бяспецы”


Чэпік-1

У Беларусі не так многа раёнаў з такім адметным геаграфічным становішчам, як Пастаўскі. Вялікі па плошчы, ён раскінуўся ў паўднёва-заходняй частцы Віцебшчыны, на мяжы з Мінскай і Гродзенскай абласцямі, а таксама з Літоўскай Рэспублікай. Але не толькі геаграфічнае становішча робіць яго адметным. Край прыцягвае да сябе людзей. Насельніцтва раёна, і ў праватнасці саміх Пастаў, расце, тут актыўна развіваюцца дзяржаўны і прыватны сектары эканомікі, сюды год ад года прыязджае ўсё больш турыстаў, каб палюбавацца на гармонію спалучэння сучаснасці і гісторыі… Пра ўсё гэта размова карэспандэнта “ВВ” са старшынёй Пастаўскага раённага выканаўчага камітэта Сяргеем Васільевічам Чэпікам.

— Сяргей Васільевіч, тыя 100 дзён, якія традыцыйна даюцца новапрызначаным кіраўнікам, каб агледзецца, сфарміраваць каманду, выпрацаваць уласную тактыку і стратэгію работы, мінулі. Мяркуючы па водгуках пастаўчан, выпрабаванне ўладай, адносінамі людзей, Сяргей Васільевіч, вы прайшлі. Але прыродзе гэтага падалося мала — нябесная канцылярыя практычна з першых дзён вашага ўступлення на пасаду старшыні райвыканкама таксама выпрабоўвае вас на сталасць як кіраўніка і арганізатара…

— Час сапраўды выдаўся цяжкі, асабліва для сельскай гаспадаркі. На пасаду старшыні ўступіў у сярэдзіне мая, калі раней ужо заканчвалі сяўбу, а сёлета практычна толькі пачыналі. Натуральна, што і ўборка перамясцілася на больш позні тэрмін. І гэта не бяда, калі б не дажджы. З сярэдзіны жніўня не было таго дня, каб ноччу, раніцай ці пасля абеду ён не ішоў. Спрыяльнае для ўборкі надвор’е даводзілася пільнаваць літаральна па гадзінах. Старажылы ўзгадваюць, што такая сітуацыя назіралася ў 1978 годзе, калі камбайны пакідалі палі позняй восенню. Непагадзі можна было процістаяць толькі высокай арганізацыяй працы, на што і была скіравана работа раённага выканаўчага камітэта.

Вядома, тэрміны жніва адбі­ліся на ўраджайнасці. У сярэднім па раёне яна склала толькі каля 30 цэнтнераў з гектара. Трэба прызнаць, што мінулагодняга валавога намалоту мець не будзем. Але зроблены аналіз вытворчай дзейнасці сельгаспрадпрыемстваў, іх рэзерваў дазваляе сказаць, што на мінулагоднія аб’ёмы валавой вытворчасці мы выйдзем за кошт прадукцыі жывёлагадоўлі і рэалізацыі рапсу.

— Свае цяжкасці перажываюць і прамысловыя прадпрыемствы. Аднак Пастаўскі раён, як сведчыць статыстыка, выканаў большасць прагнозных паказчыкаў. І справа не столькі ў лічбах. Па знешніх прыкметах — па настроі людзей, іх вопратцы, важкіх пакупках — можна меркаваць: пастаўчане — людзі заможныя, у раёне ўзводзіцца жыллё,  вядзецца мадэрнізацыя прадпрыемстваў. А вы як ацэньваеце вынікі работы галіны?

— За 8 месяцаў бягучага года прамысловыя прадпрыемствы выпусцілі прадукцыі на 111 млн руб. (120% да адпаведнага ўзроўню мінулага года). З прыбаўкай спрацавалі практычна ўсе калектывы. Інтэнсіўна развіваюцца не толькі нашы флагманы — малаказавод, Пастаўскі мэблевы цэнтр, “Паставымэбля”, — але і больш дробныя прадпрыемствы. Іх прадукцыя запатрабаваная не толькі на ўнутраным рынку, але і на знешнім.

