Найлепшыя фінансісты — у пятай школе

Образование

Паліна Касарэўская і Максім Высоцкі пасля ўзнагароджвання з настаўніцай гісторыі і геаграфіі Марынай Браніславаўнай Цітовіч, якая рыхтавала іх да алімпіяды.
Паліна Касарэўская і Максім Высоцкі пасля ўзнагароджвання з настаўніцай гісторыі і геаграфіі Марынай Браніславаўнай Цітовіч, якая рыхтавала іх да алімпіяды.

20 кастрычніка на базе пастаўскай СШ №2 адбыўся другі (раённы) этап рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай пісьменнасці сярод навучэнцаў устаноў агульнай і сярэдняй адукацыі. Яго ўдзельнікамі сталі 24 старшакласнікі з усіх школ горада, гімназіі, Варапаеўскай, Гуцкай, Навасёлкаўскай і Лынтупскай СШ.

Гэта спаборніцтва каторы год запар ладзіць Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь сумесна з Міністэрствам адукацыі краіны. Неабходнасць яго правядзення прадыктавана часам. Актыўнае развіццё інфармацыйных тэхналогій у фінансавай сферы садзейнічае павышэнню даступнасці фінансавых паслуг для насельніцтва, якое ў сваю чаргу не заўсёды арыентуецца ў прапанаваных прадуктах і ўмее правільна іх выкарыстоўваць. А без гэтага нельга ўсвядомлена ўспрымаць эканамічную рэчаіснасць, разбірацца ў грамадскім жыцці і эфектыўна вырашаць задачы гаспадарчай практыкі. Алімпіяда заклікана папулярызаваць веды ў галіне фінансаў сярод моладзі, павысіць патэнцыял навучэнцаў і сфарміраваць іх базавыя фінансавыя кампетэнцыі.

Сёлетні яе фармат крыху адрозніваўся ад мінулагодніх. Упершыню быў праведзены першы (школьны) этап, які прайшоў у верасні і ў якім прынялі ўдзел па жаданні ўсе навучэнцы 10-ых і 11-ых класаў. Сярод іх былі выбраны лепшыя юныя фінансісты. Яны змагаліся за званне пераможцы на другім этапе алімпіяды. А пачаўся ён з прывітальнага слова намесніка дырэктара Цэнтра банкаўскіх паслуг №230 ААБ “Беларусбанк” В. А. Гутара, які прывёз у СШ №2 пакет з тэставымі заданнямі. Звяртаючыся да старшакласнікаў, Валерый Аркадзьевіч адзначыў, што фінансавая пісьменнасць сёння дастаткова запатрабаваная ў нашым грамадстве. Асабліва яна неабходная моладзі, якой трэба будзе будаваць фінансавыя адносіны ў краіне, сваіх сем’ях. Прадстаўнік банка пажадаў школьнікам удачы, кожнаму стаць пераможцам і выбраць свой шлях у жыцці, каб з радасцю ісці на працу і з такім жа настроем вяртацца дамоў.

IMG_4135

Затым галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Н. У. Есьман расказала пра парадак правядзення выпрабавання і, раздзяліўшы навучэнцаў на дзве групы, раздала бланкі з заданнямі. Яны змяшчалі па 30 пытанняў з варыянтамі адказаў, сярод якіх “хаваліся” правільныя. Апошняе, 31-ае, заданне было творчым і ўлічвалася ў тым выпадку, калі ў прэтэндэнтаў на прызавое месца аказвалася аднолькавая колькасць набраных балаў. На выкананне заданняў адводзілася роўна 60 хвілін. Падчас іх не дазвалялася карыстацца калькулятарамі, мабільнымі тэлефонамі і іншымі сродкамі прыёму і перадачы інфармацыі.

Праз гадзіну да работы прыступілі члены журы — настаўнікі матэматыкі раёна. Яны праверылі бланкі з адказамі, кожны з якіх, дарэчы, быў зашыфраваны. І ўжо пасля абеду гэтага ж дня стала вядома імя пераможцы і двух прызёраў. Найлепшы вынік паказаў 11-класнік СШ №5 Максім Высоцкі, які набраў 81 бал са 100 магчымых. На другім месцы з 76 баламі аднакласніца Максіма — Паліна Касарэўская. На трэцім — навучэнка 11 класа Варапаеўскай СШ Кацярына Ходан, у яе 68 балаў. Нядрэнна справіліся з тэставымі заданнямі і астатнія ўдзельнікі спаборніцтва. Па словах Наталлі Уладзіміраўны Есьман, з кожным годам працэнт іх выканання павялічваецца. Гэтаму са­дзейнічае адпаведная работа ў навучальных установах. Да алімпіяды па фінансавай пісьменнасці навучэнцы рыхтуюцца на спецыяльных дадатковых занятках, займаюцца як з педагогамі, так і індывідуальна.

У якасці ўзнагароды пераможца і прызёры атрымалі дыпломы і падарункі ад Беларусбанка (памятная сярэбраная манета, фірменныя ручка і блакнот за першае месца), Белінвестбанка (скарбонка ў выглядзе кубка з лагатыпам банка, ручка і блакнот за другое месца) і Белагра­прамбанка (кубак з лагатыпам, блакнот і кніга “Твае першыя фінансы” за трэцяе месца). Іх уручылі непасрэдна ў школах. Наперадзе ў Максіма, Паліны і Каці ўдзел у трэцім (абласным) этапе алімпіяды, які адбудзецца 17 лістапада ў Віцебску. Будзем спадзявацца, што і там ім паспадарожнічае ўдача.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.