Упраўляюцца самі, дапамагаюць іншым

Общество

Поставский лесхоз

Дзесяць месяцаў (з мая па люты) работнікі Пастаўскага лясгаса ліквідоўвалі наступствы ўрагану, які вясной мінулага года пашкодзіў сотні гектараў лесу ў Чэрвеньскім і Смалявіцкім раёнах. За гэты час там нарыхтавалі 23 тысячы кубаметраў драўніны. Паклапаціліся і пра аднаўленне лясоў: на 40 гектарах высадзілі саджанцы. Людзі выязджалі ў камандзіроўку вахтавым метадам і з нецярпеннем чакалі яе заканчэння.

Аднак доўга пабыць дома не ўдалося — у ліпені дапамога спатрэбілася лесаводам Светлагорскага раёна, дзе на дрэвах выявілі караеда. Зноў людзі і тэхніка адправіліся за 400 кіламетраў ад дому. Згодна з планам, ім трэба правесці работы амаль на 177 гектарах, нарыхтаваць 20 тысяч кубаметраў драўніны з суцэльнай рубкі і 2 — з выбарачнай. 10 тысяч кубаметраў ужо рэалізавана на экспарт. Астатняя драўніна пастаўляецца на “Рэчыцадрэў”, “Гомельдрэў”, на Светлагорскі цэлюлозна-папяровы камбінат. Некандыцыйная вагонамі дастаўляецца на патрэбы Пастаўскага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а таксама на дровы насельніцтву. З даведзеным аб’ёмам пастаўчане разлічваюць справіцца да 1 кастрычніка.

Не спыняюцца работы і на сваіх уладаннях, якія займаюць больш за 90 тысяч гектараў і размяшчаюцца на тэрыторыі Пастаўскага, Глыбоцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Вялікая ўвага надаецца асноўным напрамкам дзейнасці: лесаахоўным і супрацьпажарным мерапрыемствам, лесааднаўленню і лесаразвядзенню, памнажэнню лясных багаццяў. Вядуцца планавыя рубкі, ачыстка лесу пасля буры, якая прайшлася па Груздаўскім, Варапаеўскім і Старадворскім  лясніцтвах, працягваюцца добраўпарадкаванне тэрыторыі лясніцтваў і рэканструкцыя дома паляўнічага ў Прудніках.

Радуюць поспехі рэканструяванага цэха па апрацоўцы драўніны, які выйшаў на праектную магутнасць. Штомесяц у ім перапрацоўваюць па 3300-3400 кубічных метраў драўніны.

Калі гаварыць мовай лічбаў, то за 8 месяцаў бягучага года лесанарыхтоўкі склалі 117,2 тысячы кубічных метраў (план выкананы на 119,6 працэнта). Вытворчасць піламатэрыялаў — 10,82 тысячы кубаметраў (працэнт выканання плана — 174,5). Ад экспарту лесапрадукцыі і паслуг атрымана 1497,7 тысячы долараў ЗША.

За лічбамі стаіць руплівая праца людзей. Іх у калектыве лясгаса 361 чалавек. Тыя, хто не меў заўваг па рабоце і дысцыпліне, напярэдадні прафесійнага свята атрымаюць у падарунак прадуктовыя наборы. Найбольш дастойныя — Ганаровыя граматы і Падзякі Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, абласнога дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання і раённага выканаўчага камітэта.

Сплаў вопыту і маладосці

IMG_3851

Аляксандр Сяргеевіч Свіла (на здымку злева) у лясную гаспадарку трапіў выпадкова. Доўгі час працаваў у індывідуальнага прадпрымальніка, але застаўся без работы. Фі­зіч­най працы не баяўся, таму пайшоў лесарубам у Пастаўскае лясніцтва. З таго дня мінула 15 гадоў. Цяпер А. С. Свіла — ляснік.

— Гэта адзін з самых вопытных і адказных работнікаў, — характарызаваў яго ляснічы Алберт Албертавіч Туронак (на здымку справа). — Разам працуем пяць гадоў, пасля таго як я ўзначаліў лясніцтва. Аляксандр Сяргеевіч — прыклад руплівасці. Ён добра ведае свае ўладанні (1600 гектараў лесу), якія раскінуліся ад Касцянёў да граніцы з Літвой), сочыць за парадкам.

Частка лясоў знаходзіцца побач з горадам, таму з вясны да позняй восені там шмат людзей. А колькі адпачывальнікаў летам на азёрах Белае, Дубок! Работнікі лясніцтва займаюцца абуладкаваннем пляжаў. А вось некаторыя наведвальнікі лясоў часта пакідаюць у ім смецце, асобныя нядобрасумленныя грамадзяне вывозяць яго ў лес прычэпамі. Таму гаспадарка вымушана расстаўляць фотапасткі. Парушальнікаў прыцягваюць да адказнасці. Вясной шмат клопатаў дастаўляе выпальванне сухой травы. Леснікам і іншым работнікам прыходзіцца быць надзвычай пільнымі, каб не дапусціць пажару ў лесе.

