Задавальняюць патрэбы людзей

Личности

Вадзіцелі Генадзій Пурлан і Мікалай Лебухаў, слесары Генадзій Касарэўскі і Арцём Дулінец своечасова дастаўляюць насельніцтву звадкаваны газ у балонах.
Вадзіцелі Генадзій Пурлан і Мікалай Лебухаў, слесары Генадзій Касарэўскі і Арцём Дулінец своечасова дастаўляюць насельніцтву звадкаваны газ у балонах.

Пераступіўшы парог адміністрацыйнага будынка Пастаўскага раёна газазабеспячэння, можна адразу вырашыць усе пытанні. У прасторным светлым кабінеце пад назвай “Адно акно” вас ветліва сустрэнуць кантралёры Наталля Раманенка, Галіна Юрына, Таццяна Куцуха. Кіруе гэтым невялічкім аддзелам Іна Дзмітрыеўна Чарэнка. Часцей за ўсё сюды звяртаюцца з заявамі на газіфікацыю, устаноўку газавага лічыльніка, замену газавага абсталявання. Работнікі службы “Адно акно” добра валодаюць усімі пытаннямі. Тут жа вядзецца ўлік спажывання газу прамысловымі прадпрыемствамі і арганізацыямі, прыватнымі карыстальнікамі.

— У нас працуюць 53 чалавекі, — расказваў дырэктар Пастаўскага раёна газазабеспячэння Мікалай Дзмітрыевіч Жданковіч. — І пахвалы заслугоўваюць усе: як вопытныя работнікі, так і маладыя. У апошнія гады ідзе амаладжэнне кадраў. Я задаволены работай майстра аварыйна-рамонтнай службы Аляксея Казелькі, галоўнага інжынера Аляксандра Таразевіча, майстра шафных газарэгулятарных пунктаў Дзяніса Афанасьева, слесара Віталія Козела. Стаж работы ў іх параўнальна невялікі, але паспелі зарэкамендаваць сябе з найлепшага боку.

Аляксей Казелька, Аляксандр Таразевіч, Дзяніс Афанасьеў, Віталій Козел.
Аляксей Казелька, Аляксандр Таразевіч, Дзяніс Афанасьеў, Віталій Козел.

Калектыў Пастаўскага раёна газазабеспячэння абслугоўвае 263 кіламетры газавых сетак, 8852 спажыўцоў звадкаванага газу (за паўгода ім дастаўлена 4666 балонаў). Гэту работу выконваюць тры экіпажы ў скла­дзе вадзіцеляў і слесараў. Прыродным газам карыстаюцца 8183 гаспадары кватэр і прыватных дамоў. З пачатку года заменена 450 газавых пліт. Зона абслу­гоў­вання расшыраецца. Створаны два кааператывы ў Лынтупах і гэтай восенню там пачнуць пракладку газаправода, будаўніцтва пазапляцоўкавых сетак па завулку Будаўнікоў у Паставах. Вырабляецца праектна-каштарысная дакументацыя для яшчэ аднаго кааператыва ў Лынтупах і аднаго ў Варапаеве. 

На аб’ектах газаразмеркавальнай сістэмы ўстаноўлены сродкі тэлемеханікі і тэлеметрыі, якія дазваляюць кантраляваць з кабінета аварыйна-дыспетчарскай службы дзеючыя тэхналагічныя працэсы і кіраваць імі. Выкарыстанне сучасных тэхналогій, сродкаў і прыбораў кантролю гарантуе дастаткова высокі ўзровень тэхнічнай эксплуатацыі небяспечных вытворчых аб’ектаў, зніжае ўзровень аварыйнасці і павышае тэхніку бяспекі, узровень аховы працы работнікаў. А кожнага з іх вызначаюць персанальная адказнасць за даручаны аб’ект, кампетэнтнасць і пільнасць.

Напярэдадні прафесійнага свята некаторыя работнікі Пастаўскага раёна газазабеспячэння філіяла “Вытворчае ўпраўленне “Глыбокаегаз” былі запрошаны на ўрачыстасць у абласное ўпраўленне. І вярнуліся адтуль з узнагародамі. Ганаровымі граматамі адзначаны слесар Андрэй Амбразевіч, старшы майстар Аляксандр Апанасевіч, кантралёр Наталля Раманенка, Падзяка аб’яўлена вадзіцелю Мікалаю Лебухаву, кантралёру Вользе Антух. Вадзі­целям Андрэю Клентаку і Паўлу Невядомскаму, слесару Аляксандру Розынку, якія адпрацавалі ў райгазе па 20 гадоў,  прысвоена званне “Ветэран працы”. Ганаровай граматай упраўлення “Глыбо­кае­газ” узнагаро­джаны слесар Часлаў Бялабка, Па­дзякі атрымалі ва­дзіцель Мікалай Кнырко, прыёмшчык заказаў Андрэй Гутар, слесар Іван Саўчук, аператар ПЭВМ Лілія Ракоўская. Фотаздымкі вадзіцеля Алега Бялевіча і слесара Сяргея Хаменкі будуць занесены на Дошку гонару ўпраўлення.

Наталля Раманенка (у цэнтры), Галіна Юрына і Таццяна Куцуха.
Наталля Раманенка (у цэнтры), Галіна Юрына і Таццяна Куцуха.

Пастаўскія газавікі вызначаюцца не толькі ў працы. Яны ўдзельнічаюць у розных спартакіядах, якія ла­дзяцца ў раёне і абласным упраўленні, у конкурсах мастацкай сама­дзейнасці. А якая прыгажосць створана на прылеглай тэрыторыі! Радуюць вока мноства кветак, высаджаных на арыгінальных па форме клумбах, дэкаратыўныя кампазіцыі. Да добраўпарадкавання мае дачыненне кожны член калектыву. Ідэі чэрпаюць з інтэрнэту, паездак у іншыя гарады і нават з замежжа. Прыступілі да рэканструкцыі базы. Сваімі сіламі адрамантаваны майстэрні, некаторыя кабінеты. А галоўная задача — задавальняць патрэбы лю­дзей у забеспячэнні газам і бяспечным яго карыстанні.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.