Праз Варапаева — у Полацк

Духовность

IMG_3574

У мінулую пятніцу ў мікрараёне Варапаеўскага завода жалезабетонных вырабаў было шматлюдна. Прыхаджане мясцовага храма разам з настаяцелем Георгіем Лакоткам, пасялкоўцы, госці з іншых населеных пунктаў прыйшлі, каб хлебам-соллю сустрэць Жыватворны агонь ад Гроба Гасподняга.

Яго ў незгасальнай лампадзе і цудатворную Загор’е-Сталавіцкую ікону Прасвятой Багародзіцы прывезлі ўдзельнікі міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Васільевіч Чэпік.

IMG_3501

— Рады вітаць вас на пастаўскай зямлі, — гаварыў Сяргей Васільевіч. — І не без гонару адзначу, што наш горад мае багатую гісторыю і гістарычна-культурную спадчыну. У 2019 годзе ён адзначыць 610 гадоў. Дзень беларускага пісьменства ў Паставах праходзіў у 2006 годзе, і тады мы таксама сустракалі экспедыцыю з Жыва­творным агнём. Ён быў перададзены на вечнае захоўванне ў храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца.

Слова мела і паэтэса Ніна Загорская. “Экспедыцыя стартавала 30 жніўня ў Свята-Духавым кафедральным саборы Мінска па благаславенні епіскапа Барысаўскага і Мар’інагорскага Веніяміна, — расказвала яна. — Перш чым трапіць у Варапаева, Жыватворны агонь мы пакінулі ў Радуні, Воранаве, Астраўцы. У 24-ы раз гэта мерапрыемства крочыць па беларускіх гарадах і вёсках. Канчатковы пункт маршруту — сёлетняя сталіца Дня беларускага пісьменства — старажытны Полацк”.

IMG_3534

Падчас цёплай сустрэчы каравай быў уручаны пісьменніку Анатолю Бутэвічу. Асвечаная варапаеўская зямля як сімвал далучэння да свята беларускага пісьменства ўсіх гарадоў і пасёлкаў, праз якія пралёг маршрут экспедыцыі, была перададзена для закладкі Саду малітвы ў Полацку.

Хрэсным ходам удзельнікі экспедыцыі разам з духавенствам прайшлі ад мікрараёна завода жалезабетонных вырабаў да храма Уваскрэсення Хрыстова, дзе іх вітаў царкоўны перазвон. Затым айцец Аляксандр Пачопка перадаў Жыватворны агонь прыхаджанам. Ад вялікай лампады яны запалілі свечкі і лампадкі, перанялі яго святло ў свае душы і сэрцы. Святары адслужылі малебен. Пасля мудрай пропаведзі айца Аляксандра накіраваліся да месца пасадкі Саду малітвы, што побач з храмам.

IMG_3667

А тым часам у школе і на прыступках царквы ўдзель­нікі творчай часткі экспедыцыі — пісь­мен­нікі, музыканты, артысты, навукоўцы — неслі людзям асветніцкае слова. Побач з пастаяннымі ўдзельнікамі, та­кімі як паэтэса Ніна Загорская, дзяржаўны дзеяч, пісьмен­нік, публіцыст Анатоль Бутэвіч, якія не першы год падарожнічаюць па памятных мясцінах нашай Радзімы, былі і тыя, хто ўпершыню далучыўся да мерапрыемства: навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лапата-Загорскі, журналіст, паэт Зміцер Арцюх, скрыпачка, вакалістка, выпускніца Венскай кансерваторыі, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Юлія Лебядзенка і іншыя.

Людзі паступова разыходзіліся. Дадому яны неслі не толькі лампадкі з Жыватворным агнём, але і веру, надзею, якімі напоўні­ліся сэрцы падчас малітвы.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.