Змагаюцца з біялагічным пажарам

Общество

123-102

Работнікі Пастаўскага лясгаса ўжо другі месяц працуюць у лясах Светлагорскага раёна. Прычынай камандзіроўкі стаў… біялагічны пажар.

Так спецыялісты называюць масавае ўсыханне сасновых насаджэнняў. Такая паталагічная з’ява назіраецца на поўдні Беларусі. 12,4 тысячы гектараў лесу Брэсцкай, Гомельскай і часткі Мінскай і Магілёўскай абласцей пацярпелі паражэнне маленькім жуком — караедам. Прычыну яго з’яўлення спецыялісты тлумачаць экстрэмальнымі кліматычнымі ўмовамі апошніх гадоў: працяглыя засушлівыя перыяды, ураганныя вятры, зніжэнне ўзроўню грунтовых вод. З-за недахопу вільгаці дрэвы сталі “хварэць”.

Змагацца з караедам няпроста — ствалавыя шкоднікі не паддаюцца хімічнаму знішчэнню. А пры спрыяльных прыродных умовах распаўсюджваюцца з хуткасцю пажару. Раней караеда знішчалі менавіта агнём: пашко­джаныя дрэвы высякалі і вывозілі, а рэшткі спальвалі. Але апошнім часам з-за высокай пажарнай небяспекі такі метад не прымяняецца. На барацьбу з экалагічнай стыхіяй кінуты лесанарыхтоўчыя тэхнічныя магутнасці ўсёй краіны. Прыходзіцца працаваць і з пілой. Перамагчы шкодніка магчыма толькі радыкальнымі мерамі — высечкай лесу ў найкарацейшыя тэрміны.

На час барацьбы з караедам у лясгасах краіны ўве­дзена забарона на правядзенне планавых рубак. У праблемныя рэгіёны з іншых раёнаў экстрана перакінуты больш за 5 тысяч спецыялістаў.

— Задзейнічаны і работнікі Пастаўскага лясгаса, — расказваў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце, старшыня прафсаюзнага камітэта лясгаса Аляксандр Мікалаевіч Іванькоў. — У Светлагорскім раёне нам адведзены 75 гектараў суцэльнай высечкі і 60 — прахадной. З фарвадарамі камандзіраваны Уладзімір Варанец, Уладзімір Савельеў, Канстанцін Кірплюк, Сяргей Скур’ят, з харвестарамі — Андрэй Радкевіч, Аляксандр Урбанайць, Віктар Чаркес, Алесь Шумейка. Працуюць 10 вальшчыкаў лесу, а таксама рабочыя па зграбанні і ачыстцы рэшткаў. У камандзіроўцы ў Светлагорскім раёне пабывалі работнікі Старадворскага, Дунілавіцкага, Полаўскага лясніцтваў. Цяпер працуюць прадстаўнікі Камайскага, Лынтупскага і Пастаўскага лясніцтваў.

Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.