Не пакінулі ў бядзе


Т. М. Шахава і валанцёры БРСМ перадаюць прадукты і рэчы сям’і Ганчарык.
Т. М. Шахава і валанцёры БРСМ перадаюць прадукты і рэчы сям’і Ганчарык.

26 красавіка ў сям’ю пастаўчанкі Віялеты Ганчарык прыйшла бяда — згарэў дом па вуліцы Кірава, дзе жанчына пражывала з двума сынамі-школьнікамі і грамадзянскім мужам. Пажар узнік ноччу з даху, верагодна — па прычыне падпалу. Таму жыльцы выскачылі на вуліцу хто ў чым быў, не прыхапіўшы з сабой ніякіх рэчаў. А агонь знішчыў не толькі будынак (ад яго засталіся сцены), але і маёмасць.

Пагарэльцаў прытуліла маці Віялеты, якая жыве па вуліцы П. Марозава ў райцэнтры. Але дах над галавой — далёка не ўсё, што неабходна сям’і з дзецьмі. Іх трэба накарміць, апрануць, забяспечыць самым элементарным. Тут на дапамогу Ганчарыкам прыйшлі кіраўніцтва ААТ “Паставымэбля”, дзе працуе Віялета, калегі і знаёмыя. Яны сабралі і пералічылі грошы, перадалі таксама нешта з адзення.

Наступіла восень. І маладая мама захвалявалася, што ў сыноў і самой няма цёплых рэчаў на зіму. Вырашыла звярнуцца ў раённую арганізацыю Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Яе старшыня Т. М. Шахава ўважліва аднеслася да праблемы пастаўчанкі: перабрала адзенне і абутак, з якога выраслі ўласныя сыны і ўнукі, падключыла знаёмых, якія таксама прынеслі неабходныя пагарэльцам рэчы. І ў канцы верасня прывезла ўсё гэта на новы адрас Ганчарыкаў. Разам з тым параіла Віялеце напісаць заяву на імя старшыні абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа з просьбай аб дапамозе, якую сама ж даставіла ў Віцебск.

І вось 11 кастрычніка Таццяна Мікалаеўна разам з актывістамі БРСМ — удзель­ніцамі валанцёрскага руху “Добрае сэрца” сёстрамі Ангелінай і Анжалікай Анісімовіч — зноў наведалася ў знаёмы дом па вуліцы П. Марозава. На гэты раз прывезлі коўдры, камплекты пасцельнай бялізны, прадуктовыя і гігіенічныя наборы — усё ў трох экзэмплярах на кожнага члена сям’і. Іх выдзеліла абласная  арганізацыя па праграме “Надзвычайная сітуацыя”.

— Я вельмі ўдзячная ўсім за дапамогу, — гаварыла Віялета Ганчарык. — Не ведаю, што было б са мной і дзецьмі, калі б не аказалася побач мамы, іншых нераўнадушных да нашай бяды людзей. Цяпер ёсць надзея, што зможам аднавіць свой дом і вярнуцца ў яго.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.