Чатыры любімыя мужчыны Таццяны Казакевіч

Общество

IMG_1395

Каб чытачы не западозрылі ў загалоўку нейкую пікантнасць, адразу тлумачу, што гэта муж, Валянцін Уладзіміравіч, і сыны Алег, Руслан і Павел.

— І як вы сябе пачуваеце ў такім мужчынскім акружэнні? — пытаюся ў Таццяны Іванаўны.

— Добра! — квітнее ў адказ усмешкай. — У нас дружная і працавітая сям’я.

IMG_4073

Сыны ўжо дарослыя, і ўсе тры выбралі прафесіі, звязаныя з тэхнікай. Старэйшы, Алег, закончыў Пастаўскі дзяржаўны каледж і набыў спецыяльнасці муляра, слесара па рамонце аўтамабіляў, вадзіцеля, трактарыста-машыніста. Але, адслужыўшы ў арміі, уладкаваўся аператарам па перапрацоўцы малака на Нарачанскі малаказавод. Там нядрэнныя ўмовы, неблагая зарплата, але работа не падабалася. Таму праз год звольніўся і пайшоў на Пастаўскі малочны завод, на тэхніку. Зараз убірае кукурузу ў падшэфным заводу ААТ “Камайскі-агра”.

 Выпускнік Пастаўскага каледжа і Руслан. Ён мае пасведчанні не толькі трактарыста, камбайнера, вадзіцеля ўсіх катэгорый, але і механіка. Заступіць на ітээраўскую пасаду не пажадаў, хаця і была прапанова. Вырашыў пакуль папрацаваць на трактары. На камбайне ўбіраў збажыну ў Вярэньках, а ў гэтыя дні заняты на ўборцы кукурузы ў АБП “Рассвет Пастаўскі”. Кіраўніцтва гэтай гаспадаркі агітуе застацца працаваць пастаянна, прапануе дом. Малады спецыяліст пакуль у роздуме…

Летась паступіў у каледж малодшы, Павел. Ён вучыцца на вадзіцеля міжнародных перавозак, рыхтоўшчыка і слесара па рамонце аўтамабіляў. Майстар групы Валянціна Міхайлаўна Клянтак хваліць навучэнца: “Сціплы, адказны, добрасумленна выконвае ўсе даручэнні, з’яўляецца намеснікам старасты групы. Быў маім вучнем і Алег. Вось дзе сапраўдны брыльянт! Якія залатыя ў яго рукі! Колькі тэхнічных задумак! Ведаю, што і Павел стараўся ў вучобе, прыкладна паводзіў сябе. Яно і зразумела: хлопцы з добрай сям’і…”

— Усё найлепшае сыны ўзялі ад таты, — сцвярджае Таццяна Іванаўна. — Ён не курыць, не п’е, вялікі працаўнік. Хлопчыкі з маленства вучыліся на яго прыкладзе, адсюль і любоў да тэхнікі.

Слухаю гэтае прызнанне і разумею, як пазайздросцяць Таццяне многія жанчыны, хто не адчувае ў сям’і такой мужчынскай падтрымкі або ўвогуле выхоўвае дзяцей без удзелу татаў. Але хіба меншая роля ў станаўленні сыноў самой Таццяны Іванаўны? “Добрая, строгая, справядлівая, працавітая, любімая”,  — кажуць яны пра маці. “Я сапраўды больш строгая да сыноў, чым іх тата, — прызнаецца Іванаўна. — Іх выхоўваць, напэўна, цяжэй, чым дзяўчынак, бо фарміруюцца мужчынскія характары. Бывала, што і сварылася, выказвала ўсё, што не падабалася ў іх учынках. А зараз з мужам ганарымся кожным. Лічу, што з дзецьмі трэба больш размаўляць. Іншы раз здавалася, што яны не дужа і слухаюць. Але гэта не так. Усё сказанае адкладвалася ў свядомасці. Ну, а як абысціся без ласкі? У ёй маюць патрэбу не толькі малыя, але і ўжо дарослыя. Яны ж заўсёды застаюцца для нас д з е ц ь м і.

Пра свае бяссонныя ночы ля калыскі кожнага сыночка, іх дзіцячыя хваробы, а потым і замарочкі пераходнага ўзросту і многія іншыя складанасці маці ў размове са мной нават не ўзгадвала. Затое радасна расказвала, як сыны дапамагалі і дапамагаюць па хатняй гаспадарцы, якія яны дружныя і захопленыя тэхнікай, колькі вынаходлівасці праяўляюць, збіраючы байкерскі матацыкл, самаходную машыну або яшчэ які самаробны “цуд” тэхнікі.

Сям’я Казакевіч жыве ў Вярэньках у прасторным цагляным доме, які 16 гадоў назад атрымала ад калгаса імя Чапаева. Трымаюць шмат жыўнасці, што патрабуе нямала працы. Упраўляюцца разам. А вось вялікі агарод перад домам — цалкам уладанні гаспадыні і прастора для яе кветкавай творчасці. Бачылі б вы буянне ў ім фарбаў! Шмат кветак і ў доме. Значыць, тут любяць прыгажосць.

— Пра што марыце? — пытаюся ў Таццяны Іванаўны на развітанне.

— Пра нявестак, — адказвае жанчына. — Двум старэйшым пара ўжо жаніцца. Хочацца, каб ім трапіліся добрыя, гаспадарлівыя дзяўчаты, каб паміж імі было і каханне, і паразуменне.

Так і павінна стацца. Нездарма ж кажуць, што сыны звычайна бяруць у жонкі дзяўчат, падобных на маці. А маці ў Алега, Руслана і Пашы Казакевічаў — цудоўная.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота аўтара і Веранікі ФІЛАНОВІЧ. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.