З надзеяй на новыя кантракты

Местная власть Экономика

С. С. Лацецкі вітае эстонскіх калег.
С. С. Лацецкі вітае эстонскіх калег.

З 13 па 16 верасня ў Мінску праходзіла найбуйнейшая спецыялізаваная выстава-кірмаш краіны “Мэбля-2017”. Традыцыйна ў ёй прымалі ўдзел прадпрыемствы-вытворцы мэблевай прадукцыі і камплектуючых Беларусі, краін СНД, замежныя фірмы і прадпрымальнікі. Асноўная мэта выставы — дэманстрацыя найноўшых распрацовак, асартыментных магчымасцей мэблевай прадукцыі і заключэнне дагавораў на яе пастаўку. 

Сярод шматлікіх наведвальнікаў выставы “Мэбля-2017” была і прадстаўнічая дэлегацыя эстонскага саюза вытворцаў мэблі. Акрамя Нацыянальнага цэнтра “БелЭкспа”, які стаў галоўнай выставачнай пляцоўкай у гэтыя дні, яна пабывала ў ААТ “Віцебскдрэў”, ЗАТ “Маладзечнамэбля”, азнаёмілася з арганізацыяй работы беларускага вытворча-гандлёвага канцэрна лясной, дрэваперапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці “Беллеспаперапрам”. Непадробную цікавасць госці праявілі і да прадукцыі ААТ “Паставымэбля”. У выніку 16 верасня эстонскія мэбельшчыкі наведалі прадпрыемства. Арганізаваць паездку ў наш райцэнтр дапамаглі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Сяргей Рычардавіч Зямчонак (былы дырэктар прадпрыемства) і Віктар Ві­кенцьевіч Міраш (член рабочай групы па супрацоўніцтве з парламентамі розных замежных дзяржаў, у тым ліку Эстонскай Рэспублікі).

Нягледзячы на суботні дзень, на тэрыторыі ААТ “Паставымэбля” было ажыўлена: з вытворчых памяшканняў даносіўся бесперапынны грукат станкоў, побач са складам гатовай прадукцыі стаяў на загрузцы фірменны грузавік прадпрыемства. Бачачы маё здзіўленне, дырэктар ААТ “Паставымэбля” Сяргей Станіслававіч Лацецкі патлумачыў:

— Справа не ў тым, што мы чакаем гасцей. Інсцэніраваць работу такога вялікага прадпрыемства проста немагчыма. Мяркуйце самі: яго плошча — 7 гектараў, работнікаў — 270. Практычна да канца года ў нас ёсць поўны камплект заказаў, таму працуем на поўную моц, у тры змены, у тым ліку і па суботах. Цяжкасці, безумоўна, ёсць, але спраўляемся. Дзякуй калектыву, што з разуменнем ставіцца да сітуацыі.

Сяргей Станіслававіч падкрэсліў, што сёння “Паставымэбля” — флагман нашай краіны па вытворчасці спецыяльнай мэблі для школ, дзіцячых садоў і студэнцкіх аўдыторый. Як і 37 гадоў назад, калі было заснавана прадпрыемства, яго прадукцыю актыўна набываюць многія рэгіёны Беларусі і былыя краіны СССР, паступова адкрываецца для пастаўчан і еўрапейскі рынак. Праўда, для гэтага даводзіцца прыкласці шмат намаганняў. 

— Мы пастаянна знаходзімся ў пошуку новых партнёраў і рынкаў збыту, удзельнічаем у спецыялізаваных выставах і тэндарах, — працягваў С. С. Лацецкі. — Таксама шмат увагі надаём павышэнню якасці выпускаемай прадукцыі і пашырэнню асартыменту. Вытворчасць вучнёўскай мэблі — наша асноўная ніша, і мы не збіраемся яе пакідаць, але ў той жа час на прадпрыемстве асвоілі выпуск і мяккай мэблі, мэблі для офісаў і кафэ. Асобны кірунак — зрубы з ацыліндраванага бруса. Апошнім часам мы іх выпускаем толькі пад заказ.

