Тэм для абмеркавання было шмат

Местная власть

В. В. Аскерка і старшыня райвыканкама С. В. Чэпік падчас прыёму.
В. В. Аскерка і старшыня райвыканкама С. В. Чэпік падчас прыёму.

На мінулым тыдні наш раён наведаў намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Віктар Ві­тальевіч Аскерка. Мэ­та прыезду — асабісты прыём грама­дзян. Віктар Вітальевіч курыруе пытанні кі­раўніцтва агра­пра­мыс­ловым комплексам, каардынацыі дзей­насці арганізацый у сферы лясной гаспадаркі, выкарыстання зямельных рэсурсаў, аховы навакольнага асяроддзя.

Папярэдне на прыём не запісаўся ні адзін чалавек, ніхто не прыйшоў і ў той дзень. Растлумачыць гэта можна тым, што ў раёне выпрацавана дакладная сістэма работы са зваротамі грамадзян: “прамыя тэлефонныя лініі” рэгулярна праводзяць старшыня райвыканкама, яго намеснікі, загадчыкі аддзелаў, спецыялісты, кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў, якія абслугоўваюць насельніцтва, арганізуюцца выязныя прыёмы. Калі ў чалавека ўзнікаюць праблемы, якія яму не пад сілу вырашыць самастойна, ён не абавязаны чакаць дня прыёму пэўным спецыялістам, а можа са сваім пытаннем звярнуцца на “гарачую лінію” райвыканкама. Найбольш часта паступаюць пытанні, якія датычаць работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, занятасці насельніцтва, сацыяльнай абароны. Большасць зваротаў кіраўніцтвам раёна вырашаецца ў самыя сціслыя тэрміны, выкананне ўсіх пытанняў бярэцца на кантроль. Таму і не выстройваюцца чэргі на прыём да высокіх чыноўнікаў.    

З-за адсутнасці наведвальнікаў намеснік старшыні аблвыканкама меў час для гутаркі з кіраўніцтвам раёна і спецыялістамі. На сустрэчы прысутнічалі старшыня райвыканкама С. В. Чэпік, яго першы намеснік Г. І. Лютынскі, намеснікі Ю. М. Кісялёў, П. Р. Станюш, начальнік аддзела землеўпарадкавальнай службы А. В. Іванькова, галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя А. А. Гатоўчык, першы намеснік начальніка РАУС Д. В. Куталёў, начальнікі філіялаў “ДРБУ-132” — С. А. Рагіня і “ДЭУ-33” — А. П. Крукоўскі. Тэм для абмеркавання знайшлося нямала.

В. В. Аскерка выказаў занепакоенасць ходам уборкі ўраджаю, выкананнем дзярж­заказу па продажы збожжа. Пастаўскі раён найбольш пацярпеў ад празмернай колькасці ападкаў, якія ў шмат разоў перавысілі месячную норму. Палі з яравым рапсам, бульбай, ільном стаяць пад вадой. Не ўбраны і зерневыя. Але становішча не крытычнае.

Намеснік старшыні аблвыканкама пацікавіўся станам дарог у раёне, колькасцю дарожнай тэхнікі, платнымі паслугамі, якія арганізацыі аказваюць насельніцтву. Звярнуў увагу на рацыянальнае выкарыстанне зямель. Тыя, што не апрацоўваюцца сельгаспрадпрыемствамі і зарастаюць кустарнікамі, парэкамендаваў тэрмінова перадаць у фонд лясгаса для высадкі саджанцаў дрэў. У бліжэйшы час трэба абследаваць меліярацыйную сістэму раёна, выяўленыя недахопы ў ёй неадкладна ўхіліць. Гаварылася пра развіццё жывёлагадоўлі, будаўніцтва сучасных ферм, набыццё новай тэхнікі, узровень заработнай платы, абмяркоўваліся перспектывы развіцця раёна. На ўсе пытанні, пастаўленыя Віктарам Вітальевічам Аскеркам, спецыялісты давалі аб’ектыўныя і вычарпальныя адказы.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.