Майстры вёскі жывуць у Кураполлі

Общество

IMG_8432

У шосты раз на Пастаўшчыне прайшоў міжнародны конкурс “Майстры вёскі”. Сёлета месцам яго правядзення стаў аграгарадок Камаі.

Знаёмства

Лынтупскі сельсавет прадстаўлялі Ігар і Іна Макрыцкія. Іна — настаўніца, цяпер знаходзіцца ў водпуску па доглядзе Радзівона, якому нядаўна споўніўся годзік. Ігар працуе ў сельскім Савеце. Іх старэйшай дачушцы Рэнаце ідзе чатырнаццаты год, сыну Арцёму — дзесяць.  Дзмітрый і Святлана Янушкоўскія з трохгадовай дачушкай Ірынкай прыехалі з Курапольскага сельсавета. Ён працуе вадзіцелем, яна — бухгалтарам у ААТ “Кураполле-агра”. Гонар Камайскага сельсавета абаранялі Канстанцін і Святлана Лапіны. Муж — ветурач, жонка — бухгалтар. Выхоўваюць чатырохгадовую дачушку Злату і двухгадовага сыночка (на жаль, Паўлік прыхварэў, таму не ўдзельнічаў у свяце, а застаўся дома з бабуляй). За 300 кіламетраў прыехалі з Латвіі Уладзімір і Ірына Поўхс з сынам Цімурасам і дачушкай Ганнай-Марыяй. Яны жывуць у Рэзекненскім краі, працуюць на чыгунцы, трымаюць вялікую падсобную гаспадарку. Латвійскі горад Віесітэ прадстаўлялі Яніс і Сабіна Зупа з дачушкай Мадарай. Яны фермеры, на свяце шчодра частавалі ўсіх прадуктамі з уласнай гаспадаркі.

Фірменныя стравы, выпечку, вышыўку, работы з бісеру, разьбу па дрэве і многае іншае, чым захапляюцца сем’і, канкурсанты размясцілі на сталах у фае Дома культуры. Гледачы падоўгу затрымліваліся каля сапраўдных цудаў, вырабленых рукамі  ўдзельнікаў конкурсу. Цікава было пачытаць рэцэпт “стравы” пад назвай “Сямейнае шчасце”, прыдуманы Дзмітрыем і Святланай Янушкоўскімі.  Для яго прыгатаваня трэба “змяшаць” радасць, клопат, узаемаразуменне, дабавіць аптымізму, веры, цярпення, ветлівасці. Усё “заліць” любоўю, упрыгожыць пялёсткамі дабрыні і ўвагі, падаць з “гарнірам” з цёплых слоў і шчырай усмешкі. А прыступкамі “Лесвіцы шчасця” Лапіных з’яўляюцца каханне, давер, разуменне, павага, вернасць.

З прывітальным словам да прысутных звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў, старшыня Думы Рэзекненскага краявога самакіравання Монвідс Шварц і дэпутат Думы Віесіцкага краявога самакіравання Петэрыс Ліціс. Затым старшыня Курапольскага сельскага Савета Мікалай Мікалаевіч Яльчык перадаў сімвал конкурсу — гліняны чайнічак, вылеплены ў аграсядзі­бе майстроў Шчэрбаў у Навасёлках (конкурс “Майстры вёскі” ўпершыню праводзіўся на тэрыторыі Навасёлкаўскага сельсавета), старшыні Камайскага сельскага Савета Генадзію Часлававічу Урбанайцю. Дарэчы, Камаі “Майстроў вёскі” прымалі ў другі раз.

Пасля жараб’ёўкі распачаўся конкурс візітовак “Я, ты, ён, яна — разам дружная сям’я”. Кожнаму трэба было коратка і прыгожа ахарактарызаваць сваю сям’ю. Падчас мультымедыйнай прэзентацыі з экрана дэманстраваліся здольнасці і захапленні, сумесная праца і адпачынак, радасці і паўсядзённыя клопаты. Яскравым дапаўненнем да ўбачанага сталі выступленні канкурсантаў, якія праз вершы і прозу, танцы і песні пастараліся паказаць, на што яны здольныя. Найбольш арыгінальна — усходнім танцам — прэзентавала сябе сям’я Поўсх. А Лапіны цікава расказалі пра сямейныя рэліквіі.

