Са звычайнага стварае незвычайнае

Общество

IMG_1284

Варапаева, вуліца Горкага, 2. На гэты адрас мы выпадкова ніколі не трапілі б — на самым ускрайку пасёлка, амаль што ў тупіку. Прыехалі па падказцы адной чытачкі газеты. “Загляніце да Філіпавых, — рэкамендавала жанчына, — убачыце прыгажосць. Дарэчы, на нядаўнім свяце вуліцы ад сельскага Савета ім уручылі шыльду “Дом узорнага парадку”.

IMG_1275

Убачылі. І шыльду, і прыгажосць. Спа­дзяёмся, што хоць і не ў поўнай меры, але перададзім яе гэтымі здымкамі. Пра добраўпарадкаванне я раней пісала нямала. Розныя цікавасці даводзілася бачыць, але агароджу з сукоў — ніко­лі. “Голь на вы­думки хитра, — смяецца гаспадар. — Багатыя ўпрыгожваюць свае дамы і двары сайдынгам, пластыкам, каваным жалезам, а я — тым, што ў прамым сэнсе слова валяецца пад нагамі. Працую вальшчыкам лесу ў Дунілавіцкім лясніцтве. Навокал заўсёды дастаткова сукоў, якія непрыгодныя на паліва і па тэхналогіі падлягаюць шынкоўцы. Прыкмячаю арыгінальныя па форме і адкідваю ўбок. І бачыце, якое ім знаходжу прымяненне. Прычым нічога складанага ў гэтым няма: ашкурваю, пакрываю лакам, прымацоўваю сучок да сучка. Усё — на падлозе ў гаражы. Ужо гатовы пралёт са­джу на каменную аснову агароджы. З прылад працы — тапор ды нажоўка”.

IMG_1279

Слухаю Вадзіма Фёдаравіча і разумею, што не ўсё так лёгка робіцца, як ён расказвае. Але для яго фантазіі з дрэвам заўсёды ў задавальненне. Гэта захапленне, напэўна, закладзена ў генах, бо бацька быў адмысловым цесляром. А зараз Вадзім вучыць бачыць незвычайнае ў звычайным свайго шасцігадовага Цімошку.

— На што гэта падобна? — паказвае хлопчыку вершалінку зламанай елачкі, калі ў чарговы раз ідуць па лесе.

— На рожкі.

— А вось той скручаны сучок?

— На змейку.

І прыносяць лясныя знаходкі дадому, разам знаходзяць ім прымяненне. Дзіця выхоўваецца прыкладам, працай (у яго ўжо ёсць свая невялічкая майстэрня), а не камп’ютарам.

У двары дома Філіпавых прыгожая альтанка, арэлі, дах вянчае горды арол. Над калодзежам затрымалася ў далонях рукатворная кропелька вады. А ў думках гаспадароў — новыя планы. Упэўнена, што марудзіць з іх ажыццяўленнем яны не будуць. Прыгажосць захоплівае і натхняе.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота аўтара.   



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.