Аляксандр КУЗНЯЦОЎ: “Кожны салдат мае права на памяць”


IMG_4091
Аляксандр Іванавіч Кузняцоў за вывучэннем архіўных дакументаў.

Нядаўна ў рэдакцыю райгазеты прыйшоў пастаўчанін Пётр Міхайлавіч Салавей, які хацеў праз раёнку па­дзякаваць дырэктару Юнькаўскай БШ Аляксандру Іванавічу Кузняцову за дапамогу ва ўстанаўленні месца гібелі і пахавання дзеда — удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Грыгорыя Андрэевіча Лагвіненкі. Ведаючы, якую вялікую работу праводзіць педагог па ўвекавечанні памяці загінулых на франтах савецкіх салдат, мы вырашылі не абмяжоў­вацца некалькімі радкамі падзякі, а расказаць пра ўсё падрабязней.

Гутарка з А. І. Кузняцовым пачалася з роспытаў пра пошукі дзеда П. М. Салаўя.

— З Пятром Міхайлавічам я быў знаёмы раней, паколькі ён працуе ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, — распавёў Аляксандр Іванавіч. — Неяк у размове з ім сказаў, што ў інтарэсах душы аднаўляю гістарычную памяць пра загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. “А ў мяне дзед застаўся ляжаць дзесьці пад Масквой”, — прызнаўся Пётр Міхайлавіч і назваў гарады Цвер і Белы. Я адказаў, што магу паглядзець, дзе менавіта, і пачаў пошук. Першы знойдзены мной Грыгорый Андрэевіч Лагвіненка, ураджэнец Растоўскай вобласці, як аказалася, не з’яўляецца родзічам Пятра Міхайлавіча. Прыйшлося ўдакладніць параметры пошуку, указаць месца нараджэння чалавека — а гэта Украіна, Сумская вобласць, горад Ахтырка. І тады знайшоў яшчэ аднаго Лагвіненку, але з ініцыяламі Г. В. Высветліўшы, калі і куды ён прызываўся ў армію, пераканаўся, што гэта менавіта той, каго шукаю. Сабраў інфармацыю пра ўвесь яго баявы шлях з пачатку вайны і да даты гібелі — 18 жніўня 1941 года — і перадаў гэтыя даныя П. М. Салаўю. Устанавіў таксама месца пахавання, дзе загінулы, зразумела, не значыўся. Напісаў пісьмо ў ваенны камісарыят Цверскай вобласці, адкуль атрымаў адказ, што радавы Лагвіненка Г. А., 1905 года нараджэння, будзе ўнесены ў спісы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія загінулі і пахаваны на тэрыторыі Бельскага раёна.

Як і чаму дырэктар школы заняўся пошукавай дзейнасцю? Па словах А. І. Кузняцова, як гісторык па адукацыі ён заўсёды цікавіўся чымсьці мала вывучаным. А тут дапамог выпадак. Напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі на электронную пошту Юнькаўскай БШ прыйшло пісьмо з рэкамендацыяй арганізаваць работу па ўвекавечанні памяці савецкіх воінаў і ў прыватнасці землякоў, якія загінулі пры вызваленні Беларусі, з мэтай фарміравання абагуленай рэспубліканскай базы даных і стварэння рэспубліканскай кнігі “Памяць”. Калісьці Аляксандр Іванавіч удзельнічаў у напісанні раённай кнігі “Памяць”, дзе, на жаль, маюцца пэўныя недакладнасці. Таму вырашыў прадоўжыць гэту работу, і яна зацягнула.

— Праблема ў тым, што вельмі страшна чытаць вялізныя, па 100, 200 лістоў, спісы загінулых, — працягваў мой суразмоўца. — Акрамя таго, знаходзіш ваеннапалонных, іх картачкі. Усё гэта ёсць у абагуленым электронным банку даных “Мемарыял”, створаным да 60-й гадавіны Перамогі. З’явіўся ён дзякуючы Прэзі­дэнту Расійскай Федэрацыі, які прыняў рашэнне: дакументы, з якіх можна было зняць грыф сакрэтнасці, аблічбаваць і зрабіць даступнымі для прагляду, каб завяршыць працэс увекавечання памяці ўсіх салдат, у тым ліку прапаўшых без вестак.

