Хрышчэнне стажыроўкай і вучэннямі

Правовое поле

245

У мінулы панядзелак для праходжання двухтыднёвай вайсковай стажыроўкі ў 1-ы радыётэхнічны цэнтр прыбылі дзесять пяцікурснікаў факультэта супрацьпаветранай абароны Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.  Падчас яе будучыя афіцэры не толькі пазнаёмяцца з сучаснымі ўзорамі радыё­электроннай тэхнікі, але і папрактыкуюцца ў камандаванні асабовым складам падраздзялення.

245A6524

На задзейнічанай у нясенні баявога дзяжурства тэхніцы курсанты працуюць упершыню. Да гэтага вывучалі толькі тую, што дыслацыруецца на вучэбна-навуковым даследчым палігоне Ваеннай акадэміі. Не далі неабходнага практычнага вопыту і азнаямляльныя заняткі (іх, хутчэй, можна назваць экскурсіяй, бо доўжыліся ўсяго некалькі гадзін) у 49-й радыётэхнічнай брыгадзе ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны ў Мачулішчах, выезд у Барысаў на рамонтны завод радыёэлектроннага ўзбраення. Так што на гэту стажыроўку хлопцы ўскладаюць вялікія надзеі. Яна дазволіць дэталёва вывучыць аснашчэнне радыёлакацыйных станцый, на якіх ужо менш чым праз год давядзецца несці службу.

Вельмі спадзяецца,  што атрымае размеркаванне ў 1-ы радыётэхнічны цэнтр, наш зямляк Уладзіслаў Бурак (на здымку), які сярод іншых праходзіць тут вайсковую стажыроўку. Сваё жаданне тлумачыць тым, што хоча служыць бліжэй да бацькоў. Спадабаўся і калектыў падраздзялення. Уладзіслаў нарадзіўся ў Целяках, з дзяцінства марыў стаць афіцэрам. На пытанне пра тое, хто або што паўплывала на выбар прафесіі, усміхаецца і, адразу відаць, што не ўпершыню, адказвае:

— Ваеннаслужачых у нашай сям’і не было. А жаданне стаць абаронцам Айчыны з’явілася, напэўна, пад уплывам мастацкай літаратуры.  Асабліва ўразіў раман Барыса Васільева “У спісах не значыўся”. Затое зараз у нашай сям’і двое курсантаў — малодшы брат Жэня вучыцца на другім курсе авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі ў інтарэсах МНС. Бачымся з ім некалькі разоў на тыдзень.

Разам з аднакурснікамі Ула­дзіслаў старанна спасцігае ваенную навуку на практыцы, выконвае асабісты план заданняў. Ці ўсё атрымалася, пакажа комплексны залік. Яго пасля заканчэння вайсковай стажыроўкі ў курсантаў будуць прымаць два выкладчыкі акадэміі, пад кіраўніцтвам якіх хлопцы практыкуюцца, інжынерны састаў і камандаванне 1-га радыётэхнічнага цэнтра.

Курсанты выпускнога курса стажыруюцца ў цэнтры штогод. Але сёлета, як на ўдачу, іх прыезд супаў з правядзеннем  сумесных вучэнняў Узброеных Сіл Беларусі і Расіі “Захад-2017”. Гэта значыць, што практыканты, апроч іншага, убачаць, як нясецца баявое дзяжурства ў рэжыме павышанай баявой гатоўнасці — падчас вучэнняў у паветранай прасторы павялічыцца колькасць кантрольных цэляў, якія вайскоўцам давядзецца суправа­джаць.

  Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Фота Сяргея ВШЫЎКАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.