Удалы другі тайм

Спорт

Атаку пастаўчан пачынае Руслан Зелянкевіч.
Атаку пастаўчан пачынае Руслан Зелянкевіч.

ФК “Шуміліна” — ФК “Паставы-ПМЦ”  — 1:2

Перад выездам у Шумі­ліна пастаўчане афіцыйна апратэставалі вынік папярэдняга дамашняга матча з віцебскім “Газавіком”, бо за віцябчан не меў права гуляць Дзмітрый Саколка. Гэтай восенню ён згуляў за “Маладзечна-ДЮСШ-4” у чэмпіянаце Беларусі, а такія футбалісты не дапускаюцца да абласнога першынства, таму інцыдэнт будзе разбіраць абласная федэрацыя футбола. Ад папярэдняй сустрэчы ПМЦ дома з камандай Шуміліна, якая летась заняла чацвёртае месца, прайшоў месяц. На гэты раз сапернікам прыйшлося гуляць не ў сонечны, як у мінулы раз, дзень, а на раскіслым пасля зацяжных дажджоў, коўзкім газоне.

Больш тэхнічным і абучаным пастаўчанам весці камбінацыйную гульню было няпроста, аднак яны кантралявалі ход паядынку, прабілі шмат штрафных удараў, але гаспадары надзейна абараняліся. У сярэдзіне першага тайма паўабаронца гасцей Ігар Павініч мог адкрыць лік, але паслізнуўся і ў па­дзенні з вострага вугла не адправіў мяч у пустыя вароты. Асноўныя падзеі ў гэтай сустрэчы адбыліся ў апошнія паўгадзіны, калі пастаўчане ўзмацнілі свой націск. Па левым флангу ў прарыў пайшоў нападаючы Яўген Ясюковіч, абыграў некалькі абаронцаў з варатаром шумілінцаў і адправіў мяч у сетку.

Неўзабаве на яго пазіцыю змясціўся рэзервіст Герман Чалей, і апекуны перасталі паспяваць за маладым форвардам. Вопытны Яўген Грантоўскі заўважыў гэта і за 15 хвілін да заканчэння матча аддаў яму вывераную перадачу, а Герман у адзін дотык дакладна прабіў у вугал варот — 0:2. Пастаўчане ўпэўнена давялі сустрэчу да прыгожай перамогі, хоць за 4 хвіліны да фінальнага свістка Андрэй Шантур скараціў розніцу ў ліку і крыху парадаваў сваіх балельшчыкаў. Важныя тры ачкі здабылі на выездзе Лубко, Голубеў, Цітовіч, Дубін, І. Якаўлеў, М. Якаўлеў (Чалей), Зелянкевіч, Карага (к), Я. Грантоўскі (Мінгіновіч), Павініч, Ясюковіч.

Наша каманда з 13 ачкамі ў турнірнай табліцы паднялася на 5-е месца, а калі віцябчанам па вышэйзгаданай прычыне прысудзяць тэхнічнае паражэнне (0:3), то можа стаць і чацвёртай. Дзеючы чэмпі­ён — ФК “Лепель” — захаваў пазіцыі лідара, бо дома з лікам 4:1 разграміў гарадоцкі “Прамень”. Усяго на адно ачко ад лепяльчан адстае “Полацкгаз”, які на выездзе ў Віцебску адолеў “Газавік” з лікам 2:1 і мае адну гульню ў запасе. Пасля буйной дамашняй  перамогі з лікам 5:0 над ФК «Глыбокае» на 3-е месца падняўся сенненскі “Камунальнік”. У пастаўчан ёсць шанцы заваяваць бронзавыя медалі, але для гэтага ім трэба паспяхова правесці тры заключныя матчы сезона з моцнымі сапернікамі.

Уладзімір ШЫК.

Фота Антона ЧАЛЕЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.