Жыццё ўсім паставіла “выдатна”


Выпускнікі 1967 г. в. СШ №1 са сваім класным кіраўніком Маяй Сцяпанаўнай Рагальскай (у першым радзе чацвёртая злева).
Выпускнікі 1967 г. в. СШ №1 са сваім класным кіраўніком Маяй Сцяпанаўнай Рагальскай (у першым радзе чацвёртая злева).

“Ці пазнаеш мяне?” — гэта пытанне было адным з самых распаўсюджаных падчас сёлетняй сустрэчы выпускнікоў 1967 года СШ №1, якая адбылася ў райцэнтры ў верасні. Былых аднакласнікаў пазнавалі не ўсе — многія ні разу не бачыліся пасля апошняга школьнага званка. Можа, таму, хаваючы хваляванне, жартавалі: “Вось і пазнаёміліся наноў”.

Амаль поўным складам “залатыя” выпускнікі сустрэлі­ся ўпершыню. І разам з былым класным кіраўніком Маяй Сцяпанаўнай Рагальскай, якая да восьмага класа выкладала ў іх матэматыку, накіраваліся ў школу. Зараз у гэтым будынку размяшчаецца раённы Цэнтр дзяцей і моладзі, але для іх калідоры і класы цэнтра назаўжды засталіся ў памяці шумнымі ад рознагалосся дзятвы падчас перапынкаў і нязвыкла ціхімі падчас урокаў. Некаторыя ледзь стрымлівалі слёзы, калі праз 50 гадоў пераступілі парог роднай школы, прайшліся па яе лесвіцах і калідорах, заглянулі ў пакоі, дзе калісьці былі іх клас і кабінет дырэктара.

“А памятаеш?”, “Ці працуеш зараз?”, “Як склаўся лёс?”… Гэтыя і іншыя пытанні бясконца гучалі ва ўзрушанай кампаніі, пакуль на гарадской плошчы чакалі тых, хто затрымаўся ў дарозе, каб зрабіць агульны фотаздымак. А пакуль што разглядвалі картачкі школьных гадоў, якія прынеслі амаль усе ўдзельнікі сустрэчы.

І вось клас у зборы. Адпраўляемся на імправізаваны ўрок у “Брыз”. На сценах бара развешана некалькі насценгазет. На іх — фотаздымкі са школьнага і пазашкольнага жыцця. Яны нібы магніт прыцягваюць увагу былых аднакласнікаў, нараджаюць новыя ўспаміны, звязаныя менавіта з гэтым момантам. Гучыць прапанова, каб Мая Сцяпанаўна “выклікала да дошкі” кожнага па чарзе, але пыталася не формулы, рашэнне ўраўненняў альбо доказ тэарэм, а як пражыў жыццё.  

Слухаю і дзіўлюся — амаль усе выпускнікі класа атрымалі вышэйшую адукацыю, рэалізаваліся ў прафесіі. Разам з гэтымі дасягненнямі расказваюць пра сем’і, дзяцей і ўнукаў, іх поспехі. Цікавая і геаграфія пражывання: нехта застаўся ў родным горадзе альбо вярнуўся ў яго пасля таго, як выйшаў на пенсію, значная частка жыве ў сталіцы Беларусі, Віцебску, астатнія — жыхары суседніх Расіі і Украіны.

Каб убачыць школьных сяброў, Уладзімір Дорахаў прыехаў з Днепрапятроўска, пераадолеўшы паўтары тысячы кіламетраў. Ён — кадравы ваенны. Мазамбік, Ангола, Паўночна-Усходняя Азія, Карабах, Сербія, Чачня, Афганістан… — па месцах яго службы можна вывучаць геаграфію. Кар’еру ваеннаслужачага таксама выбралі Аляксандр Пятровічаў, Алег Пташынскі, Віктар Малафееў. Зараз усе — афіцэры ў адстаўцы.

Іван Курдо спяшаўся на сустрэчу ажно з Балгарыі, дзе адпачываў разам з жонкай. У дзяцінстве ён таксама марыў пра афі­цэрскія пагоны, але ў апошні момант перадумаў і падаў дакументы на машынабудаўнічы факультэт Ленінградскага інжынерна-эканамічнага інстытута імя Пальміра Тальяці. Прайшоў шлях ад майстра да гендырэктара прадпрыемства. Зараз на пенсіі, жыве ў Пскове.

Юрый Пястун скончыў школу з сярэбраным медалём, а затым — БДУІР. На яго рахунку многа аўтарскіх пасведчанняў аб вынаходніцтве (абсталяванне, прыборы, звязаныя з вытворчасцю інтэгральных мікра­схем), праца ў канструктарскім бюро, 12-гадовая службовая камандзіроўка ў Эстонію. Інжынерамі сталі Людміла Ісаева, Васілій Кайко, Уладзімір Антух.

Яшчэ адна папулярная прафесія — настаўнік. Яе выбралі Станіслаў Навіцкі, Алена Скурацёнак, Людміла Красоўская, Ірына Вайцюлян. А Людміла Шурпік нават некаторы час выкладала матэматыку ў СШ №3, дзе вучыліся дзеці яе былога класнага кіраўніка.

Тамара Пякарская, Сяргей Качаргін і Валянціна Сталярэўская прысвяцілі жыццё медыцыне. Працоўная біяграфія Аляксандра Лашука звязана з інспекцыяй Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне, якую ён узначальваў шмат гадоў. Ала Касцень шчыравала ў нашым райцэнтры закройшчыцай.

Наталля Сянкевіч была рэдактарам часопіса. Яна, а таксама Мікалай Мілто, Яўгенія Скіляжына, Людміла і Мікалай Голубевы, Уладзімір Лосік і іншыя ўжо пайшлі з жыцця.

Сур’ёзныя расказы раз-пораз перарываліся жартоўнымі ўспамінамі: як ездзілі на сельскагаспадарчыя работы ў калгас, хадзілі ў паходы, арганізоўвалі тэматычныя вечары, гулялі ў футбол, каталіся па Мядзелцы на льдзінах… Успаміналі былых настаўнікаў, хто ў каго спісваў, каму сімпатызаваў.

Жыццёвы экзамен вытрымалі ўсе, за што былы класны кіраўнік і паставіла “выдатна”. Такую ж адзнаку Мая Сцяпанаўна атрымала і ад сваіх вучняў, бо ў вірлівым школьным жыцці заўсёды была з імі разам. У СШ №1 яна адпрацавала 30 гадоў, адправіла ў дарослае жыццё чатыры поўныя выпускі. Але такога ўзорнага і дружнага класа, як гэты, са слоў настаўніцы, у яе не было.

Ідэя правядзення сустрэчы ў такім фармаце належыць Людміле Ісаевай, якая зараз жыве ў Стаўрапольскім краі. Дзякуючы яе апантанасці, ініцыятыўнасці і натхнёнасці, былыя аднакласнікі змаглі сустрэцца, вярнуцца ва ўспамінах у гады дзяцінства і юнацтва, прайсціся па вуліцах роднага горада. Шмат намаганняў да пошуку школьных сяброў праз сацыяльныя сеткі і іншых арганізатарскіх момантаў прыклалі Віктар Малафееў, Людміла Шурпік і іншыя.

На развітанне дамовіліся не губляць сувязі, сазвоньвацца, перапісвацца ў “Аднакласніках” і часцей сустракацца.

Тэкст і фота

Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.