Накасілі “золата”


IMG_2425 (1)

9 верасня ў Бебжанскім нацыянальным парку (Падляскае ваяводства, Польшча) прайшоў чэмпіянат свету па ручным сенакашэнні. Пастаўчане Валерый Каліцкі і Іосіф Галяк заваявалі першае месца сярод фермерскіх каманд.

image 1

— Галоўнымі канкурэнтамі для беларусаў заўсёды бываюць палякі, — расказваў арганізатар “Жылінскіх сенакосаў” Пётр Паўлавіч Кароль. — Мы на перамогу не разлічвалі. Адной з прычын песімізму было тое, што сёлета на чэмпіянат не змог паехаць фаварыт нашай каманды Мікалай Яльчык, які ў 2015 годзе ў Польшчы заваяваў “бронзу”.  З ім у пары заўсёды касіў Валерый Каліцкі, які неаднаразова заваёўваў “золата” на розных чэмпіянатах. На гэты раз месца Мікалая Мікалаевіча заняў Іосіф Галяк, які летась упершыню ўдзельнічаў у “Жылінскіх сенакосах”, касіў 5 гадзін, і яму не было роўных. Сёлета паспрабаваў сілы ў спрынтарскай касьбе (100 метраў). І зноў лідзіраваў.

image 3

У праграме еўрапейскіх чэмпіянатаў — толькі “спрынты” (касьба на хуткасць паласы 60 метраў у даўжыню, 4 — у шырыню на дваіх удзельнікаў). Іосіф свой участак (60 метраў) скасіў за 1 хвіліну 23 секунды. Побач спаборнічалі касцы з Польшчы. Яны былі шакіраваныя ад такога бліскучага выніку і ніяк не маглі зразумець, як Іосіфу гэта ўдалося. Падыходзілі, аглядалі касу, шукалі “сакрэт” такой хуткасці.

image 2

— Лічу, што сіл мне прыдала сустрэча са стрыечным братам, — дзя­ліўся Іосіф. — З ім не бачыліся 26 гадоў. А тут такая радасць! Ён праехаў праз усю Польшчу, каб убачыцца. Доўга гутарылі, успаміналі продкаў. Менавіта ў іх я навучыўся не толькі па звону выбіраць касу, правільна валодаць ёй, але і працавітасці, адданасці зямлі. Нашы дзяды, прадзеды мелі шмат зямлі, трымалі вялікую гаспадарку і ўпраўляліся з ёй вялікай дружнай сям’ёй, у якой касіць умелі ўсе мужчыны. На чэмпіянаце мне хацелася паказаць, што беларусы не развучыліся працаваць, маюць спрыт. І гэта атрымалася. Наша з Валерыем перамога таму доказ.

— Бебжанскія балоты традыцыйна лічацца цяжкімі для касьбы, — дзяліліся ўдзельнікі. — Сёлета ўмовы былі спецыфічнымі: высокая асака, хмызнякі і многа вады. Трэба было надзейна падрыхтаваць касу, інакш на першых пракосах яна магла выйсці са строю. Ну, і свае сілы шмат значылі.

IMG_2476

— Хачу падзякаваць Пастаўскаму раённаму выканаўчаму камітэту за садзейнічанне ў атрыманні віз для касцоў, — гаварыў П. П. Кароль. — А кіраўніцтву Наваполацкага завода тэхналагічных металаканструкцый — за спонсарскую падтрымку. І, канешне ж, Іосіфу Галяку і Валерыю Каліцкаму за іх спрыт, вынослівасць, імкненне да перамогі.

Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.