Пенсіі, камунальныя паслугі, савецкія банкаўскія ўклады

Местная власть

Земчёнок за столом

Вываз смецця з прыватнага сектара райцэнтра, просьба пасадзейнічаць у паскарэнні рамонту даху, ці можа памер пенсіі быць меншым за бюджэт пражытачнага мінімуму, плануецца альбо не вяртаць насельніцтву краіны ўклады, зробленныя ў савецкія часы. Гэтыя пытанні хвалявалі тых, хто звярнуўся да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргея Рычардавіча Зямчонка падчас асабістага прыёму і «прамой тэлефоннай лініі», якія адбыліся ў аўторак.

Два звароты з чатырох датычылі работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна. У прыватнасці, адну з заяўніц хвалявала, ці можа налічвацца плата за вываз цвёрдых камунальных адходаў з прыватнага сектара райцэнтра, калі дагавор на паслугу не заключаны і яна ёй не карыстаецца. Як патлумачылі ў аддзеле ЖКГ райвыканкама, можа. Згодна з пералікам асноўных жыллёва-камунальных паслуг, зацверджаных пастановай Савета Міністраў Беларусі, паслуга па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі ўваходзіць у лік асноўных і аказваецца ў абавязковым парадку. Адмова ад заключэння дагавора не вызваляе ўласнікаў жылых або нежылых памяшканняў ад унясення платы за фактычна аказаныя паслугі.

— Пытанне вывазу смецця з прыватнага сектара хвалюе многіх. Да мяне як да дэпутата паступае шмат нараканняў наконт гэтага, — каменціраваў С. Р. Зямчонак. — Людзей хвалюе той факт, што смеццявоз трэба пільнаваць, каб самастойна загрузіць у яго пакеты. Яны ж хочуць, каб у дзень вывазу смецця пакеты з ТБА можна было пакідаць ля забора, а іх пагрузкай у машыну займаліся б камунальнікі. Такая практыка існуе ў іншых гарадах.

— Хачу, каб вы ведалі, што ў ЖКГ мне не адмовілі ў вырашэнні пытання па рамонце даху, але і сказаць, калі гэта адбудзецца, таксама не могуць, — пачала свой зварот да парламентарыя жыхарка адной з кватэр шматпавярховага дома ў мікрараёне 5 гарадка. — Паспрыяйце, калі ласка, каб гэта адбылося хутчэй.

Расказваючы пра сваю сітуацыю, жанчына ледзь стрымлівала слёзы. Разам з мужам і сынам, інвалідам першай групы, жыве ў вуглавой кватэры на апошнім паверсе. Два гады назад зрабілі капітальны рамонт. Але ў адным з пакояў ад яго не засталося і следу: з-за таго, што працякае дах, дзве сцяны пачарнелі і пакрыліся  цвіллю.

— Я нядаўна зламала нагу, перанесла дзве аперацыі. Рэгулярна дамоў да мяне наведваюцца медыкі. Сорамна прымаць іх у такой абстаноўцы, гэта зразумее любая гаспадыня, — працягвала. — А майстар, які прыходзіў на выклік, параіў зрабіць рамонт. Але што ад яго застанецца, калі не вырашыць карэнную праблему?

Па абодвух пытаннях С. Р. Зямчонак адправіў дырэктару УП ЖКГ запыт з прапановамі.

Жыхарка вёскі Макаршчына спытала ў дэпутата, ці можа пенсія быць меншай за бюджэт пражытачнага мінімуму. Адказ — можа: сёння бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва складае 197 рублёў 57 капеек, а мінімальная працоўная пенсія — 174 рублі 61 капейка.

Адзіную наведвальніцу, якая прыйшла на асабісты прыём, хвалявала вельмі распаўсюджаная праблема — вяртанне грамадзянам банкаўскіх укладаў, зробленых у савецкі час. На жаль, кампенсаваць іх пакуль што ніхто не збіраецца. Але Сяргей Рычардавіч паабяцаў узняць гэта пытанне ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, тым больш што яно на слыху ва ўсіх парламентарыяў.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.