З любоўю да дзяцей і прафесіі

Образование

Калектыў дзіцячага садка (у цэнтры — загадчыца Г. В. Кеўліч).
Калектыў дзіцячага садка (у цэнтры — загадчыца Г. В. Кеўліч).

У тое, што Галіна Вячаславаўна Кеўліч у сферы дашкольнага выхавання ўжо 31-ы год, паверыць немагчыма. Але гэта факт. Пачынала памочнікам выхавальніка пастаўскага дзіцячага садка “Крынічка”. Зараз — загадчыца хацілаўскага, дзе мы з ёй і сустрэліся.

— Марыла паступіць у педінстытут, але адразу пасля школы гэта не ўдалося, — узгадвае ўжо далёкія гады. — Каб не марнаваць час, уладкавалася памочнікам выхавальніка. Работа ў садку спадабалася, таму праз год паступіла ў Полацкае педвучылішча, а пазней закончыла Мінскі педінстытут імя М. Танка.

Пасля педвучылішча яна працавала выхавальнікам у той жа “Крынічцы”, затым загадвала дзіцячым садком у мікрараёне будаўнікоў і ўжо чацвёрты год — у Хацілах. Калектыў невялікі: акрамя загадчыцы, два выхавальнікі, памочнік выхавальніка і повар. Але ў гэтым, напэўна, і яго адметнасць — нібыта сям’я. А ў гэтай “сям’і” — 21 дзіця ва ўзросце ад двух да шасці гадкоў. Нягледзячы на тое, што памяшканне прыстасаванае (звычайны чатырохпакаёвы дом), тут створаны ўсе ўмовы для знаходжання і развіцця малых. “У цеснаце, але ў любові, — адзначае загадчыца. — Мы вельмі любім сваіх выхаванцаў і сваю працу. Калі ў настаўніка або выхавальніка няма любові да дзяцей, то гэта не заменіш ніякімі ведамі. Яны вельмі тонка адчуваюць адносіны да сябе”. А выхавальнік Наталія Васільеўна Семянас працягвае: “Няма большай радасці, калі дзеці сустракаюць цябе ўсмешкамі ды абдымкамі. І кожнага з іх трэба прылашчыць, пагладзіць па галоўцы, пахваліць”.

Ну, а калі дзіця ўпершыню пераступае парог установы, адрываецца ад мамы і таты, трапляе ў зусім іншую, чым дома,  абстаноўку — і з яго вачэй  слёзы градам… Колькі ў такім выпадку трэба ласкі, любові, цярпення! Усё гэта ёсць у сэрцах загадчыцы садка Галіны Вячаславаўны Кеўліч, выхавальнікаў Наталіі Васільеўны Семянас і Таццяны Фёдараўны Калеснік. “Вельмі многае значыць і “тылавая” падтрымка, — гаварыла загадчыца. — Ні сіл, ні часу не шкадуе памочнік выхавальніка Ганна Марыянаўна Мышко. Вельмі сумленна адносіцца да справы повар Алена Іванаўна Рабухіна. У мяне як у кіраўніка няма прэтэнзій ні да кога. Усе заслугоўваюць найлепшых слоў. З найвялікшай павагай стаўлюся да тых людзей, хто выбірае прафесію аднойчы і назаўсёды. А нашы кадры менавіта такія”.

Асаблівасць хацілаўскай дашкольнай установы ў тым, што ў адной групе аб’яднаны розна­ўзроставыя дзеці. А іх жа трэба развіваць і навучаць па розных праграмах. У гэтым дапамагае прафесіяна­лізм. Распарадак дня пабудаваны так, што заняткі і гульні праводзяцца паэтапна — спачатку з малодшымі, затым са старэйшымі. Вучэбная праграма засвойваецца паспяхова. Ёсць пастаяннае ўзаемадзейнічанне з бацькамі.

У гаспадарчых справах вельмі многа значыць падтрымка кіраўніцтва адкрытага акцыянернага таварыства “Хацілы-агра”. “Да дырэктара Вячаслава Іосіфавіча Крыштафовіча звяртаюся часта, — гаварыла загадчыца садка. — Ні ў адной просьбе не адмовіў. Касметычны рамонт будынка, набыццё цацак і навагодніх падарункаў, бульбы на харчаванне — усё гэта за кошт гаспадаркі. За што мы бясконца ўдзячныя”.

А я не магу не прывесці такую статыстыку. На пачатак бягучага года ў Хацілах і бліжэйшых да іх вёсках Заброддзе, Волахі, Курты налічвалася 58 дзяцей ва ўзросце ад нуля да шасці гадоў. Так што не апусцее садок на дзяцей. Ну і любоў да іх тут будзе прысутнічаць заўсёды.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота Сяргея ВШЫЎКАВА. 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.