Наша размова перарвалася, калі на тэрыторыю прадпрыемства заехаў экскурсійны аўтобус. Дырэктар ААТ “Паставымэбля” пайшоў сустракаць гасцей. Віктар Вікенцьевіч Міраш, які ў гэты дзень суправаджаў эстонскую дэлегацыю, выказаў надзею, што паездка ў Паставы ў перспектыве прынясе плён для абодвух бакоў. Далучыўся да такіх аптымістычных спадзяванняў і Сяргей Рычардавіч Зямчонак:

С. Р. Зямчонак дэманструе Ц. Колку вучнёўскі варштат.
С. Р. Зямчонак дэманструе Ц. Колку вучнёўскі варштат.

— Яшчэ ў той час, калі я ўзначальваў прадпрыемства, шмат прадукцыі экспартавалі ў Літву і Латвію. Мне заўсёды хацелася, каб і эстонскі рынак адкрыўся для нас. І сёння для гэтага прадставілася цудоўная магчымасць. Упэўнены, што вы не пашкадуеце, калі пасля сённяшняга візіту вырашыце ААТ “Паставымэбля” выбраць у якасці партнёра.

Каб дапамагчы прыбалтыйскім калегам скласці максімальна поўнае ўяўленне пра прадпрыемства і выпускаемую ім прадукцыю, С. С. Лацецкі правёў для іх экскурсію па цэхах. Яны пабачылі поўны вытворчы цыкл, выставу ўзораў мэблі, атрымалі даведачны матэрыял.

На імправізаванай выставачнай пляцоўцы госці з Эстоніі затрымаліся даўжэй за ўсё, з цікавасцю дэталёва разглядалі прадукцыю. У прыватнасці, Цііт Колк, уласнік эстонскага мэблевага прадпрыемства Wermo, якое мае сур’ёзную дзелавую рэпутацыю ў Еўропе, пільна вывучаў вучнёўскі варштат. Пры гэтым прызнаўся, што раней з такой канструкцыяй не даводзілася сустракацца.

Эстонскія мэбельшчыкі разглядаюць прадукцыю прадпрыемства.
Эстонскія мэбельшчыкі разглядаюць прадукцыю прадпрыемства.

— Я сур’ёзна задумаўся пра тое, каб запрасіць “Паставымэблю” да ўдзелу ў тэндарах, — падсумаваў Ц. Колк. — Мне вельмі спадабаліся прадпрыемства і яго прадукцыя, асабліва школьная мэбля. Таксама зацікавілі зрубы з ацыліндраванага бруса. Праўда, мы працуем у іншым сегменце, але тут ёсць над чым падумаць. Самае галоўнае, што мы ўбачылі, — гэта якасць, тое, што інтэрнэт перадаць не можа. Таму асабіста для сябе лічу гэты візіт карысным і не выключаю магчымасці далейшых партнёрскіх адносін з пастаўскімі калегамі.

Ці перарасце гэты візіт прадстаўнікоў эстонскага саюза вытворцаў мэблі ў доўгатэрміновае плённае супрацоўніцтва, пакажа час. Але ў любым выпадку, як кажуць, рэклама лішняй не бывае.  

Тэкст і фота Людмілы ЗЕЛЯНКЕВІЧ.


 

Падчас візіту эстонскай дэлегацыі на ААТ “Паставымэбля” дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Рычардавіч Зямчонак знайшоў час, каб па­дзяліцца з чытачамі “Пастаўскага краю” чарговымі поспехамі на ніве сваёй цяперашняй дзейнасці:

— Я не па чутках ведаю праблемы, з якімі паўсядзённа даводзіцца сутыкацца вытворцам у нашай краіне. Калі я быў дырэктарам ААТ “Паставымэбля”, лічыў несправядлівым, што малыя прадпрыемствы павінны былі рабіць стопрацэнтную перадаплату за месяц за электраэнергію, у той жа час буйныя вытворцы — толькі за 10 дзён. На штогадовай сустрэчы кіраўніка дзяржавы з дэпутатамі абедзвюх палат я ўзняў гэтае пытанне. Нядаўна мне патэлефанавалі з Адміністрацыі прэзідэнта і паведамілі, што яго разгледзелі на ўзроўні Савета Міністраў. Маю прапанову паставіць усіх вытворцаў у аднолькавыя ўмовы па­лічылі абгрунтаванай, і ў бліжэйшы час будуць унесены адпаведныя папраўкі ў правілы, якія рэгулююць пытанні энергазабеспячэння. Гэта дазволіць невялікім прадпрыемствам на роўных канкурыраваць з буйнымі.           



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.