На Пастаўшчыне была вялікая колькасць безыменных герояў мінулай вайны. А. І. Кузняцоў цалкам прапрацаваў пахаванне ў Манькавічах, дзе вечным сном спяць 44 савецкія воіны. На ўсіх  склаў картачкі з падрабязнай інфармацыяй: як завуць, дзе нарадзіўся і жыў, калі і адкуль быў прызваны на фронт, дзе ваяваў і якія ўзнагароды мае. Таксама ўстанавіў імя і адрас яшчэ аднаго пахаванага там салдата, які наогул не значыўся (ніякіх звестак пра яго ў АБД “Мемарыял” не было, адзінае, што ўдалося знайсці, пераглядаючы ваенныя дакументы, — гэта запіс пахавальнай каманды). Па даных на 1991 год, у брацкай магіле ў Лынтупах знаходзіліся 111 ваенна­служачых, большасць якіх — невядомыя. Сёння Аляксандр Іванавіч устанавіў там ужо больш за 100 прозвішчаў, а нядаўна знайшоў яшчэ 3. Яго стараннямі да спісу пахаваных у Камаях даба­віліся 10 новых асоб, устаноўлены або ўдакладнены каля 150 імёнаў пахаваных па вуліцы Чырвонаармейскай у Паставах. А ў цэлым на рахунку энтузіяста прыблізна 450 прапрацаваных або ўстаноўленых прозвішчаў салдат. Якая тытанічная гэта праца, можна толькі ўявіць.

— Прыходзіцца перачытваць сотні ваенных дакументаў у электронным варыянце, ад чаго церпіць зрок, — расказваў А. І. Кузняцоў. — Пераглядваць карты часоў Вялікай Айчыннай вайны, польскія даваенныя, царскія Ра­сійскай імперыі, Генштаба рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі. Таму што часта скажаліся назвы населеных пунктаў, няправільна ўказвалася месца — напрыклад, пісалася не Беларуская, а Літоўская ССР і г.д. Шмат недакладнасцей і ў напісанні прозвішчаў ваеннаслужачых, нярэдка замест імя і імя па бацьку ўказаны толькі першыя літары. Удакладняю таксама іншыя звесткі: дзе чалавек нарадзіўся і пражывала яго сям’я, кім і ў якім падраздзяленні праходзіў ваенную службу, па якой прычыне загінуў. Часам толькі пошуку прозвішча ваеннаслужачага можна прысвяціць не адзін дзень.

Займаецца гэтым Аляксандр Іванавіч, як правіла, па начах і амаль штодня на працягу ўжо чатырох гадоў. Пэўную дапамогу аказваюць 9-класнікі Юнькаўскай школы, у прыватнасці Караліна Сарока і Дзмітрый Собаль, якія праяўляюць жывы інтарэс да пошукавай работы: дырэктар даручае ім набраць інфармацыю на камп’ютары, аформіць яе адпаведным чынам. У свой час дапамагаў сын-студэнт: рабіў падборку архіўных матэрыялаў па нашых земляках. Для збору звестак працаваць даводзіцца ў асноўным з электроннымі рэсурсамі. Акрамя АБД “Мемарыял”, гэта інфармацыйны праект “Подзвіг народа”, інтэрнэт-партал “Памяць народа”, розныя форумы. На адным з іх да А. І. Кузняцова аднойчы звярну­ліся людзі, якія шукалі родзіча, загінулага на тэрыторыі Лёзненскага раёна. Дапамог устанавіць, дзе ён пахаваны. Знайшоў таксама месца гібелі свайго стрыечнага дзеда, які служыў у Войску Польскім і загінуў на тэрыторыі Польшчы. Устанавіў, дзе быў забіты бацька яшчэ аднаго знаёмага пастаўчаніна, і перадаў яму ўсе даныя.


За 4 гады пошукавай работы асабіста А. І. Кузняцовым устаноўлены імёны або ўдакладнены даныя каля 450 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія навечна засталіся ляжаць на пастаўскай зямлі. Сабрана больш за

3 тысячы старонак архіўных і іншых дакументаў і карт.


 Паралельна з пошукамі салдат Вялікай Айчыннай вайны энтузіяст заняўся ўстанаўленнем імёнаў загінулых у гады Першай сусветнай, таму што глыбока ўпэўнены: кожны чалавек мае права на памяць. У выніку адкрыў для гісторыі вялікія воінскія пахаванні побач з вёскай Перавознікі і ў Кураполлі. Сабраў матэрыялы і знайшоў польскую карту з указаннем шпітальных могілак рускіх салдат у раёне вёскі Цёплыя. Зараз там вядзе раскопкі спецыялізаваны батальён Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Цяпер Аляксандр Іванавіч збіраецца закрануць тэму халакосту, бо на тэрыторыі нашага раёна маецца некалькі вялікіх пахаванняў яўрэйскага насель­ніцтва і ў педагога ёсць спісы замучаных і расстраляных. А яшчэ ў яго планах напісаць брашуру аб вызваленні Пастаўшчыны, якая была б дапаможнікам і старша­класнікам, і настаўнікам гісторыі пры вывучэнні курса “Вялікая Айчынная вайна”. Асновай для брашуры могуць стаць каля 3 тысяч старонак сабраных за гады пошукаў дакументаў.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.


 

На сённяшні дзень з 780 салдат, пахаваных у брацкіх магілах на тэрыторыі раёна, вядомыя імёны 750 ваеннаслужачых, 30 пакуль застаюцца безыменнымі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.