Нялёгка даюцца ачкі

Спорт

футбол ПМЦ Шумилино

ФК “Паставы-ПМЦ” — ФК “Шуміліна” — 1:1

Больш чым месяц пастаўчане не гулялі ў чэмпіянаце вобласці. У выніку, хоць і трэніраваліся, але крыху страцілі гульнявы тонус. Змагацца дома давялося супраць сапраўдных грэнадзёраў — высакарослых і фізічна моцных футбалістаў. У першым тайме наша каманда валодала гульнявой ініцыятывай, стварыла тры моманты для ўзяцця варот саперніка і адзін з іх рэалізавала. На 36-й хвіліне гаспадары правялі імклівую атаку. Удар распасоўшчыка пастаўчан Руслана Зелянкевіча варатар гасцей Павел Барысаў адбіў, аднак мяч падабраў паўабаронца ПМЦ Віталь Жылевіч і адкрыў лік.

Пасля перапынку шумі­лінцы пайшлі наперад, каб адыграцца, але на 54-й хвіліне прапусцілі вострую контратаку.  Матч пайшоў бы па іншым сцэнарыі, але з 10 метраў насупраць варот нікім не прыкрыты Яўген Ясюковіч паспяшаўся ўдарыць і прамахнуўся. А вось нападаючы гасцей Аляксандр Рудакоў лік зраўняў. Пасля гэтага на полі сталі дамінаваць шумілінцы і тройчы не выкарысталі галявыя моманты, каб вырваць перамогу.

Гэта нічыя пакінула пастаўчан (а на полі гулялі Лубко, Мінгіновіч, Жарскі, Пучынскі, Міснік (Валодзька), Жылевіч (Хмельнік), Зелянкевіч, Карага (к), Пасевіч (Чалей), Павініч, Ясюковіч на 6-м месцы ў турнірнай табліцы, а ў лідары першынства выйшаў наш наступны сапер­нік, сенненскі “Камунальнік”, які на выездзе разграміў ФК “Глыбокае” з лікам 6:1. Дзеючы чэмпіён — ФК “Лепель” — падняўся на 3-е месца пасля выязной перамогі над гарадоцкім “Праменем” з лікам 2:1. Сустрэча двух фаварытаў — “Полацкгаза” і “Газавіка” (Віцебск) — была перанесена на больш позні тэрмін з-за выезду палачан у Брэст на паўторны матч 1/4 фіналу розыгрышу Кубка рэгіёнаў Беларусі. Нашай камандзе ў абласным першынстве трэба будзе правесці яшчэ сем важных паядынкаў.

Асноўная барацьба за медалі толькі пачынаецца.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.