Хопіць гуляць з агнём

Общество

дети алкоголиков

У Курапольскім сельсавеце сем дзяцей з трох сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, 21 сям’я — на ўліку ў камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, 3 падлеткі — на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС.

— Чаму вы п’янствуеце?

— А дзе доказы гэтага?

— За кошт чаго жывяце?

— Мне грошы не патрэбны!

— Ад сына адмовіцеся самі або будзем пазбаўляць вас бацькоўскіх правоў праз суд?

Гэта адзін з дыялогаў, што гучалі нядаўна на выязным сумесным пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх і грамадскага пункта аховы правапарадку Курапольскага сельвыканкама. Грамадзянін Д. вёў сябе не проста ўпэўнена, а нахабна, хаця на яго месцы варта было б выбраць іншую тактыку. Злоўжывае алкаголем, звольнены з работы ў ААТ “Кураполле-агра”, выселены з жылля гаспадаркі. Жонка пазбаўлена бацькоўскіх правоў і знаходзіцца на прымусовым лячэнні ў лячэбна-працоўным прафілакторыі, іх непаўналетні сын — у прыёмнай сям’і, а тата не прымае ніякіх мер, каб вярнуць яго да сябе, хоць хлопчык марыць пра гэта. Нават на пасяджэнне Д. прыйшоў нападпітку — алкатэстар паказаў 1,71 праміле. Участковы інспектар аформіў на грамадзяніна пратакол, і ён будзе прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

А вось яшчэ адзін “клапатлівы” тата М. У яго сям’і двое непаўналетніх. Меншы, якому дзесяць гадоў, інвалід трэцяй групы, аўтыст. Маці працуе даяркай, а бацька аформлены па доглядзе сына. На пасяджэнне прыйшоў на мыліцах — зламана нага. Траўму атрымаў у нецвярозым стане. На глебе п’янства здараюцца сямейныя скандалы. Чаму вы навучаеце сваё дзіця? Як з ім займаецеся? Чым развіваеце? На гэтыя пытанні бацька не меў што адказаць.

У сацыяльна небяспечным становішчы знаходзяцца і дзеці грамадзянкі Д. Чатыры гады таму сям’я пераехала ў Кураполле з іншай гаспадаркі. Атрымалі жыллё, работу, але не праявілі сябе з лепшага боку. З-за сямейных скандалаў ужо неаднойчы фігурыравалі ў міліцэйскіх зводках. А між тым, вопыт цвярозага жыцця ў гаспадыні ёсць. Пяць гадоў не ўжывала спіртнога, і ўсё было добра. Пайшла ў чарговы дэкрэтны водпуск і… запіла. Муж прайшоў лячэнне ў нарколага, і зараз да яго няма прэтэнзій. Тэрмінова трэба зрабіць гэта і жонцы. У адваротным выпадку іх дзеці могуць апынуцца ў сацыяльным прытулку.

Знаходзіцца на ўліку ў камісіі па справах непаўналетніх сям’я мнагадзетнай маці С. Яна нарадзіла чатырох дзяўчынак. Старэйшая ўжо паўналетняя, выйшла замуж і жыве асобна. Пад апекай маці засталося трое. Але які прыклад яна паказвае дачушкам? Дапускае прагулы або з’яўляецца на рабоце (працуе даяркай) у нецвярозым стане, за што неаднойчы была аштрафавана, мяняе сужыцеляў.

Гора-маці і грамадзянка Б. Сям’я таксама пераехала з іншай гаспадаркі, дзе не сталі цярпець іх п’янства. Там сітуацыя дайшла да таго, што ў іх ледзьве не забралі дзяцей у прытулак. У Кураполлі прынялі, уладкавалі на працу, пасялілі ў кватэру. Муж зрабіў вывады — закадзіраваўся і зараз не п’е. А жонка ўзялася за старое. Яе прымусілі звярнуцца да нарколага. Звярнулася, атрымала рэцэпт на таблеткі ад алкагольнай залежнасці, але так і не купіла іх. П’е, дапускае прагулы, не ажыццяўляе належнага догляду дзяцей.

Пералік такіх фактаў можна працягваць і працягваць, бо на пасяджэнне былі выкліканы 11 асоб. Але хопіць і гэтых, бо гісторыі падобныя адна да другой і аднолькава сумныя.

— Гэта мерапрыемства выклікана неабходнасцю разабрацца ў сітуацыі, што склалася ў Курапольскім сельсавеце па пытаннях злоўжывання спіртнымі напіткамі, сямейнай нядобранадзейнасці, безадказных адносін да выхавання дзяцей і працоўных абавязкаў, нездавальняючага стану прыдамавых тэрыторый, — гаварыў на пасяджэнні намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў. — Асноўная прычына бяды — п’янства. Асабліва горка, калі з-за гэтай залежнасці дарослых пакутуюць дзеці і пры жывых бацьках трапляюць у прытулак. Таму да такіх грамадзян будзем прымаць самыя жорсткія меры. Ёсць і іншыя прыклады, калі дарослыя робяць вывады, бяруць сябе ў рукі і карэнным чынам мяняюць сітуацыю. Менавіта так трэба паступіць і вам. Наша мэта — не забраць дзяцей, а вярнуць вас да нармальнага жыцця.

Сур’ёзныя прэтэнзіі выказалі ў адрас асоб, тлумачэнні якіх заслухоўвалі, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама М. П. Нагановіч, першы намеснік начальніка РАУС Д. В. Куталёў, прадстаўнік пракуратуры Т. П. Зубко, члены грамадскага пункта аховы правапарадку Курапольскага сельвыканкама.

— Вы нас пачулі? Зразумелі? Зробіце вывады? — звярталася да кожнага М. П. Нагановіч.

Зрэшты, толькі ўшчуваннем не абмежаваліся, а катэгарычна запатрабавалі звярнуцца да нарколага, прайсці курс лячэння ад алкагольнай залежнасці і прынесці пацвярджальны таму дакумент у камісію па справах непаўналетніх.

Праз тыдзень пацікавілася ў М. П. Нагановіч, ці ёсць якія зрухі да лепшага, і пачула, што ёсць: некалькі асоб  пасля пасяджэння звярнуліся да нарколага і праходзяць курс лячэння. Іншыя наводзяць парадак на прыдамавых тэрыторыях, разлічваюцца з запазычанасцямі па камунальных плацяжах і плацяжах за электраэнергію.  Такім чынам, прымус падзейнічаў. Але хіба не парадаксальна, што пра выкананне людзьмі элементарных жыццёвых абавязкаў больш клапоціцца грамадскасць, чым самі грамадзяне? Ну, а безадказнае стаўленне да ўласных дзяцей увогуле не мае ніякага апраўдання.

“Хопіць гуляць з агнём!” — прагучала на пасяджэнні з вуснаў Ю. М. Кісялёва фраза, якой і хачу завяршыць гэты артыкул. Хопіць! Бо ў гэтым агні можа згарэць ваша права на сыноў і дачушак, а яны замест роднага дома апынуцца ў казённым. Вы жадаеце такога лёсу сваім крывінкам?

Фаіна КАСАТКІНА.      

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.