Праверка рэзерву

Спорт

Фота Антона ЧАЛЕЯ: З мячом паўабаронца пастаўчан Аляксей Хмельнік.
Фота Антона ЧАЛЕЯ: З мячом паўабаронца пастаўчан Аляксей Хмельнік.

ФК “Паставы-ПМЦ” — “Газавік” (Віцебск) — 0:2

Каманда з абласнога цэнтра непакоілася за вынік гэтай сустрэчы, бо ў яе складзе былі дыскваліфікаваны тры вядучыя ігракі, не змог гуляць таксама і асноўны распасоўшчык — старшы трэнер ФК “Віцебск” Яўген Чарнухін. Аднак яшчэ большыя кадравыя цяжкасці ўзніклі ў гаспадароў. Па прычыне траўм, занятасці на асноўнай працы і ў ВНУ пастаўчане недалічыліся адразу васьмі вядучых футбалістаў асноўнага складу, якім напярэдадні разграмілі гарадоцкі “Прамень”. Наша каманда згуляла, па-сутнасці, рэзервовым эксперыментальным складам і ў цэлым нядрэнна выглядала на фоне моцнага саперніка.

Толькі ў першыя 15 хвілін больш вопытныя віцябчане валодалі адчувальнай гульнявой ініцыятывай і намаганнямі Андрэя Шаткоўскага правялі хуткі гол. Развіць свой поспех госці не здолелі, гульня выраўнялася, а потым усё часцей сталі небяспечна атакаваць пастаўчане. Нападаючы гаспадароў Яўген Васюковіч двойчы быў блізкі да таго, каб зраўняць лік, а ў адным з эпізодаў мяч пракаціўся за лічаныя сантыметры да штангі. На 41-й хвіліне ён усё ж пабываў у сетцы варот гасцей, але віцебскі суддзя В. Пятрашка ўзяцце варот не залічыў, бо вырашыў, што Ігар Павініч парушыў правілы пры выкананні пенальці.

Пасля перапынку наша каманда прыклала шмат намаганняў, каб адыграцца. Яна не зламалася псіхалагічна, нават калі ў сярэдзіне другога тайма зноў прапусціла крыўдны гол ад форварда гасцей Уладзіслава Ушынскага. У канцоўцы вопытны  “Газавік” з цяжкасцю здолеў захаваць пераможны лік на табло, хоць аднойчы яго варатар Андрэй Лапуноў ліквідаваў “булітны” выхад на свае вароты Я. Ясюковіча, а пазней ужо абаронца віцябчан выбіў мяч з лініі пустых варот.

Нягледзячы на паражэнне ад аднаго з фаварытаў першынства, стараліся і шмат сіл аддалі на полі Лубко (Трошка), Казлоў, Дубін, І. Якаўлеў, Валодзька (Рапалаў), Камі­сарчук, Карага (к), Хмельнік (М. Якаўлеў), Павініч, Я. Грантоўскі, Ясюковіч. Пастаўчане  з 10 ачкамі ідуць на 7-м месцы ў турнірнай табліцы і маюць адну гульню ў запасе. Аднаасобным лідарам стаў ФК “Лепель”, які на выездзе выйграў з лікам 2:1 у сенненскага “Камунальніка”. Праўда, яго могуць абысці палачане (разграмілі дома з лікам 5:2 “Прамень” з Гарадка) з віцябчанамі, якія правядуць яшчэ перанесеную сустрэчу паміж сабой. Нашы суседзі з Глыбокага зноў выйгралі з лікам 3:1 у шумілінцаў. У фінальным раўндзе камандам-удзельніцам засталося згуляць па 3-4 паядынкі.


P.S. Вынік гэтага матча можа быць перагледжаны, бо за віцябчан згуляў футбаліст, заяўлены ў чэмпіянаце Беларусі, а гэта не дазваляецца рэгламентам.


Уладзімір ШЫК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.