“Павіншуем маму разам!”

Общество

IMG_8485

Пад такой назвай напярэдадні Дня маці прайшла акцыя, якую ініцыявала Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Далучылася да яе і раённае аб’яднанне прафсаюзаў на чале з Інай Аляксееўнай Далецкай.

Былі набыты спецыяльныя паштоўкі і канверты. У цэнтральным аддзяленні паштовай сувязі абуладкавалі куточак, дзе другі сакратар грамадскага аб’яднання “БРСМ”, член маладзёжнага савета пры раённым аб’яднанні прафсаюзаў Вераніка Казлоўская прапаноўвала наведвальнікам зрабіць прыемны сюрпрыз сваім мамам.

Жадаючых было шмат. Напрыклад, Кацярына Анкудовіч папрасіла адразу дзве паштоўкі.

— Зайшла на пошту, каб аплаціць паслугі інтэрнэту, — расказвала. — Прапанавалі ўзяць паштоўку. А чаму б і не? Мама, Людміла Фёдараўна Турла, жыве ў Юньках, свякроў, Анжаліка Мікалаеўна, — у Паставах. Бываем у іх часта, паедзем і ў Дзень маці. Але і паштоўкі парадуюць мам.

Віктар Паўлавіч Іваноў, атрымаўшы грашовы перавод, з радасцю прыняў прапанову адправіць віншаванне сваёй маме.

— Яна жыве ў Брэсцкай вобласці, — казаў. — Калі пасля тэрміновай службы ў арміі 40 гадоў таму ажаніўся і застаўся ў Паставах, пісьмы пісаў часта, да свят пасылаў паштоўкі. Цяпер штодня размаўляем па тэлефоне. Але ведаю, што пажылыя людзі вельмі цэняць пісьмы. Таму маме будзе прыемна атрымаць паштоўку.

— Сюрпрыз будзе для матулі, калі разам з газетамі  з паштовай скрыні дастане і паштоўку, — лічыць Анастасія Вайцяховіч. — Гэта магчымасць у чарговы раз сказаць самаму дарагому чалавеку цёплыя словы, падзякаваць за любоў і падтрымку, цярпенне і дабрыню.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.