Вызначаны пераможца


Л. Л. Касарэўскі ўручае дыплом і падарунак загадчыцы магазіна “Алёнка” Ж. А. Цыунель.
Л. Л. Касарэўскі ўручае дыплом і падарунак загадчыцы магазіна “Алёнка” Ж. А. Цыунель.

У апошнія гады скарачэнне наяўнага грашовага абароту ў краіне з’яўляецца адным з галоўных напрамкаў палітыкі дзяржавы і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Дабіцца яго можна толькі шляхам павелічэння долі безнаяўных разлікаў ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства. Калі дзяржаўныя і прыватныя прадпрыемствы, арганізацыі, установы і іншыя юрыдычныя асобы даўно перайшлі на безнаяўныя разлікі і ацанілі іх перавагі, то насельніцтва ўсё яшчэ не спяшаецца развітвацца з папяровымі грашыма. Асабліва гэта датычыць жыхароў невялікіх населеных пунктаў.

Існуе такая праблема і на Пастаўшчыне. Каб яе вырашыць, Цэнтр банкаўскіх паслуг №230 ААБ “Беларусбанк” рэгулярна заахвочвае сваіх кліентаў — фізічных асоб, якія праводзяць найбольшую колькасць безнаяўных разлікаў. Арганізуе таксама спаборніцтвы сярод гандлёвых аб’ектаў раёна. Так, сёлета правяло спаборніцтва сярод малочных магазінаў горада на найлепшага прадаўца, які рэалізуе тавар за безнаяўны разлік з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак. Пераможца вызначаўся зыходзячы з таго, якога паказчыка тэмпу росту долі безнаяўнага абароту ён дасягнуў за верасень 2017 года ў параўнанні са жніўнем. З шасці ўдзельнікаў найлепшы вынік паказала гандлёвае месца на рынку “Гарызонт”. Яго тэмп росту склаў 124,5%. Другое месца заняў магазін “Алёнка” па вуліцы Крупскай (117,2%), трэцяе — “Малочны рай” па вуліцы Юбілейнай (114,3 %).

Прадаўцы гандлёвага месца Пастаўскага малаказавода на рынку “Гарызонт” В. П. Пашкевіч і А. Т. Русецкая.
Прадаўцы гандлёвага месца Пастаўскага малаказавода на рынку “Гарызонт” В. П. Пашкевіч і А. Т. Русецкая.

Павіншаваць прызёраў і ўручыць ім памятныя дыпломы і падарункі — электрычныя чайнікі і што­дзённікі з сімволікай Беларусбанка — адправіўся  дырэктар ЦБП №230 Л. Л. Касарэўскі. Леанід Леанідавіч пажадаў работнікам прылаўка працягваць нарошчваць аб’ёмы безнаяўных разлікаў і актыўней прапаноўваць пакупнікам разлічвацца за тавары з дапамогай банкаўскіх плацежных картак.

Разлікі ў магазінах — толькі частка безнаяўных аперацый, якія можна праводзіць з выкарыстаннем картак. Іх магчымасці вельмі шырокія. Гэта аплата камунальных паслуг, паслуг мабільнай сувязі, кабельнага тэлебачання, інтэрнэт-правайдараў, аховы, страхавання і іншых, пагашэнне банкаўскіх крэдытаў, папаўненне электронных кашалькоў, перавод грашовых сродкаў у беларускіх рублях з карткі на картку, пералічэнне грошай на ўкладныя рахункі, а таксама магчымасць кантраляваць усе бягучыя выдаткі. Прычым рабіць гэта можна па дыстанцыйных каналах сувязі з дапамогай мабільнага тэлефона і інтэрнэту, трэба толькі падключыць SMS-, інтэрнэт-, М- або ТВ-банкінг.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.