“Ні пра што не шкадую”


IMG_1162

Замуж Зіна выйшла позна — у сорак гадоў. Прыгожая, працавітая, усё перабірала жаніхоў і ў кожным знаходзіла нейкі недахоп. З Калюсем яны разам працавалі на будаўніцтве дарогі. У яго пасля цяжкай хваробы памерла жонка. Асірацела трое дзяцей, меншай з якіх споўнілася ўсяго чатыры гадочкі.

— Дапамажы мне жыць, Зінулька, — паклікаў замуж. — Трэба дзетак падымаць.

Толькі самой вядома, што гэта было з яе боку: каханне, самаахвярнасць, жаль да дзяцей, але яна адказала згодай.

— І пражылі мы з Калюсем дружна, — успамінае Зінаіда Пятроўна Квач. — Інакш як Зінулька ён мяне не зваў.  Выгадавалі дзяцей. Усе атрымалі адукацыю, вывучыліся на каго хацелі. Жывуць у розных гарадах Беларусі. Ужо восем гадоў, як няма ў жывых Калюся. Не засталося нікога з равеснікаў і з маёй роднай вёскі Станелевічы, а я вось затрымалася на гэтым свеце.

Яе жыццё ніколі не было лёгкім. Праца, праца і праца. З маленства. Спачатку па хатняй гаспадарцы, затым у калгасе, на Норыцкім спіртзаво­дзе, у дарожнай арганізацыі. Летам клалі асфальт, зімой пракладвалі трубы, ламамі выбі­валі для гэтага мёрзлую зямлю.

Калі выйшла на пенсію, змагла больш часу аддаваць уласнаму падвор’ю. У яе быў найпрыгажэйшы ў вёсцы кветнік, поў­ная хата вазонаў. Адвяла душу і з вязаннем.

— Як жа цудоўна цёця Зіна вязала! — расказвала мне жонка яе пляменніка Пятра Пусько Святлана. — Калі яшчэ працавала і дзеці былі на яе руках, вязала па начах. Дзецям, пляменнікам, сястры, а таксама на продаж, бо вельмі патрэбна была ў хаце капейка. Ёй дастаткова было адзін раз убачыць на кім-небудзь узор — вывязвала па памяці. Яна і прала, ткала, добра шыла. Вельмі любіла дзяцей, дапамагала старым. А як гатавала! Што за смаката яе каўбаскі, паштэты, тушонкі! І зараз знаходзіць занятак — дапамагае мне рабіць нарыхтоўкі, мые посуд. І ўсё пытаецца: што яшчэ зрабіць?

У лютым гэтага года ў Зінаіды Пятроўны здарыўся інсульт. Месяц ляжала ў неўралагічным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы. І так цягнулася да жыцця! Выконвала ўсе назначэнні ўрача, рабіла фізічныя практыкаванні. Яе ратавалі не толькі медыкі, але і клопат і ўвага блізкіх людзей. Па два разы на дзень наведваліся Пеця і Света — кармілі, падымалі, прыбіралі, абнадзейвалі. З Хрыстова прыязджалі пляменнік Гена, яго жонка Марына, іх дачка. Даведаўшыся пра хваробу цёткі, летам яе наведалі і два пляменнікі з Чалябінскай вобласці. Не ўсе дзеці так клапоцяцца пра хворых бацькоў, як пляменнікі пра Пятроўну.

І яна паправілася! А праз месяц новае выпрабаванне — інфаркт. Зноў баль­ніца, толькі аддзяленне тэрапеўтычнае. Вель­мі ўдзячная дактарам І. С. Крывенька, П. Е. Лук’янаву, участковаму тэрапеўту А. М. Балай, медсёстрам і санітаркам неўралагічнага і тэрапеўтычнага аддзяленняў, якія вярталі яе да жыцця.

А жыццё Зінаіда Пятроўна любіць. Яна была і застаецца аптымісткай. “Бывала, пасварымся з мужам, — успамінала, — дык я не плачу, а пласцінку з любімымі песнямі пастаўлю, акно расчыню, сяджу на вуліцы на лаўцы і падпяваю. Вельмі любіла спяваць. А ўвогуле Калюсь быў добры, ва ўсім дапамагаў мне.

Гэтым летам Зінаідзе Пятроўне споўнілася 85. Усё цяжэй і цяжэй самой упраўляцца ў хаце, тым больш пасля перанесеных хвароб. “Людзі ў нашых Квачах вельмі харошыя, — гаварыла жанчына. — За сорак гадоў я тут ужо ўсіх ведаю, і старэйшых, і мала­дзейшых. Маю добрых сябровак. Але па некалькі месяцаў па чарзе гасцюю то ў Пецевай сям’і ў Паставах, то ў Генавай у Хрыстове. Іншы раз кажу: можа, я вам замінаю, аформі­це мяне ў той дом, дзе ўсе старыя жывуць, я з людзьмі лёгка сыходжуся, не прападу. Не згаджаюцца, шануюць мяне, забіраюць да сябе”.

Нягледзячы на хваробы, зніжэнне слыху, Зінаіда Пятроўна не страціла інтарэсу да жыцця. Любіць чытаць газеты, глядзіць тэлевізар. Перавагу аддае праграмам “Мужское/Женское”, “Пусть говорят”, “Давай поженимся”. Размаўляе па мабільным і стацыянарным тэлефонах, а са сваёй малодшай сястрой са Златавуста (Чалябінская вобласць) — і па скайпе. Начамі, калі не спіцца, успамінае былое і трэніруе памяць — узгадвае або вучыць новыя песні і вершы, прамаўляе малітвы. Асабліва ёй падабаецца песня пра старасць, прыпеў у якой гучыць так: “Старею, старею, но не жалею, но не жалею об этом никак”.

І сапраўды, ці мае сэнс шкадаваць? Нічога ж не зменіш і нічога не вернеш назад…

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.