Свята вёскі Дварчаны


IMG_5908

Напрыканцы жніўня жыхары Дварчан сабраліся каля мясцовага сельскага клуба. Яго прыступкі сталі імправізаванай сцэнай для свята вёскі, якое падрыхтавала загадчыца СДК Святлана Уладзіміраўна Памазкова. Апошні раз з такой нагоды дварчанцы збіраліся ў 2014-м, калі адзначалі 365-годдзе вёскі. 


З гісторыі: Першы ўпамін пра Дварчаны датуецца 1649 годам. Раней тут знаходзіўся вялікі двор, гаспадары якога наймалі да сябе на работу бедных неадукаваных людзей. Іх у тыя часы называлі “люд чарный”. Адсюль пайшла і назва — “двор чарный” — Дварчаны. Да вайны вёска была зусім невялікая, яе межы пашырыліся ў 50-я гады, калі сюды былі перавезены хаты з хутароў.     


Вітала прысутных стараста вёскі Ганна Міхайлаўна Прашмунт. Яна з жалем узгадала імёны тых аднавяскоўцаў, якіх ужо не стала, і парадавалася за маладое пакаленне дварчанцаў, якое годна працягвае лепшыя працоўныя традыцыі, закладзеныя землякамі-папярэднікамі. Пра гэта гаварыла і С. У. Памазкова:

— Раней ферма “Мацуты” лічылася адной з перадавых у калгасе. Тут працавалі цудоўныя людзі: К. П. Кавалеўская, Т. С. Грыбоўская, А. Э. Субко. Не адставалі і нашы механізатары, а мясцовыя камбайнеры спаборнічалі толькі паміж сабой. Усе першыя радкі зводак падчас жніва займалі Л. Б. Бейнер, Г. І. Прашмунт, І. Ф. Аўгусціновіч. А. А. Субко быў лепшым зваршчыкам у калгасе, а І. А. Кавалеўскі — электрыкам. Усе палі ў акрузе ведала брыгадзір Б. М. Лешчык, усё зерне нашага аддзялення праходзіла праз рукі М. М. Карташэвіч. Жыццё гаспадаркі ў лічбах адлюстроўвалі эканаміст Г. Г. Адамовіч, бухгалтары Б. М. Турон, Л. М. Ядзевіч, Л. У. Аўгусціновіч. Зараз з гэтым цудоўна спраўляецца А. І. Кірплюк.

IMG_5915

Высокімі дасягненнямі можа пахваліцца і новае пакаленне працаўнікоў Дварчан. У гэтым годзе адзначана работа жывёлавода В. А. Феакціставай. Маюць добрую рэпутацыю ў гаспадарцы механізатары А. Р. Вярбіцкі, С. Ч. Волк, Л. М. Счасны, П. Б. Бейнер, В. І. Лоўчык, К. С. Чапскі, І. Ч. Яркоўскі, А. І. Жылаў, В. В. Кірплюк.

Падчас свята вёскі ўзгадалі самых старэйшых жыхароў: Любоў Фёдараўну Жылінскую і Агаф’ю Іосіфаўну Сабачэўскую (1928 г.н.), Яўгенію Васільеўну Пятрову (1930 г.н.). А ў сакавіку бягучага года ў Дварчанах з’явілася самая маленькая жыхарка — Волечка Філіпо­віч. Павіншавалі таксама і юбіляраў.

 У 2004 годзе з-за малаколькасці вучнёўскіх класаў у Дварчанах была закрыта школа. У напамін пра яе засталася толькі назва цэнтральнай вуліцы вёскі. На свяце быў аформлены стэнд, дзе дварчанцы маглі ўбачыць сябе і сваіх сяброў у школьныя гады. Фоталетапіс пачынаўся з канца 50-х. 

На заканчэнне свята Святлана Уладзіміраўна Памазкова пажадала землякам заставацца такімі ж добрымі, чулымі, з моцным характарам, з вялікай працавітасцю, павагай да сябе і блізкіх.

Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.