Лясны фонд Пастаўшчыны пачысцеў

Общество

Ідзе ачыстка лесу.
Ідзе ачыстка лесу.

7 кастрычніка жыхары Пастаўшчыны прынялі ўдзел у штогадовай рэспубліканскай добраахвотнай акцыі па ўборцы ляснога фонду ад смецця і захламленасці “Чысты лес”. Ініцыятарам мерапрыемства ўжо сёмы год запар выступае Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі. Далучыцца да акцыі маглі ўсе жадаючыя.

На працягу дня добраахвотнікі дапамагалі работнікам лясгаса і лясніцтваў раёна прыбіраць ад смецця лес, добраўпарадкоў­ваць месцы адпачынку і прыдарожныя палосы.

— Карысць і прыгажосць лесу цяжка пераацаніць. “Кладовая” прыродных багаццяў, свежае паветра, станоўчыя эмоцыі, прыгажосць у любую пару года — гэта ўсё ён, лес. Але, на жаль, цэняць гэта не ўсе, — з сумам канстатаваў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Аляксандр Мікалаевіч Іванькоў. — Не палохаюць парушальнікаў і фотапасткі, устаноўленыя ў лясным масіве, і складанне пратаколаў. Праблема забруджвання ляснога масіву застаецца актуальнай.

Навучэнцы СШ №3 наводзяць парадак у бярэзніку.
Навучэнцы СШ №3 наводзяць парадак у бярэзніку.

Сёлета на тэрыторыі нашага раёна ўдзел у акцыі прынялі 270 добраахвотнікаў. З іх 90 чалавек — работнікі лясной гаспадаркі, 140 — школьнікі і навучэнцы каледжа, астатнія — прадстаўнікі розных арганізацый (у тым ліку прафсаюзных), устаноў і прадпрыемстваў. Іх намаганнямі сабрана 35 кубічных метраў смецця з агульнай плошчы 26 гектараў, высаджана 200 саджанцаў дрэў асноўных лесаўтваральных парод. А ў Варапаеўскім лясніцтве падчас акцыі яшчэ вялася барацьба і з баршчэўнікам Сасноўскага. Ад “зоны акупацыі” гэтай расліны пры дапамозе скошвання вызвалена 0,21 гектара.

Падобная акцыя, але ўжо па навядзенні парадку каля вадаёмаў райцэнтра, на тэрыторыі паміж вуліцамі Юбілейнай і Кляра і ў бярозавым гаі паблізу льнозавода, адбылася днём раней. Яна была арганізавана раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і прымеркавана да Сусветнага дня аховы месцаў знаходжання, які штогод адзначаецца 6 кастрычніка і закліканы прыцягнуць увагу да праблемы захоўвання асяроддзя фаўны.

На ачыстку прыбярэжных тэрыторый і бярэзніка выйшлі навучэнцы ўсіх школ горада, гімназіі і каледжа. “Улоў” традыцыйны — пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, поліэтыленавыя пакеты, упакоўкі ад чыпсаў і сухарыкаў. Сярод “экзотыкі” — прас, які адслужыў свой век. Ну ці не свінства? Асабліва ўлічваючы тое, што берагі той жа Мя­дзелкі прыбіраюцца падчас разнастайных акцый і суботнікаў не адзін раз у год.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Фота аўтара і А. ІВАНЬКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.