Плюс або мінус?


IMG_5391

У адпаведнасці з пастановай праўлення Віцебскага аблспажыўсаюза, два гады назад Пастаўскаму раённаму спажывецкаму таварыству быў перада­дзены ў арэнду магазін “Родны кут”, размешчаны ў цэнтры Браслава. А ў канцы верасня бягучага года вышэйназванай структурай прынята рашэнне адносна яшчэ 13 гандлёвых прадпрыемстваў суседняга раёна.

Ці дасць новаўвядзенне якую-небудзь карысць пастаўскім кааператарам або, наадварот, яшчэ больш ускладніць іх работу? Адказаць на гэта пытанне мы папрасілі намесніка старшыні райспажыўтаварыства па гандлі Ганну Мечыславаўну Сянько.

— Узяўшы ў арэнду браслаўскі “Родны кут”, мы зрабілі там рамонт, адкрылі кандытарскі цэх, у якім выпякаем вырабы, фірменныя секцыі “Крышталю”, “Камунаркі”, а таксама прадукцыі ўласнай вытворчасці каўбаснага, квасільна-засолачнага цэхаў, грамадскага харчавання. Адным словам, насыцілі запатрабаваным асартыментам, — расказвала Ганна Мечыславаўна. — Браслаўчане і госці горада палюбілі абноўлены магазін і тую прадукцыю, якую вырабляюць нашы перапрацоўчыя комплексы. За першы месяц, а гэта быў жнівень, тавараабарот у “Родным куце” склаў паўтара мільярда недэнамінаваных рублёў (цяперашнія 150 тысяч). Сёлета ў летнія месяцы ён даходзіў да 100 тысяч, у астатнія складае 70-80 тысяч рублёў. Паказчыкі нядрэнныя, але з-за высокага ўзроўню канкурэнцыі разлічваць на прыбытак не прыходзіцца. Таму і не мелі намеру пашыраць у суседнім раёне зону свайго дзеяння. Але давялося. Да гэтага абавязала пастанова аблспажыўсаюза.

У краіне, у тым ліку і на Віцебшчыне, пастаўлена задача ўзбуйнення раённых спажыўтаварыстваў, — працягвала Ганна Мечыславаўна. — Вось нам і перадалі ў арэнду 13 гандлёвых прадпрыемстваў Браслаўскага раёна (усю відзаўскую зону, чатыры кропкі грамадскага харчавання ў райцэнтры і тры на сяле). За месяц да гэтага Браслаўскім раённым выканаўчым камітэтам праводзілася сацыяльнае апытанне жыхароў, і яны выказаліся за тое, каб гандлёвыя прадпрыемствы спажыўкааперацыі былі захаваны. Нашы спецыялісты, і я ў тым ліку, у сваю чаргу праманіторылі стан гэтых прадпрыемстваў. Ён быў здавальняючым, меліся неабходнае абсталяванне, кадры. А вось таварная насычанасць зусім слабая. Магазіны не мелі патрэбнага асартыменту каўбасных і кандытарскіх вырабаў, не гандлявалі мясам і мяснымі паўфабрыкатамі, лікёра-гарэлачнымі і тытунёвымі вырабамі.

Пастаўскія кааператары спрацавалі аператыўна — узяўшы ў арэнду гандлёвыя кропкі, адразу ж насыцілі іх таварамі, запатрабаванымі пакупнікамі. Людзі ахвотна пайшлі ў магазіны і выказваюць арандатарам словы ўдзячнасці. Але не ўсё так бязвоблачна, праблем дастаткова.

— Адна з галоўных — вялікая канкурэнцыя, — адзначыла Г. М. Сянько. — Перададзеную нам відзаўскую зону абслугоўваюць таксама аўтамагазіны “Еўраопта”, Браслаўскага хлебазавода і ААТ “Маяк Браслаўскі”. Гандлёвыя кропкі аддаленыя ад Пастаў — “плячо” дастаўкі тавараў складае 100 кіламетраў. А гэта высокі ўзровень транспартных расходаў.

Не сказаць, што пастаўскія кааператары, якія атрымалі дадатковую нагрузку (асабліва камерцыйны апарат), поўныя аптымізму, але яны робяць усё для таго, каб дабіцца ў рабоце і ў сваім, і ў суседнім раёнах эфектыўнасці. Наколькі гэта магчыма, пакажа час.

Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.