Моцная апора + надзейны тыл = сямейнае шчасце

Местная власть

IMG_8458

Учора ў абласным выканаўчым камітэце адбылося мерапрыемства, прымеркаванае да Дня маці. Па традыцыі на ім былі ўручаны прэміі імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Міхайлаўны Тусналобавай-Марчанка. Іх прысуджаюць за высокі прэстыж мацярынства і ўмацаванне інстытута сям’і, яе маральных асноў, моцныя сямейныя традыцыі і каштоўнасці, прапаганду вопыту ў выхаванні дзяцей. Сярод лаўрэатаў — і лынтупчанка Алена Мураўёва (на здымку з мужам і дзецьмі).

Алена Мікалаеўна і Вячаслаў Ісаевіч выхоўваюць траіх дзетак. Уладзіслаў — адзінаццаці­класнік, Максім вучыцца ў дзявятым, а Мілана — у трэцім.

— Моцная апора нашай сям’і — Слава, — гаварыла Алена. — Ён забеспячэнец, прыклад працавітасці, аптымізму. За сямнаццаць гадоў сумеснага жыцця ні разу не пашкадавала, што ў першы дзень знаёмства, калі ён спытаў: “Замуж хочаш?”, адказала: “За цябе — хачу”.

— Як цяпер памятаю: на дарозе галасавалі дзве дзяўчыны, — узгадвае Вячаслаў. — Спы­ніўся, каб падвезці. Брунетка адразу асляпіла ўсмешкай. Усю дарогу ў люстэрку любаваўся ёй. Іскрынка распаліла вялікае каханне. Яно прайшло нямала выпрабаванняў: часам, бытавымі цяжкасцямі, хваробай.

Да гэтага ў Вячаслава ўжо быў шлюб, ад яго засталася дачушка. Сям’я распалася яшчэ да сустрэчы з Ленай. Адносіны з былой жонкай падтрымліваў і падтрымлівае для таго, каб клапаціцца пра дачку. Лене няпроста было гэта прыняць. Праўда, муж хутка заваяваў яе давер. Старэйшая дачка жыве ў Нарачы, у яе цудоўная сям’я, двое дзетак. Яны частыя госці ў бацькавым доме. Вячаслаў ганарыцца дачкой, якая закончыла Маладзечанскі планава-эканамічны каледж, цяпер завочна вучыцца ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце.

— Я быў васьмікласнікам, калі памёр бацька, — расказваў Слава. — Мне так яго не хапала! Таму сваіх дзетак імкнуся па максімуму ахінуць клопатам і ўвагай. Сыноў вучу быць працавітымі, мужнымі, адказнымі. Я на трынаццаць гадоў старэйшы за Лену. Прайшоў армейскую школу ў Афганістане. Вайна навучыла па-іншаму глядзець на многія рэчы. Дарэчы, пра працавітасць. Чамусьці многія лічаць, што яна заключаецца ў апрацоўцы зямлі, трыманні вялікай падсобнай гаспадаркі. Але грошы можна зарабіць і разумовай працай.

Мураўёвы сямейны бюджэт з пачатку сумеснага жыцця пачалі папаўняць з гандлю. Вячаслаў пазычыў тысячу долараў і паехаў на “Экспабел” па тавар. Думаў, што закупіў шмат, а калі расклаў яго для далейшага продажу на рынку, то ўсё змясцілася на капоце аўтамашыны. Пакрыху развіваліся: адкрылі гандлёвую палатку, затым магазін.

Вячаслаў у свой час закончыў Віцебскае культурна-асветніцкае вучылішча, мае здольнасці да спеваў і музыкі. Знаёмыя сталі запрашаць на правя­дзенне вяселляў, юбілеяў. Адкрыў індывідуальнае прадпрымальніцтва на музычнае суправаджэнне розных урачыстасцей. Захапіўся вясельнай фота­здымкай, афармленнем альбомаў з памятных па­дзей. Займаецца гэтым і цяпер.

Пяць гадоў таму ў сям’ю прыйшла бяда — Слава цяжка захварэў. Аперацыі, лячэнне, рэабілітацыя. Толькі яму вядома, як ён хапаўся за любую саломінку, каб жыць. Сіл надавалі любоў сям’і, падтрымка сяброў і проста добрых лю­дзей. Цяпер па праграме адаптацыі інваліда да працоўнай дзейнасці кіруе гуртком у Лынтупскім аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН. Алена — сацыяльны работнік.

— Быць маці — найвялікшае шчасце, — гаварыла Алена. — Улад закончыў школу мастацтваў па класе баяна, марыць стаць праграмістам. Максім захапляецца веславаннем на байдарках, фота- і відэаздымкай. Уцеха для ўсіх — Мілана. Яе з’яўленне было для нас прыемным сюрпрызам. Дзяўчынка любіць спяваць і танцаваць. Усе дзеці — актыўныя ўдзельнікі розных мерапрыемстваў. Я так люблю сваю сям’ю, якой аддаю ўсю цеплыню сэрца.

— Самая лепшая ў свеце, — абдымае маму Мілана. І вочы жанчыны свецяцца яшчэ больш.

— Лена — цудоўная жонка, клапатлівая мама, надзейны тыл, — гаварыў Вячаслаў. — Цаню яе мудрасць, дабрыню, міласэрнасць, бязмежную любоў да кожнага з нас. Разам мы робім усё для таго, каб нашы дзеці выраслі прыстойнымі людзьмі. Не прад’яўляем да іх завышаных патрабаванняў, не прымушаем скакаць вышэй сябе. Кожнае іх дасягненне прыносіць нам радасць. Складаных жыццёвых сітуацый узнікае нямала, але мы ніколі не апускаем рукі. Любое выпрабаванне перажываем з верай у тое, што ўсё будзе добра.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.