У Навасёлках — тры тысячнікі

Местная власть

IMG_1198

На гэтым здымку вадзіцелі ААТ “Навасёлкі-Лучай” Вальдэмар Раманавіч Мацур, Аляксандр Мікалаевіч Альхімёнак і Аляксандр Аляксандравіч Болт усміхаюцца (ледзьве ўпрасіла для кадра ў газету, хоць нагода для радасці была). Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Мікалаевіч Герасіменка толькі што ўручыў кожнаму Падзячныя пісьмы і грашовыя прэміі па 50 рублёў.

Але даражэй за любую ўзнагароду для хлебаробаў было б тое, каб неба вызвалілася ад навіслых шэрых хмар, выглянула сонца і падарыла надзею, што камбайны зноў выедуць у поле, з іх бункераў пасыплецца ў кузавы машын збожжа і будуць усё новыя і новыя рэйсы з поля на ток.

Стаць тысячнікам для навасёлкаўцаў не навіна. Гаспадарка штогод атрымлівае багаты ўраджай, і ў камбайнераў і вадзіцеляў ёсць магчымасць дабівацца на жніве высокіх паказчыкаў. Вось і сёлета ўраджайнасць тут перавышае 40 цэнтнераў з гектара  і ўжо тры ва­дзіцелі перавезлі больш чым па тысячы тон збожжа. Набліжаюцца да такой жа лічбы камбайнеры Віталій Аляксандравіч Смолка, Уладзімір Пятровіч Праліч, Аляксандр Часлававіч Курдо.

— А ўвогуле год як ніколі цяжкі, — гаварыў дырэктар таварыства Юрый Францішкавіч Шымчык. — Надвор’е выпрабоўвае нас на стойкасць. Пад вадой стаяць зерневыя, якія не паспелі ўбраць да дажджоў, бульба (а яе пасадзілі 30 гектараў), застаецца ў валках салома. У нас хапае і тэхнікі, і кадраў, а з-за ўмоў надвор’я завяршыць уборку не можам.

У той дзень, калі ўшаноўвалі ва­дзіцеляў-тысячнікаў, у гаспадарцы з 55 гектараў абмалацілі рапс. На збожжавыя палеткі камбайны ўз’ехаць не змаглі. А на карані застаецца яшчэ не адна сотня гектараў зерневых.

Фаіна КАСАТКІНА,

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.