Што да іншых вашых назіранняў пра ўзровень жыцця пастаўчан, тут таксама ёсць шмат станоўчых момантаў. Мы сапраўды ўзводзім жыллё. У Паставах, у мікрараёне шостага гарадка, пачалося будаўніцтва новага 40-кватэрнага дома, яшчэ адзін такі запланаваны на будучы год, а таксама дзіцячы сад. Насельніцтва гэтага мікрараёна расце, упершыню за многа гадоў школа змагла сфарміраваць два паўнацэнныя першыя класы па 32 вучні. Будуем і на сяле. У райцэнтры інтэнсіўна развіваецца грамадскае харчаванне, паспяхова функцыянуе спажывецкая кааперацыя. Гэта таксама прыкметы дабрабыту людзей.

— Сяргей Васільевіч, раскажыце, калі ласка, больш падрабязна пра экспартныя пазіцыі Пастаўшчыны, з якімі краінамі наладжаны гандлёва-эканамічныя сувязі.

— За 7 месяцаў з Пастаўшчыны за мяжу рэалізавана прадукцыі амаль на 27 млн долараў ЗША (тэмп росту да мінулага года —121%). Асноўнымі экспарцёрамі з’яўляюцца нашы флагманы, якія ўжо называў. Малаказавод адгружае больш за палову сваёй прадукцыі ў Расію і Казахстан. Пастаўскі мэблевы цэнтр паспяхова асвойвае канадскі рынак. Дзелавое партнёрства завязалася ў калектываў “Паставымэблі” і Варапаеўскага дрэваапрацоўчага камбіната” са скандынаўскімі спажыўцамі, і ў прыватнасці з Фінляндыі. Дрэваапрацоўшчыкі даволі многа піламатэрыялаў адгружаюць у краіны Балтыі. Адным словам, кожны шукае выгадныя рынкі збыту. Калектыў “Паставымэблі”, напрыклад, сёлета ў тры разы павялічыў аб’ём экспарту.

Прадукцыя шэрага нашых прадпрыемстваў асацыіруецца ў спажыўцоў з высокай  якасцю. Хочацца, каб яна была брэндам не толькі Пастаўшчыны, але і ўсёй Беларусі.

— Сярод паспяховых прадпрыемстваў, якія вы называлі, не толькі дзяржаўныя. Як мясцовая ўлада спрыяе развіццю прыватнага сектара эканомікі, прыцягвае інвестыцыі?

— На сённяшні дзень зарэгістравана 229 прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу, 9 заснаваны сёлета. У іх ліку  даволі значныя вытворчасці па вырабе запасных частак для сельгасмашын “Проміс Тэхна”. З ранейшых паспяхова дзейнічаюць “Ініта”, “Фрэшфудпак”, швейную і мясную прадукцыю якіх добра ведаюць спажыўцы па ўсёй краіне. А прыватнае прадпрыемства “ГАТЭР” наогул стала другім прызёрам абласнога агляду.

Прыватны бізнес у Паставы прывабліваюць блізкасць ад буйных гарадоў і прэферэнцыі, дадзеныя яму ў сельскай мясцовасці, наяўнасць свабодных плошчаў і, мяркую, прыязны клімат, які стварае для яго станаўлення і развіцця раённая ўлада.

Кожнае новае прадпрыемства — гэта новыя рабочыя месцы, вельмі патрэбныя жыхарам райцэнтра і іншых населеных пунктаў.

Як і ўсе, шукаем і прыцягваем у раён інвестыцыі. Інвестары знайшліся для аднаўлення мясакамбіната, Варапаеўскага завода жалезабетонных вырабаў, узвядзення двух вялікіх гандлёвых цэнтраў “Санта Рытэйл” і “ДзісаНанс”.

У перспектыве будаўніцва двух буйных малочнатаварных комплексаў: у ААТ “Хацілы-агра”  — на 780 галоў дойнага статка і пры малаказаводзе на тэрыторыі ААТ “Кураполле-агра” — на 2 тысячы галоў.