— 70 працэнтаў работнікаў нашага калектыву — ва ўзросце да 30 гадоў, — гаварыў А. А. Туронак. — І такія вопытныя леснікі, як Аляксандр Сяргеевіч Свіла, дапамагаюць маладым асвойваць прафесію.

Ініцыятыўны кіраўнік, старанныя падначаленыя

У. Мядзелка, В. Альхімёнак, Ю. Чашун, В. Місун, А. Цярлюк.
У. Мядзелка, В. Альхімёнак, Ю. Чашун, В. Місун, А. Цярлюк.

Калектыў Старадворскага лясніцтва, які ўзначальвае Юрый Юзэфавіч Чашун, з года ў год дабіваецца добрых вынікаў і лічыцца адным з лепшых сярод 9 лясніцтваў.

— А ўсё таму, што наш ляснічы — сапраўдны гаспадар, — гаварылі старадворскія леснікі і механізатары. — Ён умее не толькі талкова кіраваць,  дакладна спланаваць работу, размеркаваць людзей, але, калі ўзнікаюць складаныя сітуацыі, сам працуе нароўні з іншымі. Для прыкладу, зламаецца трактар — Юзэфавіч дапаможа ліквідаваць паломку, скамбінуе, як хутчэй выканаць тую ці іншую работу. Ва ўсім адчуваюцца яго ініцыятыўнасць, імкненне зрабіць усё як мага лепш.

Ю. Ю. Чашун у лясніцтве працуе з 1996 года. Прыйшоў сюды пасля заканчэння Полацкага ляснога тэхнікума. Затым была тэрміновая служба ў арміі і зноў лясніцтва. Завочна закончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і ўжо 15 гадоў узначальвае лясніцтва.

Калектыў стабільны. У ім 21 чалавек. Правая рука ляснічага — яго памочнік Віталій Альхімёнак, выпускнік Віцебскага ляснога тэхнікума. Пачынаў абрубшчыкам, быў лесніком. А калі вызвалілася пасада памочніка, заняў гэта месца. Два майстры лесу — Віялета Місун і Аляксей Дашкевіч — таксама маюць спецыяльную адукацыю. За парадкам у лясных угоддзях, якія займаюць больш за 8 тысяч гектараў, сочаць пяць леснікоў, самыя вопытныя з іх —  Андрэй Мурзіч і Сяргей Рубан. Нарыхтоўкай драўніны, санітарнымі рубкамі займаюцца пяць вальшчыкаў лесу, найбольшы стаж у Паўла Тананы.

Згодна з планам, работнікам Старадворскага лясніцтва за год трэба нарыхтаваць 30 тысяч кубаметраў драўніны з суцэльнай рубкі і 10 тысяч — з прамежкавай (санітарныя рубкі, прарэджванне). Людзі ў калектыве старанныя. З нагоды прафесійнага свята Граматай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь  узнагаро­джаны трактарыст па падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу Аляксандр Браніслававіч Цярлюк, Падзяка міністра аб’яўлена машыністу тралёвачнай машыны Уладзіміру Іванавічу Мядзелку, грамату дырэкцыі лясгаса атрымала Віялета Місун.

— Заўсёды з удзячнасцю ўспамінаем нашых ветэранаў: лесніка Івана Іванавіча Павалковіча, вальшчыка Мікалая Мікалаевіча Крука, бухгалтара Элю Леанардаўну Шык і іншых, — гаварыў Віталій Альхімёнак. — У іх мы вучыліся гаспадарлівасці, эканомнасці, падтрымцы і выручцы. Мы не толькі добра і дружна працуем, але і разам адзначаем святы, у тым ліку прафесійнае. За добрасумленную працу стараемся заахвочваць людзей матэрыяльна.

Лес пачынаецца з гадавальніка

IMG_3795

Каб атрымаць паўнавартасную драўніну, дрэва павінна расці 60-70 гадоў. А аснова лесу закладваецца ў гадавальніку.

— Спачатку насенне высяваецца ў цяпліцы, — расказваў начальнік гадавальніка Аляксей Родзь. — Праз два гады маленькія саджанцы пікіруем. Цяпер гэта работа вядзецца амаль на паўтарагектарным полі каля Касцянёў. Яна вельмі карпатлівая.

Механізатар Віктар Мядзюха павольна едзе на трактары з лесапасадачнай машынай. На ёй ляснік Камайскага лясніцтва Аляксандр Богуш, лесаводы Іван Капціловіч, Юрый Лебедзеў, абрубшчык лесу Павел Марозаў і наёмны Уладзімір Лоўкіс закладваюць елачкі ў спецыяльныя прыстасаванні. Ззаду за машынай застаецца пяць роўных радоў насаджэнняў. На адной сотцы іх умяшчаецца да 3000 тысяч. Праз два гады дрэўцы выкапаюць і высадзяць ужо на тых месцах, дзе яны будуць расці да спеласці.

Матэрыялы падрыхтавала Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.