На свяце роднага слова


М. Шарснёў знаёміцца са СМІ Віцебшчыны.
М. Шарснёў знаёміцца са СМІ Віцебшчыны.

На тры дні (1, 2 і 3 верасня) Полацк ператварыўся ў суцэльную культурна-асветніцкую пляцоўку. Трэці раз ён прымаў Дзень беларускага пісьменства. Акрамя свята роднага слова, у гэтыя дні горад адзначаў свой 1155-ты дзень нараджэння і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання.

У якасці падарунка для аднаго з самых старажытных гарадоў Беларусі каля Сафійскага сабора быў усталяваны памятны знак “Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці”. Кампазіцыя ўяўляе сабой шчыты з выявамі знакамітых гістарычных асоб з аднаго боку і з асноўнымі вехамі станаўлення беларускай дзяржаўнасці — з другога.

Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця Дня беларускага пісьменства, якое адбылося вечарам 2 верасня, гасцей свята ад імя Прэзідэнта краіны вітаў намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Жарко. Ад сябе ён дадаў, што гэтае свята “як даніна павагі ўсім тым, хто стварыў нашы дзяржаўнасць, культуру, адукацыю, высокі ўзровень нацыянальнага мастацтва”.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел паведаміў пра падзею гістарычнага маштабу для ўсіх праваслаўных вернікаў краіны:

— Больш за 25 гадоў нашы навукоўцы, лінгвісты, славісты, перакладчыкі працавалі над перакладам кніг Святога Пісання Новага Запавету. І сёння ў Полацку мы прэзентавалі Новы Запавет на сучаснай беларускай мове. Хачу сказаць, што гэта яшчэ адзін крок да таго, каб нашы людзі спазнавалі Бога, вучыліся любіць адно аднаго і жыць у міры, згодзе і аднадумнасці.    

Усе дні, калі доўжыліся ўрачыстасці з нагоды трайнога свята ў Полацку, праграма мерапрыемстваў была надзвычай насычаная. Арганізатары для жыхароў і шматлікіх гасцей горада падрыхтавалі літаратурныя чытанні, выставы, канферэнцыі, круглыя сталы, канцэрты, прэзентацыі. Усяго пералічыць немагчыма, таксама як і паспець пабачыць.

Рэдакцыя газеты “Пастаўскі край” удзельнічала ў выставе “СМІ Віцебшчыны”, якая ладзілася з нагоды 100-годдзя газеты “Полацкі веснік”. Пакінуўшы на пэўны час свой павільён, каб далучыцца да шматлікіх ўрачыстасцей у гонар свята роднага слова, нам давялося сустрэць сваіх землякоў. На алеі, дзе размясцілі­ся майстры Прыдзвінскага краю, прэзентавалі суве­нірную прадукцыю Пастаўскага Дома рамёстваў майстар па саломапляценні Таццяна Петух, па кераміцы — Алеся Зайцава, па вырабе лялек і цацак — Алена Касенка, па маляванцы — Вольга Гукава і па ткацтве — Алена Крывенька.

Вольга Гукава са сваімі работамі.
Вольга Гукава са сваімі работамі.

— Мы старанна рыхтаваліся да гэтага мерапрыемства, — расказвала Таццяна Петух. — Сабралі вялікую калекцыю работ. Абсалютная іх большасць — новыя. Многія спыняліся, разглядвалі рэчы, але купляць не спяшаліся. Гэта агульная тэндэнцыя, якую заўважылі ўсе майстры, не толькі з нашага раёна. Затое мы атрымалі шмат станоўчых эмоцый, дакрануўшыся да такога маштабнага і прыгожага свята.

Таццяна Петух.
Таццяна Петух.

Ідучы далей па бясконцых радах стракатых палатак, якія размясціліся ўз­доўж усіх цэнтральных вуліц і праспектаў Полацка, позірк спыніўся на льняных касцюмах, па якіх можна было беспамылкова пазнаць прадстаўнікоў раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Па суседстве з імі нароўні з калегамі з іншых рэгіёнаў Віцебшчыны прэзентаваў сябе Пастаўскі дзяржаўны каледж.   

Повар Наталля Гутар.
Повар Наталля Гутар.

Традыцыйна на мерапрыемствы такога фармату выязджае Пастаўскае райспажыўтаварыства. Наш панадворак гасцінна чакаў усіх знатакоў добрай кухні і сэрвісу. Пастаўскія кааператары прапанавалі ў асноўным прадукцыю ўласнай вытворчасці. Намеснік дырэктара філіяла “Каапгандаль №2” Крысціна Красоўская адзначыла:

— Калі коратка ахарактарызаваць, то мы падрыхтавалі для сваіх наведвальнікаў шоу: добры настрой, разнастайныя стравы і напіткі, музычнае афармленне. У аснове гастранамічнага складальніка — рэстараннае ме­ню і фаст-фуд для моладзі. Увогуле, Дзень пісь­мен­ства ў Полацку пакінуў прыемныя ўражанні. Добразычлівасць мясцовых людзей дазволіла адчуць сябе шаноўным госцем гэтага горада і свята.

У наступным годзе ХХV Дзень беларускага пісьменства будзе сустракаць горад Іванава Брэсцкай вобласці. Прымаючы ад Полацка эстафету свята, старшыня Іванаўскага райвыканкама Юрый Бісун выказаў упэўненасць, што Іванава годна прыме гасцей і пазнаёміць са сваёй спадчынай:

— Мы ганарымся тым, што ў 2018 годзе месцам правядзення юбілейнага Дня беларускага пісьменства абраны наш горад Іванава — старажытны Янаў, багаты гістарычнай спадчынай і духоўнымі традыцыямі народа. На Іванаўшчыне пачаўся род класіка рускай літаратуры Фёдара Дастаеўскага, культурнага і грамадскага дзеяча Напалеона Орды. Наша зямля ўзгадавала многіх сучасных літаратараў.

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.