Заўсёды блізкая дарога да матулі


IMG_8480

Месяц таму Часлава Пятроўна Маслоўская захварэла. У бальніцу не лягла, лячылася дома. Адольвалі сумныя дум­кі: як-ніяк 85-ы завяршае. Але ні сыну, ні дачцэ, якія жывуць у Расіі, пра сваё недамаганне не сказала ні слова. І толькі калі паправілася, прызналася, што мела праблемы са здароўем.

Такое яно — мацярынскае сэрца — ахоўваць дзяцей, якога ўзросту яны ні былі б, ад трывог і хваляванняў.

— А дзеці мае ўдалыя, — расказвала жанчына. — Сын Мікалай закончыў Курганскае вышэйшае ваенна-палітычнае авіяцыйнае вучылішча, Маскоўскую акадэмію імя Леніна, ад’юнктуру. Кандыдат гістарычных навук. Выкладаў у лётным вучылішчы, затым — у акадэміі. Калі зволь­ніўся ў запас, заняўся бізнесам у Маскве. Дачка Аня са школьных гадоў расла актывісткай, выступала са сцэны, была вядучай раённых мерапрыемстваў для моладзі, удзельнічала ў рэспубліканскім з’ездзе камсамола. Пасля заканчэння Гро­дзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы працавала ў Гродзенскім абкаме камсамола. Пабывала ў турыстычных паездках у Польшчы, Германіі, Японіі. У адной з такіх замежных паездак пазнаёмілася з хлопцам-расіянінам, за якога пазней і выйшла замуж. Зараз жывуць у горадзе Навашына Ніжагародскай вобласці. Аня працуе дырэктарам музея.

Слухаю Чаславу Пятроўну — і ў чарговы раз пераконваюся, што ў годных бацькоў і дзеці вырастаюць такія ж. З будучым мужам, Рыгорам Міхайлавічам Маслоўскім, яна пазнаёмілася, калі працавала ў калгасе загадчыцай жывёлагадоўчай фермы, а ён быў агентам па нарыхтоўцы малака і мяса. У шлюбе пражылі 56 гадоў, і вось ужо восьмы год, як аўдавела.

— Грыша быў добры і да сям’і, і да людзей, — узгадвала мая субяседніца. — Калі пераехалі ў Паставы, яго назначылі начальнікам пажарнай. На гэтай паса­дзе працаваў з 1958-га па 1987 год. А размяшчалася пажарная часць за сцяной нашай кватэры. Колькі выклікаў было, колькі трывожных начэй! Іншы раз жартавала, што я таксама пажарнік, бо, калі Грыша выязджаў з каравулам на тушэнне пажару, ішла дзяжурыць ля тэлефона.

Сама 33 гады адпрацавала ў швейным атэлье ваенгандлю. Узнагароджана знакамі “Выдатнік сацыялістычнага спаборніцтва” Міністэрства абароны СССР, “Ударнік камуністычнай працы”, медалём “Ветэран працы”, яе фотаздымак занесены ў Кнігу гонару прадпрыемства. “Старалася больш зарабіць, — прызнаецца, — бо плацілі нам па выпрацоўцы. Падрасталі дзеткі, хацелася прыгожа іх апрануць, даць усё неабходнае, калі вучылі­ся ў школе, а пазней — у іншых навучальных установах”.

Часлава Пятроўна Маслоўская ў думках вяртаецца ў мінулае: “У жыцці было шмат і радасці, і смутку. На маіх руках рана, на 62-м годзе, памерла мама. Пахавала свякроў, тату, які пасля смерці маці 25 гадоў жыў разам з намі. Сем гадоў таму не стала Грышы. Успамінаю, як па некалькі разоў хадзіла да яго ў бальніцу, як не хацеў адпускаць мяне ад сябе, а пасля пахавання часта прыходзіў у снах. Яно і не дзіўна — столькі гадоў пражылі!”

Учора Чаславе Пятроўне споўнілася 85. Гады немаладыя, але яна яшчэ рупная. Ідэальныя чысціня і парадак у кватэры, дагледжаны кветнік, працуе і ў са­дзе, на агародзе, трымае курачак. Вечарам, управіўшыся з хатнімі справамі, уключае планшэт і чакае, хто першым выйдзе да яе на сувязь па скайпе: сын, дачка, нявестка, зяць, унучкі? Размаўляюць штодня, і Пятроўна ў курсе ўсяго, што адбываецца ў іх сем’ях. Ну, а ў гэтыя святочныя для яе дні дачка Аня і сын Мікалай не маглі не прыехаць. Колькі б сотняў кіламетраў ні раздзялялі іх ад Пастаў, дарога да матулі заўсёды блізкая.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.