“Каля тысячы тон рыбы вылавім” — упэўнены дырэктар рыбгаса “Навінкі” Аляксандр Ліхаманаў


Падчас аблову.
Падчас аблову.

Гэта лічба магла б быць значна вышэйшай, калі б не падвяло надвор’е. “Такога неспрыяльнага для росту рыбы года не памятаюць нават нашы старажылы, — гаварыў дырэктар. — Рыба добра расце пры тэмпературы вады 22-24 градусы. А сёлета яна была ў чэрвені 17, у ліпені — 19. Пры такой тэмпературы рыба дрэнна есць. Не скармілі 500 тон камбікорму, з-за чаго недарасло 200 тон яе масы. Людзі стараліся не менш, чым у папярэднія гады, а вынік будзе горшы”.

Аляксандр Ліхаманаў.
Аляксандр Ліхаманаў.

У мінулыя гады навінкаўцы неаднаразова выходзілі пераможцамі або прызёрамі рэспубліканскага спаборніцтва рыбгасаў краіны. Сцены дырэктарскага кабінета ўвешаны граматамі і дыпломамі. Сёлета на лідарства разлічваць не прыходзіцца, але зроблена ўсё магчымае, каб мінімізаваць уздзеянне крайне неспрыяльных кліматычных наступстваў.

245A7156

— Толькі недасведчаным людзям здаецца, што вырошчванне рыбы — справа простая. Гэта зусім не так. Тэхналогія замкнутага цыкла (ад ікрынкі да таварнай прадукцыі, як і робіцца ў Навінках) настолькі тонкая, што нават невялікае ўпушчэнне  (напрыклад, недахоп кіслароду або парушэнне водаабмену) можа прывесці да замору, — расказваў А. П. Ліхаманаў. — У нас такога не здараецца, бо вельмі дасведчаныя і адказныя не толькі спецыялісты, але і рабочыя.

На сартавальным пункце.
На сартавальным пункце.

У калектыве 60 чалавек, якія гаспадараць на адной тысячы водных гектараў. Сярэдні ўзрост — 46 гадоў. Прыходзяць і застаюцца тыя, хто не баіцца цяжкасцей. Праца нялёгкая і спецыфічная. Вясной ад світання да захаду сонца вядзецца зарыбленне, летам, без выхадных, — кармленне, восенню — аблоў, зімой таксама здабываюць таварную рыбу з-пад лёду на зімавальных сажалках. Самы напружаны месяц — верасень, калі яшчэ кормяць рыбу (з кастрычніка да вясны прыпыняюць), ідуць яе аблоў і рэалізацыя, запаўняюцца зімавальныя сажалкі.

245A7165

Мы пабывалі ў Навінках ты­дзень таму і з цікавасцю паназіралі за абловам. 102-гектарная сажалка амаль поўнасцю асушана. Вада засталася толькі ў самых глыбокіх месцах. Але ў іх кішыць рыба. Рабочыя ў непрамакальных гумавых касцюмах захопліваюць яе невадам, падцягваюць да рыбаўлоўніка, загароджанага двайнымі рашоткамі, і загружаюць у ёмістасць, якую потым падымае кран і перакульвае ў спецыяльную машыну. Вельмі цяжкая фізічная праца, прычым у любое надвор’е.

245A7111

— Абловам займаюцца тыя людзі, якія  вырошчвалі рыбу або дастаўлялі кармы, — каменціруе дырэктар. — Гэта Генадзій і Павел Бервячонкі, Аляксандр Шчогалеў, Уладзімір Якімовіч, Дзмітрый Кадушкевіч, Яўгеній Вярцінскі, Валянцін Врублеўскі, Міхаіл Якімовіч, Казімір Мурзіч.

Вылавіць рыбу — паўсправы. Не менш важна рэалізаваць. На сартавальным пункце рабочыя раздзяляюць яе па відах і масавых групах. Частку адразу ж адпраўляюць на рэалізацыю, частку змяшчаюць у зімавальныя сажалкі.

— Асноўная таварная рыба ў нас — карп, — тлумачыў А. П. Ліхаманаў. — Але вырошчваем і шчупака, ліня, сома, амура, таўсталобіка. Рэалізуем у асноўным па Віцебскай вобласці. Сфарміравалі шэсць выязных экіпажаў. Тры разы ў тыдзень вязём рыбу ў абласны цэнтр, дзе ў магазінах устаноўлена больш за 40 акварыумаў. Кожныя сераду і нядзелю гандлюем у Паставах на рынках райспажыўтаварыства і “Беліт”, удзельнічалі ў восеньскім сельскагаспадарчым кірмашы ў Мінску.

245A7186

Нягледзячы на тое, што выдаткі на вырошчванне рыбы сёлета большыя, чым летась, цэны на яе ў Навінках пакінулі мінулагоднія. Ну, а пераконваць у каштоўнасці гэтага прадукту наўрад ці трэба. Кожны, хто клапоціцца пра здаровае харчаванне, ведае гэта.

Плануецца, што ўвесь ураджай з “блакітнай нівы” складзе сёлета каля тысячы тон. Свежай рыбкай паласавацца можна ўжо зараз. Тым больш што заўтра на восеньскім сельскагаспадарчым кірмашы ў Паставах яна будзе прадавацца па ніжэйшых, чым у магазінах, цэнах.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота Сяргея ВШЫЎКАВА. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.