Галявая феерыя пастаўчан

Спорт

Атакуе найлепшы бамбардзір пастаўчан (7 мячоў) Раман Пасевіч.
Атакуе найлепшы бамбардзір пастаўчан (7 мячоў) Раман Пасевіч.

ФК “Паставы-ПМЦ” – “Прамень” (Гарадок) – 7:2

На перадматчавай устаноўцы галоўны трэнер пастаўчан В. М. Грантоўскі папрасіў сваіх падапечных згуляць так, як яны ўмеюць, парадаваць родны горад. Наша каманда пры падтрымцы амаль сотні гледачоў, якія не спужаліся бесперапыннага халоднага дажджу, з натхненнем правяла найлепшы матч сезона і разграміла даволі моцнага саперніка. Не паспеў дыктар на гарадскім стадыёне поўнасцю аб’явіць склад гасцей, як гаспадары адкрылі лік, калі дакладна стрэліў Арцём Цітовіч. На куражы пастаўчане сталі дзейнічаць яшчэ хутчэй, праводзіць імклівыя атакі, і неў­забаве Уладзімір Камісарчук замкнуў вывераны пас ад Рамана Пасевіча.

Гаспадары арганізоўвалі розныя наладжаныя камбінацыі, а ў сярэ­дзіне першага тайма стадыён зноў узарваўся апладысментамі. Па сваім флангу прарваўся адзін з самых лепшых бамбардзіраў ПМЦ Р. Пасевіч, абыграў некалькіх апекуноў, змясціўся ў цэнтральную зону і трапна ўдарыў у вугал варот — 3:0. Пасля гэтага пастаўчане крыху аслабілі свой націск, а госці на 39-й хвіліне скарацілі розніцу ў ліку. У іх вызначыўся Мак­сім Васільеў, які перад гэтым выйшаў на замену. Не сумавалі гледачы і пасля перапынку, бо ішоў адкрыты атакуючы футбол, узнікала шмат вострых галявых сітуацый.

Рэалізаваць іх лепш атрымлівалася ў пастаўчан, а чацвёрты гол стаў самым прыгожым. На 65-й хвіліне пасля падачы вуглавога яго па-майстэрску ўдарам галавы правёў Яўген Ясюковіч. У наступнай атацы моцна стрэліў у штангу Ігар Павініч, а крыху пазней абаронца каманды Гарадка Аляксандр Пляхневіч зрэзаў мяч ва ўласныя вароты. Да гонару гасцей, яны змагаліся да канца нават у безнадзейным становішчы, у іх складзе зноў вызначыўся М. Васільеў. Аднак канцоўка паядынку засталася за пастаўчанамі. Спачатку з лініі штрафной трапна прабіў А. Цітовіч, а канчатковую лічбу на табло ўстанавіў капітан нашай каманды Аляксандр Жарскі магутным стрэлам са штрафнога.

Пад шквал апладысментаў поле пакі­нулі Лубко (Трошка), Голубеў (Мінгіно­віч), Жарскі (к), Пучынскі, Дубін, Пасевіч (Карага), Зелянкевіч, І. Якаўлеў (М. Якаўлеў), Камісарчук (Павініч), Цітовіч (Чалей), Ясюковіч. У гэтым туры вызначыліся і астатнія каманды з нашай групы “А”: “Полацкгаз” — “Камунальнік” (Сянно)  — 4:2, ФК “Глыбокае” — ФК “Шумі­ліна” — 4:1, “Газавік” (Віцебск) — ФК “Лепель”. У фінальным раўндзе пастаўчане згуляюць яшчэ пяць сустрэч, бліжэйшую — сёння дома ў 12 гадзін з віцябчанамі.

Уладзімір ШЫК.

Фота Антона Чалея.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.