Святы вёсак


DSCF6359

Мой родны кут, мая зямліца, цябе нікому не адняць.

Як мне табой не ганарыцца, цябе, як сонца, не вітаць?

Такімі паэтычнымі радкамі распачыналі сваё выступленне самадзейныя артысты Камайскага СДК, якія разам са старшынёй сельскага Савета Г. Ч. Урбанайцем падарылі свята жыхарам дзвюх вёсак — Лявонавічаў і Муляраў.

Вёска Лявонавічы раскінулася ўздоўж дарогі, па абодва бакі якой дагледжаныя дворыкі, прыгожыя кветкі радуюць вока. Тут падрастаюць восем дзяцей. Самы маленькі жыхар — двухгадовы Антон Пупкевіч.

Велічыня вёскі вызначаецца не колькасцю жыхароў і хат, а колькасцю добрых людзей. А тое, што ў Лявонавічах жывуць шчырыя, працавітыя і вясёлыя людзі, не патрабуе доказу. Сонечным жні­веньскім ранкам яны сабраліся ва ўтульным панадворку Віктара і Галіны Партасевіч. Свята вёскі якраз супала з адметнай датай у іх сям’і. Галіна Пятроўна і Віктар Эрнэставіч у гэты дзень 23 гады назад ладзілі вяселле. У каханні і згодзе крочаць па жыцці, шчыруюць ва ўласнай гаспадарцы. Абое працуюць на свінагадоўчым комплексе. Галіна і Віктар вельмі прыгожая пара. А тыя, хто танцаваў на іх вяселлі, сцвярджаюць, што яны зусім не змяніліся. Усе шчыра пракрычалі ім “горка!”, падарылі песню, пад якую сямейная пара выканала вясельны танец.

Расчулілася найстарэйшая жыхарка вёскі Юзэфа Юльянаўна Раманоўская. У свае 90 гадоў яна надзвычай жвавая, рухавая. Усё жыццё адпрацавала даяркай. Выгадавала дваіх дзяцей. “Як імгненне, праляцелі гады! Каб яшчэ трохі болей здароўя — было б зусім добра!” — казала.

Ёсць у Лявонавічах і мнагадзетныя сем’і. Лія Антонаўна і Леанід Пятровіч Купран выгадавалі шасцярых дзетак. Яна працавала даяркай, а ён — трактарыстам. Зараз абое на заслужаным адпачынку. Але хапае працы каля хаты.

У Мулярах з прывітальным словам да вяскоўцаў звярнулася настаўніца мясцовай школы Генавефа Ігнацьеўна Дубіловіч, расказала гісторыю вёскі. Пасумавалі разам, што школу закрылі, а потым з настаўніцай Янінай Вацлаваўнай Сінкевіч цудоўна праспявалі пра родную старонку, першую настаўніцу.

Па гадах самая старэйшая жыхарка вёскі — Вільгельміна Мікалаеўна Барткевіч. Але самая маладая душой і самая багатая… на жыццёвы вопыт, дзяцей, унукаў, праўнукаў. У яе трое дзяцей, восем унукаў і чатыры праўнукі. У свае 85 гадоў вельмі пазітыўная жанчына. На свяце вёскі разам з дачкой Алай і нявесткай Аленай выканала жартоўную песню.

Больш за 30 дзяцей рознага ўзросту напаўняюць вёску радасцю. Ёсць і мнагадзетныя сем’і. Гадуюць пецярых дзетак Анатолій і Аксана Смільгін (хутка сям’я папоўніцца шостым), чацвярых —  Мікалай і Лія Карманавы, а таксама Сяргей і Ірына Траўкіны. Назвалі імя самага маленькага жыхара Муляраў — гэта васьмімесячная Яна Карманава.

На свяце былі адзначаны круглыя даты сем’яў. Ірэнеуш Міхайлавіч і Ірына Іванаўна Хаткевіч 40 гадоў у шлюбе. Часлаў Віктаравіч і Галіна Валянцінаўна Урбан — 35. Па 15 гадоў крочаць разам па жыцці Аляксандр Станіслававіч і Марыя Аляксандраўна Шымковіч, а таксама Сяргей Фаміч і Ірына Іванаўна Траўкіны. Алавянае вяселле (10 гадоў шлюбу) у Мікалая Мікалаевіча і Ліі Юр’еўны Карманавых.

Удзельнікі тэатра песні “Вясковы экстрым” Камайскага СДК спявалі, жартавалі, весяліліся разам з гледачамі. У абедзвюх вёсках прысутных вітаў старшыня сельскага Савета Генадзь Часлававіч Урбанайць і ўручыў дыпломы гаспадарам найбольш дагледжаных падворкаў.

Рыхтуючы святы, мы пераканаліся, што Лявонавічы і Муляры — вельмі багатыя вёскі. Багатыя на працавітых, добрых, прыгожых людзей. І яны маюць свае адметнасці.

Г. Бразюль, дырэктар Камайскага СДК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.