Заўсёды якасна


IMG_7908

У адной палове кабінетаў горача, у другой батарэі ледзь цёплыя. Такое назіралася зімой у нашай установе і не магло не хваляваць. Па парады звярталіся да спецыялістаў і атрымлівалі розныя. Адна з іх — прамыць сістэму ацяплення. Прамылі, але чаканага эфекту не атрымалі. Таму сёлета новы рэдактар сваю гаспадарчую дзейнасць пачала з вырашэння праблемы. Зноў розныя спецыя­лісты выказвалі разнастайныя меркаванні і прапановы. На адной з іх спыніліся. За справу ўзяліся індывідуальны прадпрымальнік Аляксандр Бурак і яго бацька Пётр Францавіч.

Працавалі паралельна — мы выпускалі газету, яны наладжвалі сістэму ацяплення. Вядома ж, заміналі адны другім. Але ніякай раздражнёнасці з боку майстравых людзей не было. Яны працавалі хутка і арганізавана. Ніякіх замінак, не прыселі ні на хвілінку. Пра перакуры ўвогуле не было ніякай размовы — абодва не кураць. І на гутарку са мной згадзілі­ся (не без цяжкасці!) толькі пасля завяршэння работы і праверкі сістэмы. “Нам рэклама не патрэбна, — казалі. — Нас у Паставах ведаюць”.

Асаблівы попыт на паслугі Буракоў быў падчас масавай газіфікацыі райцэнтра. Тады да іх запісваліся на чаргу і чакалі па некалькі месяцаў. Зараз работы менш, але сапраўдныя майстры запатрабаваныя. І не толькі ў прыватным сектары. Рабілі  ацяпленне ў СШ №3 і дзіцячым садку “Спадарожнік”, іншых установах, мянялі водаправод у дзіцячым садку “Рамонак”.

— А чым займаліся, пакуль не пайшлі ў прадпрымальніцтва? — пытаюся ў Пятра Францавіча.

— Таксама сантэхнікай, — адказаў. — Як прыйшоў з арміі, уладкаваўся ў перасоўную механізаваную калону райсельгастэхнікі. Ездзілі па калгасах, займаліся ацяпленнем. Так набыў практыку. Пазней па рабочых візах працаваў у Германіі, Расіі. Добры вопыт ужо мае і сын Саша. Раней, калі сутыкаліся з якой складанасцю, заглядвалі ў інтэрнэт. Зараз у сваёй справе ведаем, напэўна, усё.

— І ніколі не было збояў? — правакую пытаннем.

— Ніхто не скар­дзіўся. Мы стараемся. Сам вучыўся дакладнасці і абодвух сыноў вучыў, каб усё было роўна, акуратна, пад узроўнямер. Яны так і робяць. Лічу, што няправільна навучанага чалавека перавучыць складана.

Прадпрымальніцтва дазваляе праяўляць ініцыятыву, па ўласным меркаванні распараджацца часам. Не было заказаў — займаліся будаўніцтвам дома для Аляксандра і яго сям’і. Працэс расцягнуўся на пяць гадоў, затое ўсё зрабілі самі і так, як хацелі. А колькі сродкаў сэканомілі, якія давялося б заплаціць наёмным рабочым!

Аляксандр — дока не толькі ў будаўніцтве і сантэхніцы, але і ў камп’ютарах, закончыў пяць курсаў універсітэта па спецыяльнасці “Радыёэлектроніка”. Акрамя ўсяго, працуе ва­дзіцелем таксі ў прыватнай кампаніі. Як толькі і хапае часу на ўсё! Вось такія працавітыя і мэтанакіраваныя людзі, як Буракі, і дабіваюцца поспеху.

А рэдакцыйная сістэма ацяплення праверана — усе батарэі грэюць аднолькава добра. Значыць, работа выканана якасна.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота Веранікі Філановіч.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.