Мы гатовыя да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ва ўсіх сферах. Будзем аказваць падтрымку ў рэалізацыі новых інвестыцыйных праектаў, асабліва тых, дзе будуць стварацца новыя рабочыя месцы.

— Ужо не адзін год на Пастаўшчыне існуе некалькі праблемных аб’­ектаў, маю на ўвазе льнозавод і былы спіртзавод у Лынтупах. Які лёс чакае іх?

— Па льнозаводзе па прапанове аблвыканкама прынята рашэнне да наступнага сезона перапрацоўкі трасты ўстанавіць новыя лініі і нарэшце зняць гэту праблему. Перспектывы бачацца і па спіртзаводзе. Уладальніку вытворчых плошчаў прапанавана перапрафіляваць завод пад выпуск харчовай прадукцыі.

Акрамя таго, хацелі б   вярнуць ранейшую спецыялізацыю па выпуску складана-бытавой тэхнікі  “Беліту”, які цяпер вырабляе тэхнічную сурвэтку.

— Калі вы былі начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, святло ў вокнах вашага кабінета запальвалася першым. Не змянілі гэтаму правілу і на новай пасадзе. Вы так рана пачынаеце рабочы дзень з-за таго, што шмат працы, ці гэта ўвогуле стыль работы? Калі так, як прынялі яго ў раёне і ці маеце ўжо сваю каманду?

— Калі ўступаў на пасаду, сказаў, што кадравай рэвалюцыі не будзе. Але дысцыпліну ўмацоўваць прыйдзецца. Магчыма, камусьці давядзецца перагле­дзець свой стыль работы, калі не зможа — іншая справа. Стараюся спакойна абдумаць і ўзважыць рашэнне. Магчыма, у нечым памыляюся і я. Вельмі спа­дзяваўся, што людзі павераць мне і пойдуць за мной. Рады, што надзеі спраўдзіліся. Маю добрую каманду прафесіяналаў. Разам мы зможам зрабіць многае.

— Кіраўніком раёна ў перыяд з 1987-га па 2000 год быў ваш бацька Васіль Ва­сільевіч Чэпік. Жыхары Пастаўшчыны і сёння ўспамінаюць яго, па ім раўняюць іншых кіраўнікоў. Аўтарытэт бацькі вам дапамагае ў працы ці, наадварот, ускладняе яе?

— І дапамагае, і ўскладняе. Бацька стаў старшынёй райвыканкама ў 39 гадоў, у час развалу Савецкага Саюза. Калі ўсё ламалася, знішчалася, змог многа зрабіць для раёна, і людзі гэта памятаюць. Святло добрай памяці пра яго падае і  на мяне. З іншага боку, зададзеная бацькам планка вельмі высокая, і, каб адпавядаць ёй, трэба працаваць з поў­най аддачай.

— Ці хапае часу на сям’ю, як адпачываеце пасля цяжкага працоўнага дня ці тыдня?

— Павінен прызнаць, што сям’і ўдзяляю менш часу, чым хацелася б. Дочкі дарослыя, жывуць самастойна, а вось сын, якому год і чатыры месяцы, патрабуе ўвагі. Таму нячастыя выхадныя стараюся прысвяціць яму і жонцы. Зімой зрэдку хаджу  на паляванне, восенню — у грыбы. Гэтыя заняткі прыносяць вялікае задавальненне, напаўняюць энергіяй і жаданнем з новай сілай брацца за справу.

— Якія якасці вы больш за ўсё цэніце ў людзях і якія лічыце непрымальнымі?

— Для мяне самыя галоўныя чалавечыя якасці — шчырасць і прыстойнасць.  Я не проста цаню гэта ў людзях — яны абавязкова павінны быць у тых, хто ідзе са мной поплеч. Рады, што такіх побач нямала.

 Для мяне як кіраўніка раёна важна, каб людзі мелі работу, адчувалі сябе ўпэўнена, жылі ў дабрабыце і бяспецы.

— Дзякуй за гутарку.

Тамара Пашкевіч,

«Витебские вести», № 108 за  23 верасня 2017 года.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.