Будзем з вітамінамі


IMG_8786
Іна Букатава, Тэрэса Баль.

Ужо каторы год не са­джу на агародзе капусту для квашання на зіму, бо вельмі смакуе тая, якую нарыхтоўваюць у квасільна-засолачным цэху філіяла “Каапнарыхтпрамгандаль Пастаўскага райспажыўтаварыства”. Якасць высокая, цана даступная. Любяць яе і мае знаёмыя. Нават сябры з Мінска, калі наведваюцца ў Паставы, абавязкова набываюць гэты прадукт, а таксама салёныя агуркі, паміроды, «пікантную» моркву, марынаваныя буракі. Нядаўна вырашыла пацікавіцца, як жа ідзе працэс квашання, хто ім займаецца і ці хопіць пастаўчанам іншых  вітамінаў на міжсезонне. З гэтай мэтай і накіравалася ў філіял.

У цэх разгружалі сеткі з вялікімі тугімі качанамі і складзіравалі ў вызначаным месцы. Далей ішлі іх распакоўванне, ачыстка ад пашкоджаных лістоў і падача да шынкавальнай машыны. Іна Букатава закладвала ў яе качаны, Тэрэса Баль пасыпала здробненай морквай, і гатовая маса адпраўлялася ў спецыяльны чан умяшчальнасцю пяць тон (столь­кі заквашваецца за змену, а працуе цэх у дзве).

— Квашаную капусту выпускаем некалькі відаў: з морквай, буракамі, — расказвала дырэктар філіяла “Каапнарыхтпрамгандаль” Еўдакія Валянцінаўна Скін­дар. —  І яна карыстаецца вялікім попытам. У мінулым годзе рэалізавалі 76 тон. Ствараем запасы і цяпер. Закупленая прадукцыя дасканала пра­вяраецца ў лабараторыі на ўтрыманне нітратаў і радыенуклідаў. Гэтай колькасці агародніны хо­піць, каб у поў­най меры за­бяспечыць ёй спажыўцоў да новага ўраджаю. А пачаўся сезон нарыхтовак яшчэ ў маі. Менавіта ў гэты час закупліваем на Століншчыне першыя свежыя агуркі і пастаўляем у гандлёвую сетку Пастаўшчыны. Затым адкрываецца сезон ягад, грыбоў.

Яблыкаў сёлета закупілі 1300 тон (прыёмныя пункты працавалі ў райцэнтры, Дунілавічах і Лынтупах). Большую частку адправілі на вінзаводы Гомеля, Ілава, Полацка, на Полацкую ўніверсальную базу. Астатнія перапрацоў­ваем на месцы, у прыватнасці вырабляем натуральны (без вады і цукру) сок.

Вірга Гайлюн.
Вірга Гайлюн.

Падчас майго наведвання цэха аператар Вірга Гайлюн сачыла за тэмпературай стэрылізацыі, затым на фасовачнай машыне разлівала яго ў спецыяльныя пакеты ёмкасцю тры літры. Такі сок можа захоўвацца 13 месяцаў. Перад адпраўкай у мага­зіны пакеты змяшчаюцца ў прыгожыя папяровыя ўпакоўкі. Прадукт пастаўляецца ў гандлёвыя кропкі як раёна, так і за яго межы.

Асаблівым попытам агародніна і прадукцыя з яе карыстаюцца на асенніх кірмашах. А прадаўцы з Варапаева рэгулярна выязджаюць яшчэ і ў тры гандлёвыя кропкі Мінска. Выручка складае каля 15 тысяч рублёў. Любяць мінчане як свежую агародніну, так і прадукцыю квасільна-засолачнага цэха, кансерваваную, а таксама каўбаснага цэха.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.


Да 1 лістапада павінны завяршыць закладку стабілізацыйных фондаў на міжсезонны перыяд 2017/2018 года. А гэта 310 тон бульбы, 197 — капусты, 42 — сталовых буракоў, 48 — морквы, 82 — цыбулі, 5 — часнаку, 43 — салёных агуркоў, 22 — памідораў, 5 — мёду.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.