“Цяпло сэрцаў для любімых мам”

Общество

IMG_8697

Так называлася мерапрыемства, прымеркаванае да Дня маці, якое ладзілася ў аддзяленні адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

У зале ажыўлена. Весяляцца прыбраныя ў святочныя строі дзеці і дарослыя, прыгожыя, з макіяжам, мамы абмяркоўваюць паміж сабой надзённыя пытанні, крыху ўсхваляваныя работнікі ў чарговы раз пераглядваюць сцэнарый свята.

— Падрыхтавалі нямала яркіх нумароў, — гаварыла загадчыца аддзялення Вольга Алегаўна Гінько. — Хоць бы ўсё атрымалася, каб ні ў кога не сапсаваўся настрой і ўсё прайшло так, як запланавалі.

На сцяне — стэнд з партрэтамі мам, якія намалявалі дзеці. І мамы павінны былі пазнаць на іх сябе. Практычна кожная дала правільны адказ. Затым кіраўнік гуртка Валерыя Кірэй і наведвальнік ад­дзялення Андрэй Дзівін прадстаўляюцца як вядучыя спецыяльнага тэлеканала, вітаюць прысутных, асабліва віноўніц урачыстасці, і распачынаюць “прамую трансляцыю” перадач.

Адкрыла свята “Мінута славы”. Віталій Душэўскі выканаў песню, словы для якой напісаў сам. Оля Гуль расказала прытчу “Урок матылька”, а Саша Дубоўскі прачытаў верш уласнага сачынення пра асенні сад. Песню “Лялька” інсцэніравалі Анжаліка Хварастоўская і Саша Трафімчык,  а “Семечкі” — Оля Гуль, Лена Собалева, Андрэй Дзівін, Віталій Душэўскі. Дапамагала ім у гэтым і сама Валерыя. У “Танцах з зоркамі” Караліна Мяховіч і Саша Баглікаў выканалі ўсходні танец, з парасонамі — Оля Гуль, Лена Собалева, Марыя Новікава. Марыя станцавала яшчэ і японскі, у танцы са штучнымі саксафонамі былі задзейнічаны ўсе хлопцы. Прыгожым атрымаўся танец Лены Купран.

IMG_8636

Асабіста я кожны нумар прапускала праз сэрца, бо раўнадушна глядзець на тое, як наведвальнікі ад­дзялення тан­цавалі, спявалі для сваіх дарагіх мам, бы­ло немагчыма. Не толькі тым, чаму навучыліся, але і шчырай усмешкай і, здаецца, адкрытым сэрцам яны стараліся парадаваць сваіх самых дарагіх людзей. Можна толькі ўявіць, колькі сіл, часу, цярпення затраціла Валерыя Кірэй, каб падрыхтаваць і адшліфаваць выступленні. Кожны нумар быў падабраны індывідуальна, у адпаведнасці з магчымасцямі наведвальнікаў ад­дзялення.

Знайшоўся занятак і мамам: яны ўгадвалі мелодыі дзіцячых песень, удзель­нічалі ў танцавальным конкурсе, “ігралі” на ўяўных музычных інструментах. Пасля завяршэння свята мамы падыходзілі да работнікаў аддзялення, абдымалі іх і са слязамі на вачах дзякавалі за канцэрт і іх нялёгкую работу.

Сапраўды, без міласэрнасці і дабрыні дабіцца ўзаемаразумення з гэтымі асаблівымі дзецьмі не ўдалося б. А значыць такімі якасцямі ў дастатковай колькасці надзелены тыя, хто з дня ў дзень праводзіць у аддзяленні заняткі, вучыць яго наведвальнікаў самастойнасці, прывівае пачуццё прыгажосці, шукае таленты і дапамагае іх раскрыць. І ў дзяцей адбываюцца змены ў лепшы бок. Хай невялічкія, хай часовыя… Але для бацькоў гэта надзвычайная радасць.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.