Залог поспеху — прафесіяналізм настаўнікаў

Образование

IMG_7200

На працягу многіх гадоў СШ №2 займае лідзіруючыя пазіцыі па многіх паказчыках сярод навучальных устаноў раёна. Не стаў выключэннем і мінулы навучальны год. Па яго выніках 6 выпускнікоў 11 класа атрымалі атэстаты асобага ўзору і залатыя медалі, 19 (79%) сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. У чым сакрэт поспеху, якія ўмовы створаны для развіцця і самарэалізацыі вучняў, пра ўкараненне новых тэхналогій і іншае карэспандэнт “ПК” гутарыць з дырэктарам школы Ігарам Ана­тольевічам МАДВЕЙКАМ.

— Ігар Анатольевіч, што дазваляе атрымліваць станоўчыя вынікі ў адукацыйным працэсе?

— Калектыў школы складаецца з 60-ці чалавек, 43 з іх — педагогі. Залог паспяховай працы нашай установы — прафесіяналізм, адказнасць, мабільнасць і адкрытасць для інавацый настаўнікаў. Вышэйшую катэгорыю маюць 15 педагогаў, што складае 37% ад агульнай колькасці, 18 — першую (44%). Прыкладам высокага прафесіяналізму з’яўляюцца Тамара Мікалаеўна Захарэвіч, Ядвіга Фабіянаўна Сівіцкая, Алена Альгердаўна Дзісько, Алена Юр’еўна Трубач, Іна Пятроўна Гутар, Алена Міхайлаўна Мачанская, Таццяна Іванаўна Пракаповіч, Рыта Міхайлаўна Макруш, Вячаслаў Іосіфавіч Гінько, Фёдар Уладзіміравіч Дзевятоўскі, Наталля Мікалаеўна Сіманька, Рэгіна Норбертаўна Ластоўская, Ірына Паўлаўна Асяненка і Алена Анфімаўна Чарняўская.

— Два гады назад у школах было ўведзена про­фільнае навучанне на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Як вы да гэтага ставіцеся?

— Профільныя класы ўжо існавалі ў практыцы работы нашай школы. З 1999-га па 2008 гады рэалізоўвалася навучанне хіміка-матэматычнай накіраванасці. За гэты час педагогамі назапашаны пэўны вопыт па арганізацыі і паспяховым суправаджэнні такога навучання. Ахвотна прыступілі да фарміравання профільнага класа і пазалетась. У адпаведнасці з пажаданнямі вучняў, іх бацькоў і з улікам магчымасцей школы быў створаны про­фільны 10 клас. Ён аб’яднаў навучэнцаў, якія павінны былі вывучаць на павышаным узроўні прадметы фізіка-матэматычнага і хіміка-біялагічнага напрамкаў.

Навучэнцы профільных класаў удзельнічаюць у розных навуковых конкурсах, канферэнцыях, займаюць у іх прызавыя месцы. Так, у мінулым навучальным годзе заваявана 6 дыпломаў на раённым і 1 — на абласным узроўнях. З добрымі вынікамі выступаюць навучэнцы профільных 10 і 11 класаў на розных этапах рэспубліканскай алім­піяды па вучэбных прадметах. Летась імі атрымана 16 дыпломаў на раённым этапе, 1 — на абласным. Яна Шаламіцкая ўдзельнічала ў заключным, 4-м, этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Пра эфектыўнасць навучання ў профільным класе сведчыць і высокі сярэдні бал сёлетніх выпускнікоў. Ён склаў 9,3.

Відавочна, што профільная адукацыя — ідэальная мадэль навучання на трэцяй ступені адукацыі. Яна стварае спрыяльныя ўмовы для атрымання больш глыбокіх тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў, развіцця індывідуальных схільнасцей і здольнасцей, садзейнічае самарэалізацыі навучэнцаў.

— А якая паспяховасць вучняў па школе ў цэлым?

— Больш за 60% навучэнцаў займаюцца на 6—10 балаў, актыўна і паспяхова ўдзельнічаюць у разнастайных конкурсах і алімпіядах. Летась на раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах імі атрымана 9 дыпломаў, а вучаніца 8 “А” класа Крысціна Рымайда стала пераможцай у абласным этапе па інфарматыцы.

