Лілі дажджы, гарэлі нервы

Сельское хозяйство

IMG_1150

Напрыканцы сакавіка бягучага года я рыхтавала для газеты інтэрв’ю з намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Марыяй Клімёнак пра тое, як раён падрыхтаваўся да веснавой сяўбы. Прагнозы і на сяўбу, і на будучы ўраджай былі неблагія. А ў мінулы аўторак мы з ёй ездзілі па палях, і спецыяліст не хавала засмучэння — столькі працы і сродкаў укладзена, а ўра­джаю, на які разлічвалі, раёну не атрымаць.

Галоўная прычына гэтага — неспрыяльнае над­вор’е. Нябесная канцылярыя сёлета выпрабоўвае хлебаробаў як ніколі жорстка. Падчас сяўбы — дажджы, у перыяд вегетацыі — холад, зараз, калі збажына просіцца ў засекі, зноў уліло так, што тэхніцы не ўз’ехаць на палі. Камбайны буксуюць, іх даводзіцца выцягваць магутнымі трактарамі. Пры гэтым здараюцца паломкі, перарасходуецца паліва.

Калі да праліўных даж­джоў, што абрынуліся на Пастаўшчыну і іншыя заходнія раёны вобласці на мінулым тыдні, у раёне штодня ўбіралі збожжавыя на 600-700 гектарах, то 28 жніўня — усяго 26, 29-га — 134, 30-га — 292.

На 30 жніўня збожжавыя ўбраны з 10435 гектараў (72% планавай плошчы). Валавы збор у бункернай вазе складае 30,8 тысячы тон (летась усяго намалацілі 53 тысячы тон).

— З-за дажджлівых мінулагодняй восені і сёлетняй вясны давялося карэкціраваць пасяўныя плошчы, — каменціруе М. Ю. Клімёнак. — Таму план уборкі зерневых і зернебабовых сёлета меншы, чым летась — 14356 гектараў супраць 17962-х. Калі азімыя мы паспелі ўбраць амаль усе і заклалі дастатковую колькасць на насенне, то з яравымі становішча цяжкае. На многіх участках з ячменем перарастае падсеяная канюшына, і ўбраць яго на зерне будзе немагчыма. Такія плошчы, а гэта каля тысячы гектараў, давялося перавесці ў кармавую групу. Пад пагрозай план засыпкі насення яравых. Яго трэба мець 3600 тон, а ёсць толькі 670. Не меншыя праблемы і ў ільнаводаў. Лён выцераблены на 1322 гектарах, што складае ўсяго 56% планавай плошчы, а найлепшыя тэрміны на зыходзе.

Карціну на многіх палях мы бачылі сумную. Гэтыя здымкі зроблены ў ААТ “Кураполле-агра, землі якога самыя нізінныя ў раёне. “Плавалі” рулоны з сенажом, ячменнае поле было падобнае на рысавае, стаялі водныя разлівы на льняных палетках, насенніках азімага рапсу і ўчастках, толькі што засеяных гэтай культурай.

IMG_1134

— Лілі дажджы, гарэлі нашы нервы, — гаварылі спецыялісты і механізатары. — Але як бы цяжка ні  прыходзілася, будзем ратаваць ураджай.

І яны гэта робяць. Верасень абяцае быць для земляробаў гарачым (маю на ўвазе не надвор’е, а напружанне), бо жніво зацягнулася, а ўжо наступіў час рыхтаваць глебу і сеяць азімыя, даводзіць да парадку лён, убіраць кукурузу. Толькі паспявай!

Фаіна КАСАТКІНА,

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.