“Паставы-ПМЦ” — у фінале!

Спорт

9369

У гэтым годзе барацьбу за ўзнагароды ў чацвёртым айчынным дывізіёне, чэмпіянаце Віцебскай вобласці па футболе, у групах “А” і “Б” вялі з вясны 14 каманд. Адзін з самых маладых у турніры — футбольны клуб “Паставы-ПМЦ” — даволі роўна правёў папярэдні раўнд першынства, чаго не чакалі сапернікі. Пастаўчане ў 11-ці праве­дзеных матчах атрымалі 5 перамог, тройчы згулялі ўнічыю і столькі ж разоў прайгралі, набралі 18 ачкоў пры станоўчай розні­цы забітых і прапушчаных мячоў 22-12. Хто з трох прэтэндэнтаў трапіць у фінальную васьмёрку, вырашылася ў перанесеным паядынку ў Полацку. Леташні бронзавы прызёр — каманда Міёр — хоць і старалася, але не змагла стрымаць націск палачан і прайграла ім з лікам 0:5.

У выніку з нашай заходняй зоны ўслед за “По­лацк­газам” і ФК “Глыбокае” ў фінал, дзе будзе разыграна званне чэмпіёна вобласці, выйшлі пастаўчане і каманда Лепеля. Закончыўся сезон для футбалістаў Міёр і Шаркаўшчыны, а “Дзвіна-Барс” (Верхнядзвінск) знялася са спаборніцтваў пасля першага круга з-за правальных вынікаў. Да гэтай кампаніі няўдачнікаў ва ўсходняй групе “Б” далучацца ФК “Бешанковічы” і былы чэмпіён вобласці — дубровенскі “Днепр”. У гэтай зоне датэрмінова сталі фіналістамі фаварыты — віцебскі “Газавік”  і “Камунальнік”  (Сянно), а за яшчэ дзве пуцёўкі вядуць вострую барацьбу каманды Гарадка, Талачына і Шуміліна.

У рашаючым раўндзе матчы пройдуць дома і на выездзе паміж камандамі, якія не гулялі адна супраць другой на першым этапе (але набраныя раней ачкі захоўваюцца). Такім чынам, на працягу яшчэ двух месяцаў на гарадскім стадыёне можна будзе пабачыць захапляльную барацьбу за ўзнагароды і за выніковыя 1—8 месцы, бо сілы найлепшых клубаў вобласці прыкладна аднолькавыя. Неўзабаве стане вядомы каляндар рашаючых паядынкаў. Радуе, што наша каманда сёлета прыкметна прыбавіла, бо ў двух папярэдніх чэмпіянатах вобласці яна займала 12-е і 11-е выніковыя месцы, а найвышэйшым дасягненнем пастаўчан на абласным узроўні было 5-е месца ў сезоне 2005 года. Магчыма, сёлета нашым футбалістам удасца падняцца яшчэ вышэй?

Уладзімір ШЫК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.