Малако — толькі “экстра”, і да зімоўкі гатовы

Сельское хозяйство

IMG_1237

Такое становішча на малочнатаварнай ферме “Мольдзевічы” адкрытага акцыянернага таварыства “Ярэва-агра”.

— Вы ранавата прыехалі, — сустрэла  загадчыца фермы, а па сумяшчальніцтве лабарант Наталля Мяфодзьеўна Скурацёнак (на здымку). — Мы яшчэ не пабялілі памяшканне. І адклалі гэта наўмысна: пабелім бліжэй да пачатку стойлавага ўтрымання. А ўсё астатняе да гэтага перыяду гатова.

У Мольдзевічах зараз утрымліваецца 147 кароў, 100 цялушачак і 25 дваццацідзённых цялятак. Па словах загадчыцы фермы, усе, хто працуе на доглядзе жывёлы, адказна адносяцца да справы, таму і дабіваюцца поспехаў. Вельмі дарэчы дапамога малаказавода. Напрыклад, на ферму рэгулярна прыязджае галоўны спецыяліст па сыравіне і вытворчасці Марыя Мікалаеўна Лютынская, прывозіць сродкі для мыцця і чысткі посуду, падказвае, як правільна арганізаваць працэс даення, каб малако было якасным. Пастаянную ўвагу на работу жывёлаводаў звяртае дырэктар таварыства Раман Эдуардавіч Вырвіч. І вынікі не прымусілі сябе доўга чакаць — малако з фермы “Мольдзевічы” паступае на завод толькі сортам “экстра”.

Падрыхтаваліся тут і да будучай зімоўкі. Два гады назад капітальна адрамантавалі цялятнік, і зараз там нічога не трэба дарабляць. У памяшканні, дзе ўтрымліваюцца каровы, таксама два гады назад замянілі дах. Зараз абабілі ўсе вокны полікарбанатам. У прафілакторыі для маленькіх цялятак замянілі кармушкі, зрабілі новае карыта, латкі. Там, дзе патрабавалася, уцяплілі дзверы.

— Работы па падрыхтоўцы да зімы правялі на ўсіх фермах, — расказваў кіраўнік гаспадаркі Р. Э. Вырвіч. — У Вольсі замянілі латок для транспарцёра па выдаленні гною, зрабілі дробны рамонт. Толькі такі патрабаваўся і ў Норкавічах, бо тут у 2012 годзе была праведзена рэканструкцыя, у якую ўкладзена 1 мільярд 200 тысяч недэнамінаваных рублёў. У Ярэве заканчваем рамонт прафілакторыя для цялят, наладзілі водапаенне, залілі бетонам выбоіны, дзе неабходна, адрамантавалі страху.

Падрыхтоўкай ферм займаліся і займаюцца як самі жывёлаводы, так і наёмныя рабочыя. Робіцца ўсё для таго, каб у стойлавым перыядзе жывёла знаходзілася ў належных умовах.

Фаіна КАСАТКІНА. Фота аўтара.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.