Свята вёскі Волься


Свята вёскі Волься фоткі_Страница_6

У апошнюю нядзелю жніўня ў Вольсі было асабліва мнагалюдна. Яно і не дзіўна: ладзілася свята вёскі, пра якое напярэдадні паведамлялася ў раённай газеце.

У вызначаны час у двары маіх бацькоў Леанарда Баляслававіча і Ванды Іосі­фаўны Тарасевіч пачалі збірацца вяскоўцы, іх родныя, тыя, чые дзя­­­цінства і маладосць звязаныя з гэтымі прыгожымі мяс­цінамі. Тут жа зладзілі імправізаваную сцэну, на якой выступалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці з Лукашова, Ляхаўшчыны, Валкоў і Ярэва: Л. Мелец, А. Іваніцкая, А. Баторы, М. Пусько, Л. Ціцянкова, Н. Флар’яновіч, Н. Нейфельд, Л. Рымшэліс, Я. Свецікава, М. Свецікаў.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня Ярэўскага сельскага Савета Павел Антонавіч Скрыдлеўскі. Ён павіншаваў усіх са святам, адзначыў, што, нягледзячы на паважаны ўзрост, вяскоўцы ўтрымліваюць свае прыдамавыя тэрыторыі ў належным стане: хаты пафарбаваныя, панадворкі абкошаныя, у агародчыках ля дамоў палымнее мноства кветак. Узорам парадку і чысціні служаць дамы Г. В. Свілель, В. І. Тарасевіч, Г. В. Цыбульскай. Радуе, што вёска прырастае новымі жыхарамі — тут набылі дамы пастаўчане. Некаторыя з іх пераехалі ў вёску на пастаяннае месца жыхарства, а хтосьці пера­біраецца сюды на лета або наведваецца ў выхадныя. За кароткі час яны навялі прыгажосць ля сваіх хат. Звяртае на сябе ўвагу ярка пафарбаваны дом Т. Грынько. Арыгінальныя клумбы і Жар-птушка з пластыкавых бутэлек упрыгожваюць панадворак Т. Канавальчык. Шчыруе на сваім участку, абуладкоўвае месца для адпачынку дзяцей А. Жук. З ранняй вясны да позняй восені патанае ў кветках сядзіба А. Мін­чанка.

Старшыня сельскага Савета падзякаваў дбайным гаспадарам за працу, пажадаў ім новых ідэй у аздабленні дамоў і ўручыў шыльды “Дом узорнага парадку” В. І. Тарасевіч, С. В. Мінчанка, Т. Канавальчык і Т. Грынько.

У перапынках паміж музычнымі нумарамі вядучыя свята віншавалі юбіляраў, якія адзначылі або неўзабаве адзначаць круглыя даты з дня нара­джэння. Гэта А. М. Козел, З. І. Літвіновіч, В. С. Вежан, Л. Б. Тарасевіч, Г. В. Цыбульская, А. Ю. Жук.

Свята вёскі Волься фоткі_Страница_4

Ёсць сярод вяскоўцаў і сем’і з вялікім сямейным  стажам. Так, 50 гадоў крочаць разам па жыцці Тарасевічы, 45 — Дзісько, 40 — сем’і Карпей і Мінчанка.

Усе былі прыемна ўражаныя ўзростам доўгажыхаркі Юзэфы Мікалаеўны Янус. Сёлета яна адзначыла свой ­106-ы дзень нараджэння. Зараз жыве ў дачкі ў Мінску.

Неба зацягвалі хмары, пачынаў імгліць дождж, але гэта не сапсавала настрою прысутным. Людзі падпявалі артыстам, за кожны нумар дзякавалі бурнымі апладысментамі, танцавалі.

Гучала на свяце і скрыпка. Так павіншавала гасцей мерапрыемства дачка Уладзіміра Пятровіча і Святланы Вікенцьеўны Мінчанка — Ксенія. А яе муж выканаў пад гітару некалькі песень. Вельмі прыемна было слухаць іх выступленні. Дарэчы, уся ­сям’я Мінчанка музыкальная. Ула­дзімір Пятровіч цудоўна грае і на баяне, а Святлана Вікенцьеўна прыгожа спявае.

Пасля ўрачыстай часткі ўсіх чакаў багаты святочны стол. Хоць  надвор’е  і ўнесла свае карэктывы (з-за дажджу прыйшлося перабрацца ў хату і працягнуць свята там), але па-ранейшаму было весела.

Хочацца выказаць словы ўдзячнасці за цудоўную арганізацыю свята старшыні Ярэўскага сельскага Савета П. А. Скрыдлеўскаму, загадчыцы мясцовага сельскага клуба Я. Свецікавай, старэйшыне вёскі Волься Г. В. Цыбульскай, гасцінным гаспадарам, а таксама ўсім, хто знайшоў час для сустрэчы з землякамі.

Алена ЛАШУК, в. Волься.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.