— Зараз абсалютна ва ўсіх галінах, у тым ліку ў сістэме адукацыі, ідзе ўкараненне новых тэхналогій. СШ №2 не выключэнне?

— Безумоўна, не. У нашай школе адукацыйны працэс будуецца з улі­кам сучасных падыходаў і методык, выкарыстаннем сучасных тэхнічных сродкаў навучання. Сёлета за бю­джэтныя сродкі набылі тры відэакамеры для назірання. Летась абсталявалі кабінет фізікі. У ім з’явілі­ся новая мэбля, прынтар, камп’ютар, падключаны да інтэрнэту, інтэрактыўная дошка. Кошт абсталяванага кабінета — 60 тысяч беларускіх рублёў. Зараз тут  праводзяцца не толькі ўрокі, але і педсаветы, канферэнцыі. Па апошнім слове тэхнікі аснашчаны і кабінет электронных сродкаў навучання. Апроч іншага, у ім ёсць тэлевізар з функцыяй “Смарт-ТВ”, падключаны да інтэрнэту, што дазваляе ладзіць тут разнастайныя пазакласныя мерапрыемствы. Доступ да інтэрнэту ёсць і ў некаторых іншых кабінетах.

З гэтага навучальнага года далучыліся да праекта “Электронная школа” — у некалькіх класах выкарыстоўваем сістэму электронных дзённікаў і журналаў. Пакуль што ў электронны класны журнал настаўнік запісвае толькі мінімальныя звесткі: тэму ўрока, хатняе заданне, выстаўляе ацэнкі, адзначае тых, хто адсутнічае. Гэтыя звесткі адразу з’яўляюцца ў электронных дзённіках школьнікаў. Новаўвя­дзеннем вельмі задаволены бацькі. 

— Напэўна, абнаўляецца і іншая матэрыяльна-тэхнічная база навучальнай установы…

— Сёлета малаказавод аказаў нам шэфскую падтрымку ў памеры 1,5 тысячы рублёў. На гэтыя сродкі набылі халадзільнік, камп’ютар, посуд і інвентар у сталовую, будаў­нічыя матэрыялы, адрамантавалі кабінеты агульнага карыстання. На абнаўленне школы накіроўваем і тыя грошы, што зарабляем на зборы макулатуры і металалому, аказанні платных паслуг. Матэрыяльна дапамагаюць іншыя спонсары і бацькі вучняў.

— Перад школай стаяць задачы не толькі адукацыйнага, але і выхаваўчага характару. Што робіцца ў гэтым кірунку?

— Ідэалагічная і выхаваўчая работа з вучнямі наладжана на высокім узроўні. Прыярытэтным з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне дзяцей і падлеткаў. Традыцыйнымі сталі Вахты Памяці, сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, вайны ў Афганістане, вайскоўцамі, марафон “Вучань. Грамадзянін. Лідар” і іншыя. Цэнтр грамадзянска-патрыятычнага выхавання ў школе — музей баявой і працоўнай славы. Адным з эфектыўных метадаў далучэння школьнікаў да духоўнай спадчыны свайго народа і развіцця патрыятызму з’яўляюцца паходы і экскурсіі па родным краі. Важную ролю ў арганізацыі вольнага часу дзіцяці і яго далейшай прафарыентацыі адыгрываюць дзіцячыя аб’яднанні па інтарэсах і секцыі, якія дзейнічаюць на базе школы. Найбольш папулярныя — шашкі, музей, кветкаводства, футбол і валейбол. Каб выявіць і развіць творчы патэнцыял, у школе праходзіць вясёлка творчасці “Суквецце талентаў”. Свае здольнасці навучэнцы маюць магчымасць праяўляць і ў раённых конкурсах, на школьных вечарах і ранішніках, у калектыўных творчых марафонах. Шмат увагі надаецца прапагандзе здаровага ладу жыцця, спорту, прафілактыцы правапарушэнняў. І гэта толькі асноўнае.

— Дзякуй за размову. Няхай поспехі вучняў і калектыву, які ўзначальваеце, радуюць і надалей.

Гутарыла Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.