Майстар-клас ад віртуоза

Местная власть Образование

245A6920

Напярэдадні Міжнароднага дня музыкі, які адзначаецца першага кастрычніка, майстар-клас у Пастаўскай дзіцячай школе мастацтваў імя А. Тызенгаўза правёў лаўрэат міжнародных, усерасійскіх і рэспубліканскіх конкурсаў, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, знакаміты баяніст, саліст Гомельскай абласной філармоніі Трафім Анціпаў.

Яго імя добра вядомае не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. На працягу апошніх гадоў выканаўца паспяхова гастралюе з канцэртнымі праграмамі па розных краінах свету.

Наш горад Трафім Анціпаў наведаў у рамках праекта “Lira-fest”. У ім удзельнічаюць майстры інструментальнага жанру з розных краін свету. Яны даюць сольныя канцэрты ў гарадах, дзе ёсць спецыялізаваныя музычныя ўстановы. Абавязковая ўмова — бясплатны майстар-клас для выкладчыкаў і вучняў.

Паслухаць парады тытулаванага музыкі сабраліся выкладчыкі па класе баяна з усяго раёна. Што да вучняў, то больш за ўсіх пашанцавала пяцікласні­ку Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў Аляксею Гамолку. Хлопчык — лаўрэат абласнога і міжнародных конкурсаў, выдатна валодае музычным інструментам. З ім маэстра і правёў майстар-клас, падчас якога дэталёва прааналізаваў тэхніку выканання, даў шэраг слушных заўваг.

У грамадстве існуе стэрэатып, што баян і гармонік ідэнтычныя інструменты. У тым, што гэта не так і баян валодае найбагацейшымі рэсурсамі гучання, у той жа дзень змаглі пераканацца ўсе, хто прыйшоў на сольнае выступленне Трафіма Анціпава ў канцэртную залу школы мастацтваў па вуліцы Чырвонаармейскай. У руках маэстра мнагатэмбравы канцэртны інструмент гучаў не толькі як баян, але і як арган, скрыпка, акардэон, гармонік і нават сімфанічны аркестр.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.