Руплівыя, дружныя, таленавітыя

Наступны этап конкурсу пад назвай “Сельская спартыўная эстафета” праходзіў на пляцоўцы перад Домам культуры. Не пашанцавала з над­вор’ем: было пахмурна, холадна, ішоў дождж. Але гэта не напалохала ўдзельнікаў. Муж і жонка ў пары спрытна валодалі ручной пілой і на хуткасць распілоўвалі бярвенне. Мужчыны імпэтна шчапалі калодкі, пераносілі мяшкі з бульбай. Жанчыны акуратна складвалі дровы, насілі вядзерцам ваду. Разам чысцілі бульбу, моркву, цыбулю, буракі.

Крэатыўна падышлі канкурсанты да напісання сямейнага партрэта, захапляльна расказвалі пра свае дасягненні.

Членам журы ў скла­дзе намесніка старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёва, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Г. М. Чаплінскай, старшыні раённага камі­тэта прафсаюза работні­каў аграпрамысловага комплексу С. М. Герасіменкі, другога сакратара раённага камітэта ГА “БРСМ” В. Л. Казлоўскай і старшыні раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” М. П. Нагановіч прыйшлося складана.

— Адчувалася, што ўсе вы дасканала рыхтава­ліся,  — гаварыў, падво­дзячы вынікі Ю. М. Кісялёў. — Пра гэта сведчаць візітоўкі, тыя арыгінальныя стравы і вырабы, якія вы прывезлі. Журы ўлічвала многія моманты: адпаведнасць візітоўкі тэматыцы конкурсу, веданне і прэзентаванне сямейных традыцый, мастацкі і музычны ўзровень, артыстызм, творчы падыход да раскрыцця тэмы, хуткасць у спартыўнай эстафеце. Усе выступілі цудоўна. Але конкурс ёсць конкурс. Толькі некалькі балаў аддзяляюць адну сям’ю ад другой. Вы  ўсе заслугоўваеце самых высокіх слоў пахвалы і падарункаў.

Месцы ж размеркаваліся наступным чынам: трэцяе раздзялілі паміж сабой Макрыцкія і Зупа, другое прысуджана сем’ям Лапіных і Поўхс, першае заваявалі Янушкоўскія.

— Адкрыю сакрэт, — гаварыў М. М. Яльчык, віншуючы пераможцаў і ўручаючы ім торт, — мы адабралі тры сям’і. Праводзілі з імі рэпетыцыі, прыглядаліся, як трымаюцца на сцэне, і спынілі свой выбар на Дзмітрыі і Святлане. І яны не падвялі. Малайцы! Утрымалі планку нашых Вешчанікіных, якія былі пераможцамі летась, і ў чарговы раз даказалі, што сапраўдныя майстры вёскі жывуць у Кураполлі. Сёння вы бачылі некаторыя Дзімавы вырабы з дрэва — у яго залатыя рукі. Парадак каля дома, прыгажосць у кветніку — заслуга Светы.  Цудоўная сям’я!

Эмоцыі перапаўнялі гасцей з Латвіі. “Мы ехалі да вас не па перамогу, а па незабыўныяі ўражанні, — гаварылі яны. — І атрымалі культурны “шок”. Беларусы — дружны і моцны народ. Спадабаліся горад, гасціннасць гаспадароў, згуртаванасць сем’яў, шчырая падтрымка іх родных і калег”.

Спонсарамі конкурсу былі раённы выканаўчы камітэт, прафсаюзная арганізацыя работнікаў аграпрамысловага комплексу, раённыя грамадскія арганізацыі “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын” і БРСМ. А вялікую канцэртную праграму падрыхтавалі ўдзельнікі тэатра песні “Вясковы экстрым” Камайскага сельскага Дома культуры, ансамбль народнай музыкі “Маладзіца” і навучэнцы Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Тэкст і фота

Анны АНІШКЕВІЧ.

[ngg_images source=»galleries» container_ids=»396″ display_type=»photocrati-nextgen_basic_thumbnails» override_thumbnail_settings=»0″ thumbnail_width=»240″ thumbnail_height=»160″ thumbnail_crop=»1″ images_per_page=»20″ number_of_columns=»4″ ajax_pagination=»0″ show_all_in_lightbox=»0″ use_imagebrowser_effect=»0″ show_slideshow_link=»1″ slideshow_link_text=»[Показать слайдшоу]» order_by=»sortorder» order_direction=»ASC» returns=»included» maximum_entity_count=»500″]



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.