Дзяліліся поспехамі, задавалі пытанні

Образование

Выступае Юлія Юр’еўна Новікава.
Выступае Юлія Юр’еўна Новікава.

У кастрычніку на базе ваенна-патрыятычнага класа СШ №4 адбыўся адкрыты дыялог на тэму “Роля сучаснай жанчыны ў сілавых структурах Беларусі”. Удзел у размове прынялі дзесяцікласнікі, адміністрацыя і выкладчыкі школы, другі сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская і спецыяльны госць мерапрыемства — старшы лейтэнант 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Вікторыя Дубовік.

Залівіста звініць званок — абвяшчае пра пачатак новага ўрока. Заходзім у кабінет, дзе настаўнікаў і гасцей вітаюць стоячы навучэнцы ваенна-патрыятычнага класа. Гучыць нязвыклая для агульнаадукацыйнай школы каманда “Раўняйся! Смірна!”, і камандзір класа Улад Руткевіч дакладвае пра гатоўнасць да правядзення ўрока.

Пра асноўныя напрамкі работы з моладдзю расказала педагог-арганізатар гэтай установы адукацыі Юлія Юр’еўна Новікава, а пра школьнае і пазашкольнае жыццё вучняў ваенна-патрыятычнага класа — яго навучэнка Вікторыя Смятанка. З моманту адкрыцця профільнага класа (верасень 2015 года) зроблена шмат. Упэўніцца ў гэтым можна было ў тым ліку і дзякуючы шматлікім фотаздымкам, якія дэманстраваліся на праектары. За плячыма аднакласнікаў — сумесныя экскурсіі на пагранзаставы, пункт пропуску, лінію Дзяржаўнай граніцы, інстытут пагранічнай службы. У мінулым навучальным годзе частка класа паўдзельнічала ў адным з галоўных армейскіх рытуалаў — прыняцці ваеннай прысягі салдатамі тэрміновай службы ў Смаргоні. Падчас яе пастаўчанам пашчасціла пагутарыць з тагачасным Старшынёй Дзяржаўнага пагранічнага камітэта краіны генерал-палкоўнікам Леанідам Сямёнавічам Мальцавым. Шмат увагі надаецца патрыятычнаму выхаванню школьнікаў — іх задзейнічаюць у раённых мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі, Дня Перамогі, добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў. Выязджаў ваенна-патрыятычны клас і на месца крушэння верталёта Дзяржпагранкамітэта ў вёску Вілейты. Не застаюцца па-за ўвагай класа спартыўныя мерапрыемствы: спаборніцтвы сярод вучняў ваенна-патрыятычных класаў і класаў — сяброў пагранічнікаў, гульні “Зарніца”, лазертаг. І гэта толькі асноўныя. А сёлета пастаўчане прынялі ўдзел у велапрабегу, прысвечаным 25-годдзю Смаргонскай пагранічнай групы.

Затым слова было прадастаўлена Вікторыі Дубовік. Яна засяродзіла ўвагу на тых прывілеях, якія існуюць у грамадстве для вайскоўцаў, пералічыла катэгорыі тых, хто можа разлічваць на бясплатнае лячэнне ў шпіталі, адзначыла, што з кожным годам жанчынам становяцца ўсё больш даступнымі тыя спецыяльнасці і пасады ў сілавых структурах, на якія раней маглі разлічваць толькі мужчыны. Цікавасць выклікаў і расказ госці пра сябе. Яна нарадзілася ў Ленінградзе ў сям’і ваеннаслужачых, дзіцячыя гады звязаныя з Сяміпалацінскам (Казахстан), юнацтва і далейшае жыццё — з Беларуссю. Муж  Вікторыі — кадравы ваенны, узначальвае 1-ы радыётэхнічны цэнтр. У сям’і падрастае 14-гадовая дачка.

— Ведаеце, нават у размовах з нашай дачкой можна зразумець, што яе бацькі — ваеннаслужачыя. Напрыклад, калі тэлефануе, кажа: “Мама, я табе дакладваю”, — дзялілася Вікторыя Дубовік. — А ўвогуле, у арміі часцей за іншыя выкарыстоўваюцца тры формулы сцвярджальнага адказу: “Есть”, “Так точно” і “Ура”. 

Пра спецыфіку службы, ці цяжка яе сумяшчаць з сямейным жыццём і іншыя пытанні задавалі Вікторыі Уладзіміраўне ў асноўным дзяўчаты. Шмат пытанняў было і да Веранікі Казлоўскай. Моладзь цікавіла, якія яркія мерапрыемствы запланаваны на бягучы навучальны год, як стаць удзельнікам атрада аховы правапарадку, якія прывілеі існуюць для яго членаў пры паступленні ў сілавыя вышэйшыя навучальныя ўстановы краіны і іншыя. Таксама размова ішла пра студатрадаўскі рух і магчымасць у яго рамках уладкавацца на працу падчас летніх канікулаў.

Завяршылася сустрэча агульным фатаграфаваннем на фоне прыгожа размаляванай на пагранічную тэматыку сцяны ваенна-патрыятычнага класа.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Фота Ксеніі ДУБІНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.